Зелянькевіч Васіль Максімавіч
(30.05.1907-18.03.1970);
Зелянькевіч Ларыса Рыгораўна
(09.10.1908-07.10.2000);
Зелянькевіч Эльвіра Васільеўна
(02.12.1934-02.01.2014).
Пра легендарнага дырэктара былой Пружанскай школы-інтэрната Васіля Зелянькевіча ў свой час неаднойчы пісала наша «раёнка», а таксама абласныя, рэспубліканскія і нават усесаюзныя выданні. Па вопыт да яго з‘язджаліся педагогі аналагічных устаноў. Але прайшоў час — і новыя пакаленні настаўнікаў, пачуўшы гэтае імя, пытаюцца: «А гэта хто?» Я думаю, настаў час нагадаць.
Шлях ураджэнца вёскі Волма, што ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, на Пружаншчыну быў дастаткова доўгім. У сваёй аўтабіяграфіі Васіль Максімавіч піша: “У 1927 годзе я скончыў настаўніцкія курсы ў Мінску і быў накіраваны на працу ў Дрысенскі раён (цяпер гэта Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці). Працаваў настаўнікам, а потым – дырэктарам пачатковай школы. Там сустрэў сваю жонку Ларысу, там нарадзіліся дочкі Галіна і Эльвіра”…
Малады чалавек яшчэ сумняваўся, ці сапраўды яго прызванне — педагогіка, два курсы правучыўся ў Ленінградскім інстытуце журналістыкі і нават працаваў адказным сакратаром рэдакцыі мясцовай газеты. Але з 1938 года В.М.Зелянькевіч — ужо загадчык Дрысенскага райаддзела народнай асветы.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна — і з першых яе дзён педагог апрануў ваенны мундзір. Аб геаграфіі яго баявога шляху яскрава сведчаць медалі: “За абарону Каўказа”, “За вызваленне Белграда”, “За ўзяцце Будапешта”, “За ўзяцце Вены”… За ўмелую арганізацыю дастаўкі боепрыпасаў і ГЗМ падчас наступальных аперацый на рацэ Днестр узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Дзень Перамогі капітан Зелянькевіч сустрэў у Вене. У кастрычніку 1945-га вярнуўся да мірнай працы, быў накіраваны ў Пінск. Працаваў у абласным аддзеле народнай адукацыі, абласным камітэце партыі, у 1952 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве (атрымаў спецыяльнасць выкладчыка гісторыі).
Пінская вобласць была скасавана, і Васіля Зелянькевіча ў 1954 годзе прызначылі ў Пружаны дырэктарам сярэдняй школы №1. Два гады ён працаваў на гэтай пасадзе. Роўна да таго часу, пакуль у нашым горадзе не з‘явілася школа-інтэрнат. Менавіта ў якасці яе дырэктара Васіль Максімавіч знайшоў сваё сапраўднае прызванне.
«Што расказаць пра тату? Ён быў разумным, сціплым чалавекам. Не памятаю, каб у нейкай сітуацыі павысіў голас, але з дзяцінства ацаніла яго чуласць, дабрыню і справядлівасць, — гаворыць Галіна Васільеўна Антонава, афтальмолаг з 45-гадовым стажам, заслужаны ўрач Марыйскай АССР. — Цацкамі ён нас, дзвюх дачок, не песціў, але заўсёды ў матэрыяльна цяжкі час клапаціўся, ці ёсць у нас неабходнае. І заўсёды ў нас было шмат кніжак, газет. Я па газетах і чытаць вучылася.
Пачалася Вялікая Айчыннай вайна — і мы тату не бачылі больш за пяць гадоў. Ён быў на фронце, а мы з мамай эвакуіраваліся і трапілі ў Сталінградскую вобласць, дзе неўзабаве разгарэліся самыя жорсткія баі. Мы атрымлівалі невялікія грошы па татавым атэстаце і цёплыя пісьмы. Калі кашмары вайны скончыліся, мама вывезла мяне і Ірачку з галоднага Заволжжа ва Украіну, у Міргарад. Там і знайшоў нас тата, але яго цягнула ў родную Беларусь…”
Вось так і атрымалася, што ўвесь свой час, клопат, дабрыню Васіль Максімавіч аддаў выхаванцам школы-інтэрната. Яго называлі “другім Макаранкам”, да яго ставіліся, як да роднага бацькі, сіроты пасляваеннага часу. У адну вялікую сям‘ю дырэктар здолеў згуртаваць не толькі дзяцей, але і педагагічны калектыў, абслугоўваючы персанал. У выніку ўсяго праз два гады Пружанская школа-інтэрнат стала лепшай у рэспубліцы сярод устаноў такога тыпу. Васілю Зелянькевічу было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”. У 1960-м ён атрымаў ордэн Леніна.
Беларускі кінарэжысёр Пётр Шамшур у 1958-м зняў дакументальны фільм пра тое, як інтэрнатаўцы вучацца, у вольны час катаюцца на ролікавых каньках і бавяцца на арэлях на зайздрасць вучням іншых школ, працуюць на прышкольным участку, дзяжураць на кухні, усе разам з тортамі і цукеркамі віншуюць імяніннікаў месяца…
У гэтым фільме не было ні слова хлусні. Выпускнікі інтэрната (сабралі тут дзетак не толькі з дзетдамоў, але і з малазабяспечаных і няўдалых сем‘яў — самыя педагагічна цяжкія катэгорыі) сапраўды атрымлівалі і догляд, і паўнавартасную падтрымку, і глыбокія веды і навыкі, якія патрэбны ў самастойным жыцці. З 26 вучняў першага выпуску ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 23 чалавекі. Урачы, настаўнікі, вайскоўцы, інжынеры, юрысты, якія з удзячнасцю ўспаміналі і ўспамінаюць тых, хто даў ім пуцёўку ў жыццё.
Камусьці можа здацца, што гэта – звычайныя пафасныя словы, якія прынята гаварыць з высокіх трыбун. Але так здарылася, што сярод выхаванцаў школы-інтэрната розных гадоў ёсць і мае сябры, і героі газетных публікацый. Паверце, дарагога каштуюць слёзы на вачах сталых паспяховых людей, якія згадваюць, што ў інтэрнаце ўпершыню ўбачылі пасцельную бялізну, упершыню наеліся ўволю, або – яшчэ страшней – упершыню адчулі клопат аб сабе.
“Праўду кажуць у народзе: вялікае бачыцца здалёк. Толькі зараз усведамляеш, як дорага мы абыходзіліся дзяржаве і як рызыкаваў Васіль Максімавіч, калі мяне, студэнтку другога курса, што прыехала ў школу наведаць настаўнікаў, выхавальнікаў, ён прывёў на склад і выдаў распараджэнне памяняць паліто, абутак, выдаць прадметы асабістай гігіены і прадукты. Я вярталася ў інстытут гэтак жа, як іншыя студэнты з роднага дому”, —згадвала ў артыкуле, змешчаным у пружанскай “раёнцы” да стагоддзя з дня нараджэння В.М.Зелянькевіча, яго былая вучаніца, таксама педагог са шматгадовым стажам, Галіна Вазьміцель.
За маштабнай постаццю Васіля Максімавіча неяк у цені аказвалася яго жонка Ларыса Рыгораўна. Але калі зацікавілася яе жыццёвым шляхам, то з некаторым здзіўленнем даведалася, што інтэлігентная сівавалосая жанчына мае два працоўныя ордэны.
Шлях у педагогіку дзяўчына выбрала па прыкладзе свайго бацькі Рыгора Васільевіча Леановіча, які пачынаў як настаўнік вясковага народнага вучылішча ў Веліжскім павеце Віцебскай губерні. У 1927 годзе паехала ў Мінск, дзе вучылася разам з будучым мужам на настаўніцкіх курсах. Атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і ніколі не здрадзіла любімай справе.
Яна вучыла пачаткоўцаў на Віцебшчыне ажно да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А ў ліпені 1941-га выехала з дочкамі Галінай і Эльвірай (дома іх звалі Ліна і Іра) на ўсход, падалей ад вайны, і трапіла ў эвакуацыйны пункт у Сталінградзе. Ларыса Рыгораўна згадвала потым, што ўбачыла мірны прыгожы горад, да якога, здавалася, ніколі не дацягнецца лінія фронту.
Сям‘ю накіравалі для пражывання ў “кавуновую сталіцу” — Быкаўскі раён на левабярэжжы. І хаця праз раку Волгу, як мы ведаем з падручнікаў гісторыі, фашысцкіх захопнікаў не пусцілі, маці з дзецьмі спазналі ўсе цяжкасці жыцця ў прыфрантавой паласе. Тым не менш, нават у гэтых невыносных умовах Ларысе Рыгораўне ўдалося выдатна наладзіць навучанне дзяцей у мясцовых вясковых школах.
Выезд у адносна «сыты» Міргарад не вырашыў усіх праблем. Так, з харчаваннем стала лягчэй, але сказаць, што жылі і там бедна, — не сказаць нічога. Настаўніца хадзіла на заняткі ў гумавых боціках, перавязаных, каб не разваліліся на хаду, вяровачкай. Паліўныя брыкеты для печкі ляжалі ў школьным двары, і ёй дазволілі ўзяць столькі, колькі можа панесці. Яна набрала вялікі мех і неяк выцягнула яго за вароты. Там чакалі Ліна з Ірачкай. Цяжкую ношу раздзялілі на ўсіх і панеслі праз увесь горад дадому…
Калі дэмабілізаваўся муж, Ларыса Рыгораўна, як нітка за іголкай, паехала ў месцы яго новых прызначэнняў: у Пінск, а потым у Пружаны, дзе ёй знайшлося месца настаўніка пачатковых класаў у СШ №2.
Пераезды, цяжкасці, праблемы… Але ўсюды, дзе даводзілася апынуцца, яна ўмела найлепшым чынам арганізаваць вучэбна-выхаваўчы працэс, рабіла сваю справу выдатна. За самаадданую работу і дапамогу фронту педагога ўзнагародзілі медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. У 1947-м яна атрымала нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”. Яшчэ праз два гады яе заслугі былі ацэнены ордэнам “Знак Пашаны”, а ў 1954 годзе — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Вельмі цяжка перажыла Ларыса Рыгораўна выхад на пенсію. Здарылася так, што ў жніўні 1966-га, за пару дзён да пачатку новага вучэбнага года, настаўніцу выклікалі ў аддзел адукацыі і паведамілі, што на яе месца прыйдзе новы работнік.
“Я не ведаю, як яна, якая працавала ўсё жыццё і не магла без школы, перажыла такое, — кажа дачка Галіна Васільеўна Антонава. — Мама заўсёды так чакала першага верасня, для яе гэты дзень быў сапраўдным святам. І вось ён настаў: музыка грае, дзеці з букетамі ў школу ідуць… Яна пабегла ў парк (мы тады ў будынку на тэрыторыі першай школы яшчэ жылі), каб не бачыць усяго гэтага…”
Потым перыядычна яна яшчэ працавала на падменах водпускаў, тым не менш, вольнага часу заставалася шмат. І Ларыса Рыгораўна знайшла сабе занятак па душы — стала ўдзельніцай гарадскога хору ветэранаў “Чырвоны гваздзік”, якім тады кіравала былая выпускніца СШ №2 Таццяна Міса (Кавалевіч), і пакуль дазвалялі сілы, з задавальненнем прымала ўдзел у канцэртах і паездках.
Старэйшая дачка Васіля Максімавіча і Ларысы Рыгораўны Галіна вырашыла не ісці па шляху бацькоў — і паступіла ў медыцынскі інстытут. Малодшая таксама сцвярджала, што зусім не педагогіка яе сапраўднае прызванне. Эльвіра (дома яе называлі ласкава Ірачкай, а пазней і вучні называлі Ірынай Васільеўнай, і хрысцілася яна ў праваслаўнай царкве як Ірына) марыла стаць мастачкай. Паступіць на факультэт кніжнай графікі не ўдалося: і конкурс быў занадта вялікі, і навыкаў у маляванні не хапіла. Так што прызванне «само» знайшло яе: дзяўчына стала студэнткай Гомельскага педагагічнага інстытута. І пасля заканчэння вучобы ў 1957 годзе прыйшла ў школу-інтэрнат выкладаць рускую мову і літаратуру.
Яна аказалася строгай і патрабавальнай настаўніцай, але не толькі гэтым ёй удавалася “трымаць клас”: кожны ўрок быў цікавым, захапляльным. У пазашкольны час вучні займаліся ў створаным Эльвірай Васільеўнай літаратурным гуртку, нават выпускалі рукапісны альманах “Юнацтва”, дзе публікавалі свае вершы і аповеды. Некаторыя з былых інтэрнатаўцаў сапраўды сталі прафесійнымі паэтамі, журналістамі, але падчас вучобы галоўнае было не ў тым, наколькі ўдалымі атрымліваюцца дзіцячыя вершы. Памятаеце, як галоўная гераіня разанаўскага фільма “Іронія лёсу” настаўніца Надзя Шавялёва кажа пра сваіх вучняў: “Я імкнуся вучыць іх думаць”. Выхаванцы Эльвіры Зелянькевіч таксама вучыліся думаць, марыць, разважаць, арыентавацца ў жыцці на лепшыя прыклады духоўнасці і культуры.
А яшчэ былі паходы на веласіпедах і пешшу, і паездкі на спартыўныя спаборніцтвы, і гурток фотасправы са старэнькім фотаапаратам “Змена”, і магчымасць “пакруціць” аўтамабіль “Масквіч” з ласкавай мянушкай “БНАшачка”…
Здаецца, што ўсіх сваіх вучняў за 44 гады бесперапыннай педагагічнай працы (апошнія некалькі гадоў яна выкладала ў СШ №4 “Сусветную мастацкую культуру”) яна памятала па імёнах. Але асабліваперажывала за лёсы тых, першых, інтэрнатаўскіх, да якіх ставілася, як да ўласных дзяцей (да гэтага часу святар Уладзімір Панкавец, былы хлопчык-сірата з Пружанскага дзетдома, называе Эльвіру Васільеўну “мамай Ірай”). І дзеці, калі вырасталі, заставаліся не проста ўдзячнымі і ўважлівымі яе вучнямі, але добрымі сябрамі. У сціплую кватэрку Зелянькевічаў, як матылькі на святло лямпы, доўгія гады зляталіся былыя выпускнікі.
Ірына СЯДОВА. Фота з асабістага архіва Г.В.Антонавай.