Традыцыйна ў рабоце жнівеньскай канферэнцыі прынялі ўдзел педагагічныя работнікі, кіраўнікі ўстаноў дашкольнай, дадатковай, агульнай сярэдняй адукацыі, ветэраны працы, маладыя спецыялісты і, вядома, ганаровыя госці.
Пытанням адукацыі ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Прыярытэтным накірункам з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі, паколькі само жыццё патрабуе адукаваных, прадпрымальных і кампетэнтных асоб. Жнівеньская сустрэча педагогаў — гэта адкрыты дыялог удзельнікаў адукацыйнага працэсу, які кожны год патрабуе новых падыходаў, інавацыйных ідэй, крэатыўных прафесіяналаў. Вопытныя настаўнікі з задавальненнем дзяліліся сваімі напрацоўкамі, падрыхтавалі даклады і прэзентацыі, у якіх адлюстраваны актуальныя напрамкі дзейнасці, накіраваныя на дасягненне пастаўленых задач на перспектыву.
— Цяпер устойлівае развіццё адукацыі з’яўляецца асноўным накірункам, і для далейшага яго развіцця ёсць усе магчымасці. Умацаванне нацыянальнай сістэмы адукацыі будзе магчыма толькі тады, калі кожная навучальная ўстанова будзе разумна спалучаць традыцыйныя і інавацыйныя падыходы да арганізацыі вучэбнага працэсу і навуковай дзейнасці, рабіць свой унёсак ва ўстойлівае развіццё як сістэмы адукацыі, так і грамадства ў цэлым, — падкрэсліла ў сваім дакладзе начальнік аддзела па адукацыі Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Ірына Казарэз. — Настаўнік увасабляе лепшыя якасці беларускага народа, ён нясе адказнасць перад мінулым, сучаснасцю і будучыняй краіны, уплываючы на погляды і перакананні яе грамадзян, выхоўваючы ў кожным дзіцяці асобу, чалавека-патрыёта.
Мерапрыемства праходзіла ў цудоўнай святочнай атмасферы. За шматгадовую, добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Руслан Супрыновіч уручыў Граматы і Падзячныя лісты райвыканкама педагогам нашага раёна, а таксама выказаў цёплыя словы падзякі і пажаданняў усім удзельнікам пленарнага пасяджэння:
— Жнівень зноў сабраў верных, адданых сваёй справе людзей на традыцыйную педагагічную канферэнцыю, якая дае старт новаму навучальнаму году. Мінулы ж быў багатым на важныя для ўстаноў адукацыі падзеі і дасягненні. Безумоўна, усе поспехі і ўзнагароды дзяцей — гэта ацэнка якасці працы настаўніка. І ў першую чаргу выказваю словы падзякі за праведзеную работу, за вопыт і веды, якія вы перадаеце вучням і маладым спецыялістам, якія зусім нядаўна ўступілі на складаны, адказны і ў той жа час займальны педагагічны шлях. Выхоўваючы маладое пакаленне, вы ствараеце будучыню нашай краіны, а значыць упэўненасць у заўтрашнім дні, — зазначыў Руслан Васільевіч.
У гэты дзень у адрас педагогаў гучалі толькі цёплыя і добрыя словы віншаванняў і пажаданняў. Выступаючыя адзначалі высокі ўзровень падрыхтаванасці вучняў, а таксама вялікі ўклад настаўнікаў у навучанне, развіццё і выхаванне падрастаючага пакалення.
Асаблівую ўвагу развіццю сістэмы адукацыі Пружаншчыны надае раённы Савет дэпутатаў. У сваім прывітальным слове яго старшыня Мікалай Кудравец адзначыў:
— Усё лепшае ў чалавеку ад настаўніка. Ён уплывае на погляды і перакананні падрастаючага пакалення, выхоўвае і фарміруе свядомасць цэлай нацыі. І, як паказвае практыка, нашы педагогі — сапраўдныя майстры сваёй справы, прафесіяналы з вялікай літары. З году ў год яны ўдасканальваюць методыкі выкладання, перадаюць назапашаны вопыт маладым спецыялістам. Педагагічны калектыў раёна штогод папаўняецца новымі кадрамі, і сёння ўстановы адукацыі прымаюць энергічных, абаяльных, дасведчаных педагогаў. У новым навучальным годзе пачынаюць свой працоўны шлях восем маладых спецыялістаў.
Каб крочыць у нагу з часам, педагог павінен быць адкрытым для супрацоўніцтва, адрознівацца мабільнасцю, дынамізмам, умець хутка і эфектыўна прымаць рашэнні. Няма сумнення ў тым, што ў навічкоў усё гэта ёсць, і зусім хутка яны даб’юцца прызнання свайго прафесіяналізму, павагі калег, вучняў і выхаванцаў.
Для маладога спецыяліста Паліны Чарэшка гэта першы працоўны год у якасці выхавальніцы дашкольнай адукацыі. Дзяўчына скончыла Ваўкавыскі педагагічны каледж і кажа, што выбрала прафесію па закліку сэрца.
— Для мяне выхавальнік — гэта вядучы чалавек у жыцці дзіцяці, яго настаўнік і сябар, які дапамагае адаптавацца малому ў новых умовах, вучыць яго самастойнасці, прывівае новыя ўменні і навыкі. Я заўсёды хацела працаваць у сістэме адукацыі, асабліва з маленькімі дзецьмі, і вось мая мара здзейснілася. Я планую і далей вучыцца, развівацца, каб як мага больш ведаў даць дзецям.
Для маладых педагогаў вельмі важна ніколі не спыняцца, абавязкова ісці наперад, увасабляць усё задуманае, рэалізоўваць намечаныя планы, вырашаць надзённыя праблемы, будаваць і развівацца, тварыць дабро і быць добрым прыкладам для сваіх вучняў і выхаванцаў.
У гэты дзень ніхто з настаўнікаў не застаўся без увагі. Ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, ад раённага Савета дэпутатаў, а таксама камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ганаровымі граматамі былі ўзнагароджаны лепшыя педагогі Пружаншчыны.
Адзначым, што ў раёне штогод праводзіцца раённая спартакіяда школьнікаў, якая з’яўляецца афіцыйным комплексам спартыўных спаборніцтваў. Яна накіравана на фізічнае выхаванне вучняў, развіццё школьнага спорту. У гэты дзень таксама былі падведзены яе вынікі. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз узнагародзіла дыпломамі і спецыяльнымі кубкамі установы адукацыі, якія занялі 1, 2 і 3 месцы ў спаборніцтве.
Стала добрай традыцыяй за актыўную плённую працу ўзнагароджваць педагогаў ганаровымі граматамі раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Па выніках круглагадовай раённай спартакіяды работнікаў адукацыі старшыня райкама прафсаюза Іван Сачэўка ўзнагародзіў дыпломамі і кубкамі лепшыя каманды і капітанаў каманд, якія занялі прызавыя месцы.
Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі юныя зоркі Пружаншчыны.
Што можна пажадаць настаўніку, педагогу, выхавальніку напярэдадні новага навучальнага года? Напэўна, не страціць цікавасці да любімай справы, бо без жадання выкладаць у гэтай прафесіі рабіць няма чаго. А яшчэ поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, каб не знікла імкненне вучыцца самім, бо без гэтага не навучыш іншых. Няхай сёлета вам удасца рэалізаваць самыя грандыёзныя планы.
Педагагічны калектыў — гэта аркестр, дзе кожны вядзе сваю партыю, а ў цэлым атрымліваецца адзіная мелодыя, і ў гэтым мы пераканаліся. Любіце дзяцей, тады і яны будуць з захапленнем спяшацца ў школу, у дзіцячы сад, чакаць кожнай сустрэчы з вамі і радаваць сваімі поспехамі. Міру і дабрабыту вам і вашым сем’ям, творчых задум і крэатыўных ідэй. І памятайце: непакораныя вяршыні заўсёды наперадзе!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемства тут: https://vk.com/album-23306785_303935003 і https://ok.ru/budni/album/982719494024