Воскресенье, 9 ноября 2025

Педагогі Пружаншчыны, якія ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім педсавеце-2024, падзяліліся меркаваннямі

971

Пачатак новага навучальнага года — гэта заўсёды хвалюючы перыяд не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў. Расстаноўка акцэнтаў, абагульненне актуальных пытанняў, ключавыя аспекты, над якімі трэба працаваць, абазначаюцца, вядома, загадзя. Менавіта з гэтай мэтай праходзяць не толькі педканферэнцыі ў школах і раёнах, але і Рэспубліканскі педагагічны савет.

Увага кіраўніцтва краіны да сферы адукацыі заўсёды была і застаецца вельмі вялікай. Нездарма і ўдзел у педагагічным форуме Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — штогадовая падзея. Усё для таго, каб пачуць ад саміх настаўнікаў тое, што іх хвалюе, убачыць накірункі развіцця, паставіць задачы перад усёй сферай адукацыі.

Сёлета беларускі лідар зрабіў акцэнт на значнасці прафесіі настаўніка і падтрымцы педагогаў. Гаварылі як аб праблемах, так і аб поспехах айчыннай адукацыі, якая за 20 гадоў дасягнула высокага ўзроўню. Але «закасцянець», як часта кажа Прэзідэнт, нельга ні ў адной са сфер жыцця, таму і адукацыйную сістэму будуць і надалей «данастройваць», робячы яшчэ больш якаснай.

Удзельнікамі Рэспубліканскага педсавета-2024 сталі і 10 прадстаўнікоў сферы адукацыі Пружаншчыны на чале з начальнікам аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірынай Казарэз. У склад дэлегацыі ўвайшлі дырэктары сярэдніх школ, дзіцячых садоў раёна, пружанскага каледжа, намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, настаўнікі і выхавацелі. Асноўныя тэзісы педсавета яны ўжо абмеркавалі ў калектывах і разам з калегамі. Мы ж папрасілі падзяліцца думкамі і ўражаннямі ад мерапрыемства з чытачамі «Раённых будняў».


Святлана Станкевіч, дырэктар СШ № 1 г. Пружаны імя ЧБВА:

— Настаўнік быў і застаецца апорай дзяржавы. Пра гэта падчас Рэспубліканскага педсавета гаварыў Прэзідэнт, гэта разумею і я, як педагог і як дырэктар. За 29 гадоў сваёй дзейнасці ні разу не пашкадавала пра свой прафесійны выбар.

Вельмі прыемна, што Кіраўнік дзяржавы неабыякавы да нашай сферы. Як вядома, першая адукацыя Прэзідэнта — педагагічная, таму Аляксандр Лукашэнка прапускае ўсё праз сябе. Асноўны пасыл Рэспубліканскага педсавета: адукацыя — дзяржаваўтваральная галіна. Як дакладна прымеціў беларускі лідар, калі не будзе адукаванай, выхаванай моладзі, не будзе і краіны.

Шмат увагі было нададзена прэстыжу педагагічнай прафесіі. Лічу, што мы, педагогі, павінны паважліва ставіцца да сябе, быць патрабавальнымі да працы, каб адпавядаць высокаму званню «Настаўнік».

Закранулі і тэму аплаты працы педагогаў. Важна, што да 2025 года зарплату работнікаў адукацыі выраўнуюць з сярэдняй па краіне.

Вярнуўшыся ў калектыў, разумею, што сёння выхаваўчы працэс выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі. У гэтым навучальным годзе педагогамі СШ № 1 па-ранейшаму будзе надавацца шмат увагі выхаванню вучняў, іх здароваму ладу жыцця, пытанням самарэалізацыі.

Размова на педсавеце была канструктыўнай, панавала цёплая і душэўная атмасфера. Рада, што мне давялося пачуць з першых вуснаў меркаванне Прэзідэнта, даведацца пра яго пункт гледжання па важных пытаннях сістэмы адукацыі.


Наталля Рэчыц, настаўніца англійскай мовы вышэйшай катэгорыі СШ № 5 г. Пружаны:

— Прыняць удзел у Рэспубліканскім педсавеце з удзелам Кіраўніка дзяржавы для мяне — гэта не толькі вялікі гонар, але і сур’ёзная адказнасць. Перш за ўсё за ўвасабленне ў жыццё тых задач, якія абазначыў Прэзідэнт Беларусі. Упэўнілася асабіста, што беларускі лідар глыбока пагружаны ў пытанні сферы адукацыі, бачыць праблемы і пэўныя недахопы, таму што размова ішла не толькі пра станоўчае, а, перш за ўсё, пра тое, над чым трэба працаваць. Безумоўна, згодна з асноўнымі напрамкамі «дашліфоўкі» сістэмы адукацыі, якія былі абазначаны падчас маштабнай нарады.

Важнейшымі накірункамі развіцця вучня як асобы лічу прывіццё патрыятызму і неабходнасць працоўнага выхавання маладых людзей. Нездарма Прэзідэнт адзначаў, што як мы выхаваем грамадства, такой будзе і дзяржава. Разумею, што хлопцы і дзяўчаты зараз не прывыклі многа працаваць, але наша задача, у тым ліку і мая як класнага кіраўніка, навучыць іх абслугоўваць саміх сябе.

Таксама кадравае пытанне. Канечне, мы не маем права забываць і пра іншыя прафесіі, асабліва сельгаспрофілю, арыентаваць дзяцей і на работу ў важнейшай сферы — АПК.

Яшчэ адзін складнік выхавання — культурная асвета. Безумоўна, выхаваць культурных людзей — агульная задача і бацькоў, і настаўнікаў.

У гэтых накірунках пастараюся выбудоўваць надалей сваю работу. Раней гэта была работа са студэнтамі ў БНТУ, цяпер — з вучнямі. Разам з калегамі надалей пастараемся выклікаць у вучняў цікавасць да алімпіяднага руху, даследчай работы і, канечне, годна вучыць свайму прадмету — замежнай мове.


Вольга Чарнышова, выхавацель дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 5 г. Пружаны:

— Педагагічны савет з удзелам Прэзідэнта лічу важнай падзеяй у маім жыцці. Удзельнічала ў падобным мерапрыемстве ўпершыню. А ў сістэме дашкольнай адукацыі я ўжо больш за 30 гадоў, 25 з якіх — у дзіцячым садзе № 5 г. Пружаны. З задавальненнем працую з дзеткамі — будучыняй нашай краіны. Таму прыемна, што ў Беларусі надаецца столькі ўвагі нашай сферы. Забяспечваецца рэалізацыя прынцыпу «Адукацыя праз усё жыццё». Айчынная адукацыя ўключае ў сябе як працэс навучання, так і выхавання. І ў першую чаргу выхаванне сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. На Рэспубліканскім педсавеце Прэзідэнт вызначыў гэта галоўным напрамкам выхаваўчай работы ўсіх ступеняў адукацыі, пачынаючы з дашкольнай.

Яшчэ адзін з прыярытэтных напрамкаў, на які трэба звярнуць асаблівую ўвагу, — працоўнае выхаванне. Неабходна з ранняга ўзросту развіваць у дзяцей працоўныя навыкі, прывучаць да працы.

Выхавацель закладвае каштоўнасныя арыенціры падрастаючага пакалення, фарміруе правільнае светаўспрыманне, разуменне ўсіх працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве і дзяржаве. Дзеці, якіх мы выхоўваем, будуць вызначаць лёс краіны ў будучым, вырашаць пытанні міру, дабрабыту людзей, функцыянавання эканомікі.

Хацелася б, каб у нашу прафесію прыходзілі маладыя спецыялісты, адукаваныя, выхаваныя, мэтанакіраваныя, улюбёныя ў прафесію, сапраўдныя патрыёты Радзімы. Згодна са словамі Аляксандра Рыгоравіча пра тое, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт.


Галіна Зуй, настаўніца працоўнага навучання (абслугоўваючая праца) кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» СШ № 3 г. Пружаны:

— Рэспубліканскі педагагічны савет стаў чарговым крокам на шляху да развіцця эфектыўнай сістэмы адукацыі, якая зможа падрыхтаваць моладзь да выклікаў сучаснасці і забяспечыць росквіт Беларусі.

Педсавет з удзелам Прэзідэнта чарговы раз паказаў, што ад адукацыі залежаць ключавыя і фундаментальныя каштоўнасці дзяржавы, такія як незалежнасць, працвітанне і існаванне нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожны работнік адукацыі нясе вялікую адказнасць за выхаванне будучага пакалення. Мы павінны даць моладзі не толькі актуальныя веды, але і развіць іх асабістыя якасці, крытычнае мысленне і пачуццё патрыятызму. Але і вучні, у сваю чаргу, павінны ставіцца да школы як да храма — паважаць настаўніка і тыя веды, якія ён дае.

Сістэма адукацыі асабліва важная для краіны, таму што педагогі займаюцца навучаннем і выхаваннем маладога пакалення, падрыхтоўкай будучых спецыялістаў. Зразумела, што і Прэзідэнт надае самую пільную ўвагу гэтай сферы. І ў Год якасці галоўная задача — павышэнне якасці адукацыі на ўсіх ступенях.

Цікава было таксама пачуць, як вырашаюцца пытанні пераемнасці ў працэсе навучання на розных ступенях адукацыі, пытанні будучыні прафесійных класаў і іх развіцця, узаемасувязі школ з ВНУ. Галоўнае, што вынесла для сябе са слоў Прэзідэнта: настаўнік быў і застаецца апорай дзяржавы.


Аксана Собаль, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці — загадчык аддзялення сацыяльнага прытулку СПЦ Пружанскага раёна:

— Наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч, асабліва акцэнтаваў увагу на якасці адукацыі. І гэта актуальна не толькі сёлета, у Год якасці, гэта будзе важна заўсёды. Як прыклад Кіраўнік краіны прывёў падрыхтоўку ўрачоў: калі мы дрэнна навучым, то і спецыяліст будзе дрэнна лячыць. Але ж асновы закладваюцца яшчэ ў дзіцячым садку і школе. Па сутнасці, гэта і ёсць вынік маёй 30-гадовай работы як педагога.

У сацыяльна-педагагічны цэнтр прыйшла не так даўно, напрыканцы 2022-га. Разумею, што ва ўстановах адукацыі ёсць пэўны недахоп сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Аднак становішча паляпшаецца. На маю думку, дадаць да слоў Прэзідэнта няма што. Трэба паляпшаць у сферы адукацыі тое, што ўжо ёсць. Лічу, што мне пашчасціла ўвайсці ў склад дэлегацыі Пружанскага раёна.

Таму навучыць вучыцца — наша задача. І тут усё залежыць ад педагога.

Якраз падчас канферэнцыі адзін з выступоўцаў засяродзіў увагу на тым, што таленавітая моладзь павінна заставацца на Радзіме і прыносіць ёй карысць. Таму заўсёды радуюся поспехам сваіх вучняў. Было вельмі прыемна, калі ўжо падчас жнівеньскай раённай педканферэнцыі ўзнагароды атрымлівалі мае вучні-настаўнікі.

Будзем працаваць на карысць Радзімы і выконваць усё, што ад нас залежыць.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіва педагогаў