Ёсць у адукацыйным працэсе вельмі важнае звяно — настаўнікі працоўнага навучання. Менавіта яны прывіваюць школьнікам практычныя навыкі, тым самым рыхтуючы іх да самастойнага жыцця. Умелыя рукі нават таму, хто ў навуках зорак з неба не хапае, дапамогуць рэалізавацца.
Без малога 45 гадоў настаўнік тэхнічнай працы Шчарчоўскага ВПК Аляксандр Іванавіч Мяркулаў выяўляе ў сваіх вучняў 5-9 класаў схаваныя таленты і накіроўвае іх здольнасці ў патрэбнае рэчышча.
— Весці ўрокі працы — гэта вельмі цікавая і адказная справа. Хлопчыкі — будучыя мужчыны — павінны ўмець усё. Мая задача — прывіць ім любоў да працы, акуратнасць, стараннасць і крэатыўнае мысленне. У будучыні ім трэба будзе адказваць, як мінімум, за дабрабыт сваёй сям’і, — вельмі спакойным, пастаўленым голасам кажа элегантны, статны мужчына.
Калегі невыпадкова называюць яго эталонам інтэлігентнага, працавітага, годнага чалавека, мужа, бацькі. Аляксандр Іванавіч паказвае добры прыклад ва ўсім. І яго вельмі любяць дзеці.
— Нашы заняткі заўсёды праходзяць весела і цікава, — сцвярджаюць хлопчыкі, якіх мы апыталі ў школьным калідоры. — У майстэрні на розных дрэва- і металаапрацоўчых станках мы самі ствараем хай і простыя, але вельмі патрэбныя рэчы.
Зрабіць, напрыклад, табурэтку сваімі рукамі — гэта ж задавальненне. Спачатку сумняваешся ў сваіх сілах, а потым… пачынаеш нават ганарыцца сабой: значыць, рукі на месцы.
Самога настаўніка захапіў працай бацька, які працаваў на сельскагаспадарчай доследнай станцыі і навучыў быць… сапраўдным гаспадаром. Нядзіўна, што пасля заканчэння школы Аляксандр Мяркулаў (родам ён з Калінінградскай вобласці) паступіў у вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, каб асвоіць рабочую спецыяльнасць.
Пасля вучобы пры размеркаванні зрабіў выбар на карысць Брэстчыны.
— Ад Калінінграда да Пінска значна прасцей было дабрацца, чым, напрыклад, да Астрахані або Таржка, — усміхаецца настаўнік. — Пазней лёс закінуў мяне з Палесся на Пружаншчыну.
Некаторы час мужчына працаваў у васьмігадовай школе ў в.Чахец, затым — у Шарашоўскай адукацыйнай установе… Толькі ў 2006 годзе Аляксандр Іванавіч Мяркулаў пераступіў парог Шчарчоўскага ВПК. Адначасова, дарэчы, настаўнічаў і ў Бакунскай школе да самага яе закрыцця ў 2010 годзе.
— Вось ужо 15 гадоў ён не толькі вучыць дзяцей працаваць, але і дапамагае нашай школе сачыць за сваім знешнім выглядам. Любы рамонт у нас не праходзіць без дапамогі настаўніка працы. Стрыманы, скрупулёзны, адказны, ініцыятыўны. Дзе якая паломка здарыцца, умомант наш майстар на ўсе рукі ўсё адрамантуе і наладзіць! — хваліць падначаленага дырэктар школы Любоў Аляксандраўна Чарнак.
— Галоўнае, каб было на чым і з чаго рамантаваць, — падхоплівае рэпліку кіраўніка настаўнік. — Станкі ў нас, дзякуй Богу, у добрым стане. Ды і з пастаўкай сыравіны дапамагаюць прадпрыемствы. Раней на Шарашоўскай мэблевай фабрыцы нейкія абрэзкі бралі, цяпер падтрымліваюць мясцовыя піларамы. Дзякуй і кіраўніцтву школы за рэгулярнае папаўненне класа інструментамі. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што мае вучні не страцяць жаданне працаваць.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік