Понедельник, 28 апреля 2025

Павіншаваць любімых настаўнікаў праз «раёнку» вырашылі выпускнікі-1978 Роўбіцкай СШ

491

46 год прайшло з таго самага часу, калі апошні званок для выпускнікоў 1978 года Роўбіцкай СШ празвінеў у апошні раз. Аднак успаміны аб бесклапотным часе дагэтуль трывожаць душу аднакласнікаў і бязмежная падзяка любімым настаўнікам захоўваецца ў сэрцы. Тым, хто даў пуцёўку ў сталае жыццё 32 хлопчыкам і дзяўчынкам 10 класа.

Каб павіншаваць сваіх настаўнікаў з прафесійным святам, гэтыя самыя выпускнікі, сённяшнія дарослыя людзі, патэлефанавалі ў рэдакцыю з намерам падзяліцца сваімі ўспамінамі школьнага жыцця і праз «раёнку» выказаць словы падзякі свайму нязменнаму класнаму кіраўніку Яўгеніі Аляксандраўне Стасюкевіч і першай настаўніцы Яўгеніі Мікалаеўне Мартысевіч, цёплыя ўспаміны пра якіх захоўваюць усё сваё жыццё. Дарэчы, абедзвюм сёлета споўнілася 80 гадоў.

Яўгенія Аляксандраўна Стасюкевіч.

— Сямігодку я скончыла ў сваёй роднай вёсцы Галоўчыцы Пружанскага раёна, а сярэднюю школу ўжо ў Зеляневічах, — расказвае Яўгенія Аляксандраўна. — З нашага класа пасля сямігодкі ўсе пайшлі працаваць у калгас, а мне з трыма сяброўкамі захацелася ісці вучыцца далей, каб потым паступіць у інстытут. На той час для вясковых дзяцей гэта было вялікае дасягненне. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага інстытута імя Я. Купалы ў 1968 годзе я папрасілася ў Пружанскі раён, на радзіму, і мяне размеркавалі ў Роўбіцк, так я тут і апынулася. У гэтым жа годзе ў школу прыйшло 5 маладых спецыялістаў, таму прывыкаць давялося не мне адной. Тады дзяцей было шмат, каля 500 чалавек, працаваць даводзілася ў дзве змены, далі яшчэ і дадатковую нагрузку арганізатара пазакласнай работы. Адразу ўсё навалілася, але любоў да дзяцей дапамагла пераадолець першыя цяжкасці.ъ

У хуткім часе маладая дзяўчына сустрэла ў Роўбіцку сваё каханне, стварыла сям’ю і засталася тут назаўжды. Разам з мужам Расціславам Іванавічам выгадавала сына і дачку і праз усё жыццё пранесла любоў і адданасць да сваёй справы. Яўгенія Аляксандраўна і зараз з трапятаннем успамінае свой адзіны клас як падарунак лёсу, у якім яна да самага выпуску была класным кіраўніком. Вучні былі дружныя, адказныя, выканаўчыя, да меркавання «класнай» заўсёды прыслухоўваліся, баяліся яе пакрыўдзіць, бо вельмі паважалі.

У 1985 годзе Яўгенію Аляксандраўну назначылі дырэктарам школы, і на працягу 15 гадоў яна ўзначальвала навучальную ўстанову, таму выпуск 1978 года ў яе адзіны і назаўжды.

Ніводны юбілей ці прафесійнае свята не застаюцца без увагі. Кветкі, падарункі, сумесныя вечары сустрэч, доўгія размовы па тэлефоне —гэта тое малое, чым былыя вучні могуць зараз удзячычыць любімым педагогам.

Сустрэча з выпускнікамі.

— Кожнай сустрэчы з настаўнікамі мы чакаем як свята, збіраецца больш паловы класа. У нас было 25 дзяўчынак і 7 хлопчыкаў. Мы і зараз пра кожнага ўсё ведаем, калі патрэбна дапамога, заўсёды даведаемся і ўсе разам дапамагаем. На жаль, шасцёра ўжо пакінулі нас, і так прынята, што першы тост заўсёды ў памяць аб нашых сябрах. Нас раскідала па ўсім свеце, ад Піцера да Брэста, але сабрацца разам па магчымасці знаходзім час, — расказвае адзін з вучняў Васіль Цабрук.

— Наша «класная» — выдатны чалавек і дзіўны педагог. Я прыгадваю, што беларускай мове яна так вучыла, што яе прадмет ведалі ўсе, нават тыя, хто нічога не разумеў, — з усмешкай успамінае Васіль. — Мы стараліся ніколі не падвесці нашу Яўгенію Аляксандраўну, для нас яна была другой мамай. Калі нешта было не так, разбіраліся заўсёды ўнутры класа, каб ніхто не ведаў, а потым было сорамна за нашы ўчынкі і мы хуценька выпраўляліся, — гаворыць Валянціна Тарасевіч (Папко). — Мы заўсёды жылі дружна, як кажуць, у адной звязцы, таму ўсё жыццё памятаем і любім нашых настаўнікаў.

Аб сваёй першай настаўніцы Яўгеніі Мікалаеўне яны таксама заўсёды ўспамінаюць з цеплынёй і пяшчотай, хаця і здаецца, што могуць памятаць сямігадовыя дзеці праз столькі гадоў. У далёкім 1968 годзе яна была зусім маладым педагогам, калі ўпершыню ўзяла за руку тагачасных малых і павяла ў свет новых ведаў. Яны і дагэтуль успамінаюць, як спачатку цяжка даваліся незнаёмыя лічбы і літары і з якой любоўю да кожнага з іх ставілася Яўгенія Мікалаеўна, знаходзіла падыход і дапамагала рабіць нясмелыя крокі ў школьнае жыццё.

Яўгенія Мікалаеўна Мартысевіч.

Лёсы гэтых выдатных педагогаў вельмі падобныя, нават аднолькавыя імёны і ўзрост, і нават клас адзін на дваіх. Яўгенія Мікалаеўна прыехала ў Роўбіцк з Івацэвіцкага раёна. Пасля заканчэння Пінскага педвучылішча атрымала размеркаванне на Пружаншчыну, тут і ўладкавалася. У Роўбіцку пазнаёмілася са сваім мужам Васілём Андрэевічам, нарадзіла дваіх сыноў, завочна скончыла Брэсцкі педагагічны інстытут, і да самай пенсіі засталася вернай любімай справе. Выкладанне ў старэйшых класах Яўгенія Мікалаеўна сумяшчала з пасадай намесніка дырэктара па выхаваўчай, а затым па вучэбнай рабоце і праз 40 гадоў педагагічнага стажу разам з Яўгеніяй Аляксандраўнай пайшла на заслужаны адпачынак.

Настаўнік з вялікай літары! Гэта ўсё пра іх, хто аднойчы абраў прафесію па закліку сэрца, пераступіў парог школы і застаўся ў ёй назаўжды. Не пагнаўся за вялікімі грашыма, не здрадзіў, не сышоў. Гонар і хвала ветэранам педагагічнай працы! І ўсім тым, хто і зараз стаіць ля школьнай дошкі, дае веды, вучыць быць добрымі, сумленнымі, адкрытыі, добразычлівымі…

Дарагія педагогі! Ад імя вашых выпускнікоў віншуем вас з Днём настаўніка! Узносім хвалу за прафесіяналізм, мудрасць і ўменне падабраць ключык да кожнага маленькага сэрца, за шчырую адданасць любімай справе, якая стала сэнсам усяго жыцця. Здароўя, міру і дабрабыту на доўгія-доўгія гады!

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік