Среда, 15 января 2025

Паведамленні пра забастоўку — фэйк. Карэспандэнты на свае вочы пераканаліся, што пружанская «малочка» працуе па раскладзе

905

Прызнацца, чарговыя заклікі да «ўсеагульнай забастоўкі супраць рэжыму» мы нават перастаём заўважаць. Вось і нядаўна пра тое, што ў Беларусі напачатку лістапада нібыта спынілі работу вядучыя прадпрыемствы, даведаліся постфактум, менавіта з «незалежных» рэсурсаў.

Але гэтыя паведамленні ўсё ж прыцягнулі нашу ўвагу тым, што адзін са «змагароў» размясціў інфармацыю пра забастоўку на… Пружанскім малочным камбінаце. У якасці доказу да навіны прыкладзены фотаздымкі. Толькі з імі аўтар прамахнуўся. Справа ў тым, што ён адлюстраваў спецадзенне, якое нібыта засталося незапатрабаваным у работнікаў прадпрыемства ў «забастовачны» дзень. Сярод элементаў паказаны і сінія каскі, але ж, як нам паведаміла кіраўніцтва камбіната, падобных у іх няма. Нават прадстаўнікі абслугоўваючых падраздзяленняў, напрыклад, электрыкі, не маюць касак сіняга колеру.

На самай справе, падобныя сродкі індывідуальнай абароны прымяняюцца на горназдабываючых прадпрыемствах. А яшчэ іх часта выкарыстоўваюць кранаўшчыкі ў шэрагу прыбалтыйскіх партоў. Магчыма, там і здымаў свае ілюстрацыі аўтар навіны? Ці, можа, ён думаў, што на камбінаце ёсць свае шахцёры, а асноўную сыравіну — малако — яны здабываюць «метадам бурэння»? Кароў жа часта называюць «буронкамі», вось і сыраробаў разумнік далучыў да бурыльшчыкаў.

Жарты жартамі, але крыўдна, калі людзей, якія сумленна выконваюць свае працоўныя абавязкі, рыхтуюць прадукт, якім у тым ліку славіцца наш раён, імкнуцца ўцягнуць у нейкія палітычныя гульні. Зразумела, што заказчыкам падобных фэйкаў патрэбна не праўда, а «крэатыўнасць» інфармацыі. І, вядома, хуткасць, з-за чаго на праверку фактаў банальна не хапае часу.

А ці была сапраўды забастоўка? У дзень, калі «незалежныя» рэсурсы распаўсюджвалі фэйкі, на камбінаце ішоў звычайны працоўны дзень. Згодна з бягучай статыстыкай, прадпрыемства вырабіла запланаваны сярэднясутачны аб’ём прадукцыі. Таксама захоўваўся графік адгрузкі заказаў партнёрам. Што і пацвярджаюць гэтыя фотаздымкі, якія былі сапраўды зроблены ў цэхах «малочкі» і на якіх можна пабачыць РЭАЛЬНЫХ работнікаў у РЭАЛЬНЫМ спецадзенні прадпрыемства.

Алег Сідарэнка