Среда, 19 февраля 2025

Паварушылі мазгамі і дапамаглі выхаванцам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. У Пружанах упершыню прайшоў адкрыты турнір для школьнікаў «Ы»

535

На базе сярэдняй школы №4 прайшоў першы адкрыты турнір для школьнікаў «Ы». Гэты турнір — сабрат дабрачыннага турніру «Ў» для дарослых каманд: удзельнікі падтрымалі выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, набыўшы ў іх сувеніры.

Удзел у турніры прынялі каманды з Мінска, Баранавіч, Белаазёрска, Брэста і Пружан. Па-за залікам паспрабавалі свае сілы ў гульні і дзве каманды дарослых: зборная трэнераў і пружанская зборная ўдзельнікаў інтэлектуальных спаборніцтваў «Гульні розуму», якая выступіла пад назвай «Бландзінкі».

Арганізатарамі турніру сталі Андрэй Смаляр (г. Пружаны), Ігар Сячко (г. Мінск) і калектыў пружанскіх аўтараў. У склад журы ўвайшлі: Юрый Ельцоў, дырэктар школы № 4, Віктар Жук (капітан каманды «Міля», якая ўдзельнічае ў «Гульнях розуму») і Ігар Сячко, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Мінска, аўтар і вядучы інтэлектуальнага турніру «Молат Тора».

Турнір складаўся з трох тэматычных блокаў: «Музычны алфавіт», «Свая гульня» і «Што? Дзе? Калі?».

У «Музычным алфавіце» месцы размеркаваліся наступным чынам: 1 — узялі гаспадары пляцоўкі — каманда школы № 4 г. Пружаны «Шэсць звілін», 2 — у каманды з Баранавічаў «Місія невыканальная» і 3 месца — у каманды з Брэста «Трэцяе Ушэсце».

У блоку «Свая гульня» 1 месца дасталася брэсцкай камандзе «Бульба ў дапамогу» (на здымку), 2 — таксама ў Брэста — каманда «Трэцяе Ушэсце». І 3 месца ўзяла пружанская каманда школы № 5 «Бліцкрыг».

У «Што? Дзе? Калі?»: 1 месца зноў у брэсцкай каманды «Бульба ў дапамогу», 2 — у каманды «Трэцяе Ушэсце» і 3-е дасталася камандзе з Баранавічаў «Місія невыканальная».

Прызёрамі ў агульным заліку сярод ювеналаў сталі каманды: 1 месца ў каманды «Бульба ў дапамогу» з Брэста, 2 — у каманды «Баранкі» з Баранавіч і 3 месца ў каманды «Фенікс NEW» з Белаазёрска.

Прызёрамі ў агульным заліку сярод юніёраў сталі наступныя каманды: 1 месца ў каманды «Бульба ў дапамогу», 2 — у каманды «Трэцяе Ушэсце» і 3 месца ў каманды «Місія невыканальная».

Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны аўтар самага смешнага няправільнага адказу і пераможца творчага конкурсу вершаскладанняў.

Вольга Вадзяновіч, фота аўтара

Многа фотаздымкаў з турніру тут: https://vk.com/turnir_y?z=album-174056077_282333707