Суббота, 8 февраля 2025

Патрыятызм і любоў да роднай старонкі трэба даказваць на справе

562

У чужым воку смяцінку бачыць, а ў сваім бервяна не заўважае. Усім добра знаёмая прымаўка, якая, на жаль, ніколі не згубіць актуальнасці і заўсёды будзе на слыху.
Хочацца, канечне, каб гэты свет быў дабрэйшы, каб людзі мелі больш спагады і душэўнай цеплыні. Але ж у любым выпадку сярод нас знойдзецца індывід, якога навакольныя ахарактарызуюць прыблізна так: у сям’і не без… дрэннага чалавека. Мусіць, першапачаткова такая тэндэнцыя закладзена прыродай, каб жыццё малінай астатнім не здавалася.
Для чаго гэтае ўступнае слова? Проста набалела. Але давайце па парадку.

Ніхто з жыхароў раёна, у большасці сваёй, не будзе адмаўляць, што і горад наш прыгожы і ўтульны, і сельскім населеным пунктам удзяляецца значная ўвага па навядзенні там парадку. Зразумела, што ўсё ідэальным быць не можа. І гэта трэба прымаць і разумець. Што мы і робім.

Шкада, што не ўсе. Знойдзецца ж той, хто будзе незадаволены літаральна ўсім, што яго акружае. Мала таго, ён будзе хадзіць па тых жа Пружанах і вышукваць недапрацоўкі, нейкія хібы ў добраўпарадкванні. Пасля абіваць парогі інстанцый са сваімі скаргамі. З аднаго боку, нічога дрэннага тут няма: адказны грамадзянін выступае за парадак вакол і прыгажосць. З другога – ці паспрабаваў гэты «змагар за справядлівасць» хоць раз сам прыкласці рукі для вырашэння чарговай заўважанай ім праблемы? Не і не будзе. Прасцей жа тыкнуць носам у праблему, а самому застацца ўбаку…

Даходзіць, прабачце, да маразму. Для прыкладу возьмем наша КУВП «Камунальнік». Колькі ж нараканняў, у тым ліку са званкоў у рэдакцыю, сыплецца на работу прадпрыемства!  Ёсць і слушныя, ніхто не адмаўляе. Але калі даводзіцца чуць: «Дык калі ж яны прыбяруць лісце каля нашага дома?», «Паглядзіце, якая трава высокая вырасла!», «А каля нашай шматпавярхоўкі крапіва ў пояс па восені!» – хочацца задаць пытанне: няўжо цяжка самім справіцца з гэтым? Куды дзелася ваша грамадзянскае выхаванне? Што, цяжка падгрэбці тое лісце ці каля СВАЙГО ДОМА выдаліць крапіву? Не, лепш крытыкаваць, размахваючы рукамі.

Работнікі камунальнай службы працуюць, шчыра працуюць, і проста фізічна той жа восенню ім складана навесці парадак абсалютна па ўсіх куточках горада. Недзе раней, недзе пазней усё будзе зроблена. Сам асабіста бачыў, як у зімовы перыяд дзяўчаты-дворнікі ўжо ў чатыры гадзіны раніцы (!) шчыравалі на ўборцы снегу. А ў колькі яны падняліся? І гэта можна назваць бяздзейнасцю і неахайнасцю? Дзякуй вам, працаўніцы, за работу ад сумленных грамадзян нашага раёна.

І яшчэ. Калі прапануеш аматару бачыць толькі дрэннае вакол самому што-небудзь зрабіць, так сказаць, праявіць ініцыятыву, у адказ чуеш: «А чаму я? Няхай іншыя!» Дык калі не можаце (не хочаце) самі з той жа крапівой пад сваім домам разабрацца, то і не бярыцеся з іншых патрабаваць гэтага.

Мы працуем, кожны на сваім месцы. І ў нашых сілах зрабіць Пружаншчыну прывабнай для сябе і для гасцей. Менш слоў, а больш справы – і з любой праблемай можна справіцца. Будзьце дабрэйшымі, і людзі да вас пацягнуцца. І помніце: ніколі яшчэ пустое слова не перарасло ў дзейснае вырашэнне праблемы і не прынесла карысць. На справе трэба даказваць свой патрыятызм і любоў да роднай старонкі. Толькі ў такім выпадку вас будуць паважаць і браць з вас прыклад. Вельмі хочацца, каб так і было.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік