Рэспубліканскі аўтапрабег «Сімвал адзінства» прайшоў праз Пружаншчыну 8 кастрычніка. Гэтая акцыя ініцыявана Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Патрыёты Беларусі» і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Стартавала яна яшчэ 12 верасня на Віцебшчыне ў старажытным Полацку. Агульная працягласць маршруту аўтапрабегу складзе 7 тысяч кіламетраў: на аўтамабілях ініцыятары праедуць праз 118 раённых цэнтраў краіны.
На Брэстчыне шлях аўтапрабегу пачаўся 6 кастрычніка, а ўжо праз дзень на мяжы з Івацэвіцкім раёнам нашых патрыётаў гасцінна сустракалі прадстаўнікі Пружаншчыны.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік сказаў, што пружанская зямля рада вітаць «Патрыётаў Беларусі» і прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў і ўручаць ім каравай з зерня новага ўраджаю. Аляксандр Канстанцінавіч адзначыў, што Пружаншчына, на якой жывуць працавітыя і таленавітыя людзі, уносіць вялікі ўклад у скарбонку адзінства, харчовую бяспеку краіны.
Пасля да калоны аўтапрабегу далучыліся прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна і накіраваліся ў Пружаны.
Тут на гарадскіх праваслаўных могілках каля брацкай магілы воінаў, якія загінулі падчас вызвалення Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў мітынг. Удзел у ім прынялі таксама школьнікі і навучэнцы каледжа.
Вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч адзначыў, што сваёй патрыятычнай дзейнасцю актывісты РГА «Патрыёты Беларусі» робяць вялікую справу па ўмацаванні адзінства нашага грамадства, выхаванні падрастаючага пакалення. Руслан Васільевіч уручыў старшыні арганізацыі Мікалаю Зарубіцкаму і яго намесніку Ганне Харута фотаальбом Уладзіміра Ліхадзедава «Пружаны» праекта «Бацькаўшчына», а таксама сімвалічную дэталь будучага гадзінніка, які будзе сабраны падчас фінішавання акцыі ў Мінску.
Расказваючы пра акцыю, Мікалай Зарубіцкі адзначыў, што ў Год гістарычнай памяці больш за тысячу гістарычных месцаў Беларусі (помнікі, мемарыялы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне) будуць аснашчаны інфармацыйнымі лічбавымі таблічкамі з нанесенымі на іх QR-кодамі. Праз іх можна атрымаць звесткі пра кожнае памятнае месца. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб не забылася ні адна падзея тых страшэнных часоў.
Патрыёты ўручылі Руслану Супрыновічу таблічкі, якія будуць устаноўлены ў нашым раёне. Наборы закладак для кніг з адлюстраванымі на іх гістарычнымі падзеямі Беларусі госці перадалі прадстаўнікам навучальных устаноў раёна.
З блаславеннем, з пажаданнямі міру, дабра і святла звярнуўся да ўсіх настаяцель Свята-Праабражэнскага храма г. Пружаны айцец Ігар.
Пасля мінуты маўчання і ўскладання кветак да помніка я папрасіў Ганну Харута пракаментаваць акцыю. Як расказала Ганна Валянцінаўна, падобныя мерапрыемствы паказваюць, як многа ў Беларусі сапраўдных патрыётаў, якія жадаюць дабра і росквіту сваёй краіне.
— Мы клапоцімся пра тое, каб наша падрастаючае пакаленне імкнулася вывучаць гісторыю сваёй краіны, выхоўвалася сапраўднымі патрыётамі, якія не здрадзяць гераічнаму мінуламу, пранясуць праз сваё жыццё любоў да Беларусі.
На мяжы Пружанскага раёна эстафету аўтапрабегу прынялі прадстаўнікі Камянеччыны.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/948454457736