52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь завяршае чарговы этап пошукавага сезона. Гэта адзінае падраздзяленне краіны, якое займаецца пошукам і ідэнтыфікацыяй астанкаў ваеннаслужачых, загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і іншых войн, што праходзілі на тэрыторыі Беларусі. На працягу ўсяго сезона палявыя пошукавыя работы праведзены на 27 аб’ектах у 5 абласцях, 11 раёнах Беларусі. У кастрычніку месцам дыслакацыі стаў Пружанскі раён.
Па ініцыятыве Міністэрства абароны і пошукавай грамадскасці ваенным ведамствам была запушчана рэспубліканская патрыятычная пошукавая акцыя «Беларусь памятае: эстафета памяці». Гэта сімвалічная эстафета ад усходніх да заходніх рубяжоў нашай краіны па маршрутах вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Пружанскім раёне акцыя стартавала 9 кастрычніка ля мемарыяльнага помніка ў в. Аранчыцы. Воіны-пошукавікі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, ваеннага камісарыята, духавенства, члены пошукавай групы «Бацькаўшчына», навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў усклалі кветкі да падножжа манумента і ўшанавалі мінутай маўчання памяць ахвяр фашызму.
— Мы сёння знаходзімся каля помніка загінулым, на якім змешчаны імёны нашых землякоў. А колькі іх яшчэ без вестак зніклых, невядомых, — зазначыў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Корнеў. — Прайшло 79 гадоў як скончылася Вялікая Айчынная вайна, але яе рэха да гэтага часу не заціхае ў людскіх сэрцах. Дагэтуль людзі шукаюць загінулых сваякоў, шукаюць месцы пахаванняў, каб аднавіць сувязь пакаленняў. Вельмі важна, каб нашчадкі ведалі і памяталі сваіх герояў, дзякуючы якім мы зараз жывём пад мірным небам. У рамках акцыі воінамі-пошукавікамі падняты астанкі больш за 100 чалавек, знойдзена 27 медальёнаў і ўдалося ўстанавіць звесткі аб 12 загінулых. Таксама абясшкоджана больш за 50 выбухованебяспечных прадметаў, больш за 1000 патронаў.
Сумесна з 52-м батальёнам у пошукавых работах на працягу 30 гадоў прымае ўдзел грамадскае аб’яднанне «Бацькаўшчына» пад кіраўніцтвам Аляксандра Дударонка. Яны займаюцца папярэднім зборам інфармацыі на мясцовасці, апытваюць жыхароў, працуюць з архіўнымі дакументамі і з нямецкімі трафейнымі аэрафотаздымкамі, выкупляюць фатаграфіі, якія рабілі немцы на захопленых тэрыторыях. Затым ідзе прывязка фота да мясцовасці, і па ўсіх сабраных дадзеных складаюцца інфармацыйныя лісты. І толькі пасля поўнага інфазабеспячэння і супастаўлення дадзеных батальён уключае гэтыя аб’екты ў план палявых пошукавых работ на бягучы год для далейшай адпрацоўкі ўсіх лакацый.
— У 98% раскопак мы вызначаем лакацыю. Прайшло ўжо шмат гадоў, з’явіліся новыя дарогі, на палях бітваў выраслі лясы ці, наадварот, на месцы былога лесу зараз поле, таму ў некаторых выпадках неабходна больш часу. Але тым не менш работа вядзецца і яе вынік відавочны. Гэта асабліва адбіваецца на эмацыйным фоне, калі сустракаемся са сваякамі загінулых або размаўляеш па тэлефоне. Мы міжволі становімся часткай гісторыі асобных сем’яў, паколькі кожную справу прапускаеш праз сябе і кожны знойдзены чалавек становіцца блізкім і родным. За гэты час мы ўжо парадніліся з сотнямі людзей з усёй постсавецкай прасторы, — кажа кіраўнік грамадскага аб’яднання «Бацькаўшчына» Аляксандр Дударонак.
Цяперашні прыезд пошукавікоў на Пружаншчыну звязаны з адпрацоўкай сямі аб’ектаў: у г.п. Ружаны, вёсах Бакуны, Ласасін, Аранчыцы, Паўлава, Чабахі, Чадзель. Палявыя пошукавыя работы праводзяцца па 17 кастрычніка.
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304434476 і https://ok.ru/budni/album/984006707848