Напярэдадні новага навучальнага года работнікі сістэмы адукацыі традыцыйна сустрэліся на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. Гэтае мерапрыемства, арганізаванае сёлета пад знакам Года гістарычнай памяці, адбылося ў аўторак у гарадскім Палацы культуры.

Абмеркаваць вынікі сваёй агульнай справы, падзяліцца з калегамі дасягненнямі ды і проста ўбачыцца, пагутарыць пра надзённае, пашырыць кола знаёмстваў — вось дзеля чаго сабраліся тут педагагічныя работнікі, у тым ліку кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, а таксама маладыя спецыялісты.
Патрыёта трэба гадаваць
Маштабнасць падрыхтоўкі да мерапрыемства сведчыла пра тое, наколькі адказныя, таленавітыя, крэатыўныя работнікі сістэмы адукацыі. Чаго каштавала адна толькі выстава педагагічнага майстэрства, з якой можна было азнаёміцца перад пачаткам пленарнага пасяджэння! Яе шматлікія змястоўныя экспазіцыі, падрыхтаваныя педагогамі школ, дзіцячых садкоў, устаноў дадатковай адукацыі і цэнтра карэкцыі, былі размешчаны ў фае і першага, і другога паверхаў Палаца культуры.

— Кожная з устаноў адукацыі прадэманстравала на выставе свае лепшыя педагагічныя напрацоўкі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення, — зазначыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Святлана Супрыновіч.
Адметна тое, што выстава ўяўляла сабой шэраг інтэрактыўных пляцовак. Канечне, можна было проста «моўчкі» паглядзець тое, што падалося цікавым. А можна было (і на гэта быў зроблены акцэнт) непасрэдна ўключыцца ў працэс азнаямлення з матэрыяламі экспазіцый. Для гэтага многія педагогі не проста расказвалі пра сутнасць і прызначэнне сваіх распрацовак, але і запрашалі «пратэсціраваць» іх.

Выхавальнікі Навазасімавіцкага дзіцячага садка, напрыклад, прапанавалі прайсці камп’ютарную гульню-квэст на салдацкую тэматыку, дзе трэба было злучыць часткі прыказак, скласці рукзак для ваеннага, суаднесці фрагменты тэхнікі з цэлымі карцінкамі. А вось педагогі дзіцячага садка №7 запрасілі «прыгатаваць» беларускія нацыянальныя стравы, галоўнае тут — правільна падабраць карткі з выявамі ўсіх патрэбных інгрэдыентаў.
Гімназісты падрыхтавалі выставу выцінанак, а тым, хто жадаў паспрабаваць свае сілы ў тэхніцы ажурнай разьбы па паперы, давалі практычныя рэкамендацыі.

Намаляваць на паштоўцы салют Перамогі, выкарыстоўваючы ватныя палачкі і фарбы, можна было на майстар-класе ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Таксама тут вучылі складваць трохвугольнікам франтавое пісьмо. Побач мадэлі танкаў, іншай ваеннай тэхнікі, выкананыя з дрэва, дэманстраваў педагог цэнтра Аляксандр Ляшчынскі.

А прадстаўнікі Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю прапаноўвалі паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі: за правільныя адказы на пытанні пра піянерыю можна было атрымаць у падарунак сувенір.
У інтэрактыўнай гульні, якую падрыхтавалі прадстаўнікі Шаняўской школы, удзельнікі павінны былі вызначыць лекавыя расліны на пах або на смак. Цікавай аказалася ідэя з музычным чамаданам: з яго ўдзельнікі гульні даставалі прадметы-асацыяцыі з пэўнымі песнямі ваенных гадоў. Трэба было не толькі здагадацца, якія музычныя творы зашыфраваны, але і выканаць іх.
Своеасаблівай аказалася інтэрактыўная пляцоўка цэнтра карэкцыі. Узяўшы за аснову ўвагу на ідэю пра тое, што Пружаны — гэта горад роўных магчымасцей, прадстаўнікі гэтай установы спецыяльнай адукацыі прапанавалі заданні, пры выкананні якіх давялося апынуцца на месцы дзіцяці з парушэннямі псіхафізічнага развіцця, а потым, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы, вырабіць прыстасаванне для малявання, адаптаванае пад асаблівае дзіця.
Многія ўдзельнікі выставы, да слова, паказвалі свае распрацоўкі, аснашчаныя QR-кодамі для мабільнага доступу да дадатковай інфармацыі. Папулярна цяпер дапаўняць такой функцыяй і інтэрактыўныя гульні, інтэлект-карты, фотаматэрыялы для стэндаў, віктарыны.

Пасля знаёмства з багацейшай па сваім змесце выставай асабіста мне давялося шкадаваць хіба толькі пра тое, што не хапіла часу, каб спыніцца на кожнай пляцоўцы…
Канечне, вопыт, якім са сваімі калегамі дзяліліся ўдзельнікі выставы педагагічнага майстэрства, надзвычай каштоўны. Плённае выкарыстанне яго ў адукацыйным працэсе, несумненна, спрыяе выхаванню грамадзяніна і патрыёта. Дзякуй за вялікую працу нашым знаходлівым і крэатыўным педагогам!
Ключавая фігура ў адукацыі
Наступнай часткай настаўніцкай канферэнцыі стала пленарнае пасяджэнне ў вялікай зале Палаца культуры. Да слова, тэматыка сёлетняй жнівеньскай канферэнцыі прысвечана такім вектарам развіцця сістэмы адукацыі Пружаншчыны, як якасць ведаў, грамадскасць, творчая ініцыятыва.
Да пачатку заслухоўвання дакладаў з прывітальным словам звярнуўся да педагогаў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч:

— Лічу сённяшнюю сустрэчу вельмі важнай, таму што ў гэтай зале сабраліся людзі, ад якасці работы якіх залежыць сацыяльны і эканамічны дабрабыт нашай Пружаншчыны, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Каментуючы вынікі мінулага навучальнага года, старшыня райвыканкама не мог не пахваліць педагогаў і іх падапечных за дасягнутыя поспехі:
— Нашы вучні сталі пераможцамі і прызёрамі чатырох міжнародных, дзесяці рэспубліканскіх і 52-х абласных алімпіяд і конкурсаў, — звярнуў увагу Міхаіл Грышкевіч. — Вялікі дзякуй за вашу працу, за цяпло вашых сэрцаў, за любоў да дзяцей і адданасць справе.
Вядучыя мерапрыемства – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Юлія Куроўская і настаўнік матэматыкі і інфарматыкі СШ №5 Дзмітрый Арабчык — запрасілі на сцэну прадстаўнікоў педагагічнай інтэлігенцыі, якім кіраўнік раёна ўручыў Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама.

У новым навучальным годзе, як падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч, побач з асноўнай задачай — якасць навучання — стаяць мэты маральнага і патрыятычнага выхавання, прафарыентацыі, умацавання здароўя дзяцей і арганізацыі іх вольнага часу.
Падтрымала тэму начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз, якая зазначыла, што на рэспубліканскім педагагічным савеце Кіраўнік дзяржавы паставіў глабальную задачу: знайсці і запоўніць усе прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Пры гэтым педагог — ключавая фігура ў адукацыі.
— Удзельнічаючы ў грамадзянскім і палітычным жыцці краіны, настаўнікі і выхавальнікі падаюць прыклад сваім вучням, і гэты прыклад павінен быць узорам маральнасці і прыстойнасці ў адносінах да краіны і навакольных людзей, — такую думку агучыла Ірына Анатольеўна.
Закранаючы пытанне выхавання дзяцей, Ірына Казарэз падкрэсліла, што асаблівы імпульс дзейнасці ў гэтым накірунку далі мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці.
— І ў новым навучальным годзе гэтая тэма павінна праходзіць праз кожны ўрок або выхаваўчае мерапрыемства, пачынаючы з першага званка, — паставіла задачу начальнік аддзела па адукацыі.

Ірына Казарэз звярнула ўвагу і на тое, што з 1 верасня 2022 года ўступаюць у сілу асноўныя палажэнні новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у якім адлюстраваны два прынцыпы, закладзеныя ў аснову дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, — інклюзія ў адукацыі і абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі.
Ірына Анатольеўна дэталёва прааналізавала дасягненні і недапрацоўкі мінулага навучальнага года, зарыентавала калег на адказнасць і прафесіяналізм у сваёй дзейнасці ў новым навучальным годзе.
Да абмеркавання актуальных праблем далучыліся і іншыя педагогі. Тэму фарміравання асобаснага росту вучняў закрануў дырэктар Мокраўскага ВПК Алег Бзот, а намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №1 г.Пружаны Таццяна Васілінчык агучыла некаторыя аспекты развіцця асобаснага патэнцыялу дзіцяці ў сістэме дашкольнай адукацыі.

Вопытам па рэалізацыі прыярытэтных накірункаў у арганізацыі шостага школьнага дня падзялілася з удзельнікамі мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Вольга Дземасюк. Пра бяспеку ва ўстановах адукацыі раёна і прафілактыку дзіцячай злачыннасці гаварыў на пленарным пасяджэнні начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віктар Клімашэвіч. Эфектыўныя формы і метады работы з вучнямі праілюстраваў у сваім дакладзе кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ №5 Алег Дабрадзей.
Узнагароды — па заслугах
Працягнулася жнівеньская канферэнцыя цырымоніяй ушанавання тых, хто па выніках педагагічнай дзейнасці аказаўся сёлета ў ліку лепшых. Граматы раённага Савета дэпутатаў уручыў настаўнікам Мікалай Кудравец. Ганаровы госць канферэнцыі адзначыў, што яму выпала прыемная задача ўзнагароджваць людзей, з якімі некалі давялося працаваць разам у Магілявецкай школе: Алену Паўлаўну Бычэк, Раісу Аляксандраўну Кокань.

— Радасна ўручаць Грамату і настаўніцы СШ №1 Любові Аляксандраўне Казляк, з якой разам вучыліся ў Брэсцкім універсітэце. Калісьці Любоў Аляксандраўна сказала, што ні дня не стане працаваць у школе, аднак усё жыццё прысвяціла гэтай справе, — падзяліўся сваімі эмоцыямі і ўспамінамі Мікалай Пятровіч.
З атрыманнем узнагарод віншавала калег і начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз. Падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь яна ўручыла Алене Аляксееўне Зубко, культарганізатару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Пружаны. Граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама атрымалі з рук Ірыны Анатольеўны восем таленавітых педагогаў, Ганаровыя граматы аддзела па адукацыі райвыканкама — яшчэ 10 шаноўных прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці.

Васьмёра педагогаў былі адзначаны Ганаровымі граматамі абласнога і раённага камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Уручыў іх старшыня райкама гэтай арганізацыі Іван Сачэўка.
Не абмінулі ўвагай на жнівеньскай канферэнцыі і маладых спецыялістаў — энергічных, разумных, настаўнікаў і выхавальнікаў, якія пры жаданні таксама стануць прафесіяналамі.
Работнікі адукацыі раёна дружна падтрымалі апладысментамі юных дзяўчат, даючы зразумець, што цяпер яны сталі паўнапраўнымі членамі вялікай педагагічнай сям’і раёна. Да маладога пакалення настаўнікаў звярнулася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Ганна Каляда.
— Заўсёды ўсміхайцеся і будзьце ўпэўненыя ў сабе, спакойна прымайце самавыражэнне вучняў, умейце прызнаваць свае памылкі, а ў зносінах з бацькамі памятайце, што дзеці — гэта самае галоўнае ў іх жыцці, — параіла юным педагогам Ганна Васільеўна.
Пазітыву ў душы!
Прыемнай «разгрузкай» пасля завяршэння афіцыйнай часткі нарады стала лаканічная канцэртная праграма з удзелам таленавітых вучняў школ раёна, арганізаваная работнікамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Унікальнасць канцэрта ў тым, што ўсе артысты, якія выходзілі на сцэну, — гэта пераможцы, лаўрэаты разнастайных творчых адукацыйных конкурсаў раённага, абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.

Вядучыя канцэрта — гімназіст Павел Бралко і вучаніца СШ №1 Паліна Скулкіна — запрашалі на сцэну калектыў «Лінькі» (Ліноўская школа), юную чытальніцу Уладзіславу Раманоўскую (Мокраўскі ВПК), спевакоў Івана Папова, Марыю Папову, Дар’ю Велясевіч (СШ №3), Уладзіславу Шчурскую (Ружанскі шматпрофільны цэнтр). Выкананнем аўтарскай песні пад гітару здзіўляла Марыя Мікуцік (ЦТДМ), зачароўвала ігра саксафаніста Міхаіла Бегера (СШ №1). Энергічным і вельмі пазітыўным аказалася выступленне Аліны Скобля і актывістаў піянерскай дружыны з Хараўской СШ. Завяршылі канцэртную праграму выхаванцы Ружанскага шматпрофільнага цэнтра Ульяна Жырмант і Марыя Вішнявецкая, якія выканалі песню з сімвалічнай назвай «Свята».
Няхай жа ў кожнага педагога і ў кожнага дзіцяці хопіць унутраных рэсурсаў на тое, каб на цэлы навучальны год захаваць не абавязкова святочны, а проста пазітыўны настрой!
Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з педагагічнай канферэнцыі: https://vk.com/album-23306785_285860586 і https://ok.ru/budni/album/945937988488