
Канечне, адстойваць свае правы ты можаш і сам, ніхто не забараняе. Але калі адчуваеш, што за цябе гарой стаіць прафсаюзная арганізацыя, якая заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, падказаць выйсце з цяжкай сітуацыі, то смялей глядзіш на гэты свет. Ведаеш, што справядлівасць ёсць, калі трэба, яе будуць адстойваць. Пра гэта і не толькі вялася размова на пасяджэнні савета Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое прайшло ў аўторак на бягучым тыдні і якое сабрала старшынь галіновых прафсаюзных арганізацый нашага рэгіёна.

Традыцыйна спачатку быў абраны прэзідыум, які прызначаны сачыць за ходам мерапрыемства, прымаць заўвагі і парады. У яго былі абраны старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ірына Грышкевіч і старшыня Пружанскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка. Таксама быў агучаны склад падліковай і рэдакцыйнай камісій.

Таццяна Юр’еўна агучыла парадак работы пасяджэння і рэгламент. Першае, што заслухалі прысутныя, — гэта вынікі работы Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў у 2023 годзе і задачы на 2024 год. Таццяна Гаманчук падрабязна расказала аб тым, чым займаліся прафсаюзы Пружаншчыны ў мінулым годзе, якія пытанні вырашалі, на што звярталася асаблівая ўвага. Вялася сапраўды аб’ёмная работа, скіраваная на тое, каб нашым грамадзянам утульна жылося ў сваёй краіне. Гэта і патрыятычныя мерапрыемствы, і ўдзел у штогадовым Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, дабрачынных акцыях, і кантроль за выкананнем працоўнага заканадаўства, і многае-многае іншае. Што да задач на год наступны, то іх, як заўсёды, вельмі многа, але самая галоўная — бачыць чалавека, абараняць яго правы, адстойваць інтарэсы, быць надзейнай апорай падчас вырашэння праблем. І завяршыла сваё выступленне па першым пытанні добрымі словамі Кіраўніка нашай дзяржавы: «Беларусь — гэта наша краіна. Толькі мы самі ведаем, як павінна развівацца дзяржава, толькі мы вызначаем і будзем вызначаць стратэгію гэтага развіцця, толькі мы нясём рэальную адказнасць за сваё будучае».

Набыткамі ў рабоце прафсаюзаў падзялілася старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя «Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы» Ліка Гусак. Па яе словах , арганізацыя павінна рабіць усё, каб гуртаваць калектыў, каб усе работнікі былі аб’яднаны агульнай справай, адчувалі сябе агульным цэлым, а не адзінотнікам. Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца маладым спецыялістам, іх усебакова падтрымліваюць, замацоўваюць за імі вопытных работнікаў, займаюцца патрыятычным выхаваннем. Не на апошнім месцы і культурна-масавая работа. І галоўнае, што ўсе ідэі і пачынанні пад-трымліваюцца і старшынёй Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццянай Гаманчук, і кіраўніцтвам установы аховы здароўя.

На гэтай ноце работа пасяджэння не завяршылася. Патрэбна было абраць дату правядзення другой справаздачна-выбарнай канферэнцыі Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Адзінагалосна было прынята, што пасяджэнне адбудзецца 29 лістапада 2024 года. Таксама наперад быў абазначаны парадак дня наступнай сустрэчы, які складаецца з сямі пунктаў.

Адбыліся змены і ў складзе савета Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. У многіх прафсаюзных арганізацыях на дадзены момант памяняліся старшыні. Таму склад савета абнавіўся, у яго ўвайшло трыццаць чалавек.
Па кожным пытанні былі агучаны праекты пастановы, якія былі адобраны і прыняты.

Што далей? Усё тая ж карпатлівая праца дзеля кожнага беларуса і краіны ў цэлым. Каб кожны з нас быў спакойны за заўтрашні дзень, за сваю сям’ю, сваіх дзетак. За гэта і дзякуем нашым прафсаюзам.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік