Напрыканцы мінулага тыдня, а дакладней, 26 лістапада, адбылося чарговае пасяджэнне Пружанскага райвыканкама, на якім было разгледжана некалькі пытанняў.
Вынікі падведзены, заданні даведзены
Нягледзячы на тое, што разглядалася ўсяго два пытанні, яны вызначалі лепшых у сваёй дзейнасці і давалі накірунак тым, хто крыху здаў свае пазіцыі.
Пра гэта мы даведаліся з даклада начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Ірыны Ліхтаровіч «Аб выніках выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна ў студзені-верасні 2021 года». Ірына Дзмітрыеўна выступіла па першым пункце парадку дня і зрабіла аналіз структур інвестыцый у асноўны капітал, сукупных даходаў у бюджэт, вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, тэмпаў росту прамысловай вытворчасці і многага іншага. Асобна былі прадстаўлены стратныя прадпрыемствы (на жаль, ёсць і такія), якія не змаглі дамагчыся выканання даведзеных заданняў. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў тлумачылі прычыны адставання і шляхі выйсця з такога не вельмі зайздроснага становішча.
Заслухалі выконваючага абавязкі дырэктара ААТ «Рамбуд» г. Пружаны Аляксандра Апалейчука, дырэктара ААТ «Пружанскі кансервавы завод» Юрыя Ракаўца, дырэктара ААТ «Радзіма» Юрыя Жмайліка. Ацэньваючы тлумачэнні кіраўнікоў, хочацца верыць, што цяжкасці на прадпрыемствах часовыя, усё вернецца на трывалыя рэйкі.

Дарэчы, зраблю некаторае адступленне. Я толькі нядаўна даведаўся, што Пружанскі кансервавы завод выпускае такую якасную прадукцыю. Варэнні, кансервацыі, нектары, сокі – і ўсё без дабавак, кансервантаў і іншых лішніх «Е». Нават рашыў паспрабаваць некаторыя вырабы, спецыяльна вышукваў іх у крамах. Сапраўды, усё адпавядае высокім патрабаванням. На жаль, нашыя буйныя гандлёвыя сеткі не вельмі кідаюцца браць гэтую ўсю смакату. Ім лепей танней, каб быў хуткі тавараабарот, астатняе – не турбуе.
Па першым пытанні райвыканкамам было прынята адпаведнае рашэнне, у якім указана, што зрабіць, на што звярнуць увагу, каго абавязаць выправіць недахопы ў рабоце, які за гэтым забяспечыць кантроль.
Прыемнае слова «пераможцы»
Другі пункт парадку дня пасяджэння райвыканкама гучаў так: «Аб выніках раённага агляду-конкурсу машынных двароў, падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да правядзення палявых работ 2022 года». З дакладам па азначаным пытанні выступіла першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Вольга Васютовіч.

Згодна з падведзенымі вынікамі агляду-конкурсу, прызнаны пераможцамі: ААТ «Велікасельскае Агра» – першае месца, ААТ «Ружаны-Агра» – другое, ААТ «Радзіма» – трэцяе месца. Адзначана станоўчая работа па гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы ААТ «Ліноўскае», ААТ «Роўбіцкае», ААТ «Айчына», ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Мурава», ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Пружанскі льнозавод», філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», ААТ «Жураўлінае».
Даведзены шэраг даручэнняў кіраўнікам сельгасарганізацый раёна па пастаноўцы на працяглае захоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі, узмацненні кантролю за тэхнічным станам выпускаемай на лінію сельгастэхнікі, спраўнай светлавой сігналізацыяй, пробліскавымі маячкамі жоўтага колеру, забеспячэнні ўкаранення вопыту лепшых сельгасарганізацый раёна (ААТ «Велікасельскае Агра», ААТ «Ружаны-Агра») па добраўпарадкаванні машынных двароў, рэканструкцыі вытворча-тэхнічнай базы і падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ 2022 года і інш.
Віншуем пераможцаў! Астатніх заклікаем браць з іх прыклад.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік