Напрыканцы мінулага года прайшло сумеснае пасяджэнне райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.
Напачатку пасяджэння начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Бушук абвясціў вынікі агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый (матэрыял пра пераможцаў у сваіх намінацыях газета друкавала ў мінулым нумары). Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч уручыў узнагароды прадстаўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна, індывідуальнаму прадпрымальніку і гаспадару сядзібы. На будучыню заўважыў, што ёсць на каго раўняцца.
Пасля ўрачыстай перайшлі да пленарнай часткі. На сумеснае пася-джэнне райвыканкама і 48 сесіі раённага Савета дэпутатаў былі вынесены пытанні «Аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна на 2024 год» (даклад па ім зрабіла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец) і «Аб праекце бюджэту Пружанскага раёна на 2024 год» (дакладчык — начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Красоўская). Па гэтых пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Пра дзейнасць Пружанскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання ў 2023 годзе і стан спраў на падведамаснай тэрыторыі, план работы на першы квартал 2024 года паведаміў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Мікалай Пятровіч удакладніў, чаму разглядаецца план работы толькі на першы квартал. Справа ў тым, што 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання. Падчас гэтай выбарчай кампаніі будуць абраны і дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Новы дэпутацкі корпус раёна будзе прымаць далейшы план сваёй дзейнасці.
На сесіі таксама быў разгледжаны шэраг іншых пытанняў.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара