Воскресенье, 18 января 2026

Пасяджэнне Пружанскага райвыканкама

275

На чарговым пасяджэнні Пружанскага райвыканкама разглядзелі пытанні: «Аб выкананні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва і якасці аказання паслуг на тэрыторыі Пружанскага раёна», «Аб выкананні плана мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце мер па процідзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію».

Па першым пытанні з дакладам выступіла начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Кудрэйка. Было адзначана, што амаль усе нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў выконваюцца. Асабліва гэта тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, сувязі, транспарту, сацыяльнага абслугоўвання, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Не забяспечана выкананне ўстаноўленых нарматываў сацстандартаў у галіне культуры — па паказу фільмаў у аграгарадках Белавусаўшчына, Калядзічы, Стараволя; у галіне аховы здароўя — па бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара; у галіне фізічнай культуры і спорту — па забеспячэнні аграгарадкоў фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі ў аграгарадках Калазубы і Роўбіцк.

Каменціруючы гэтае невыкананне, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што наспеў час перагледзець нарматывы, бо не ўсе яны адпавядаюць сучаснасці. Напрыклад, ці патрэбна прывозіць фільмы, калі народ у глядзельныя залы не ходзіць? Зараз кожны мае магчымасць, не выходзячы з дому, паглядзець любы фільм. Ці ёсць неабходнасць забяспечваць маланаселеныя пункты стадыёнамі, на якіх няма каму займацца спортам? Ды і немалаважнае пытанне: хто і за якія сродкі будзе іх абслугоўваць? Міхаіл Міхайлавіч таксама канстатаваў факт, што і ў плане забеспячэння грамадскім транспартам не ўсё так адназначна. На шэрагу прыгарадных маршрутаў пасажырапатоку амаль няма. Аднак, нягледзячы на вялікія выдаткі, якія церпіць наш аўтапарк, аўтобусы па іх ездзяць. Таму адпаведным службам было даручана праманіторыць неабходнасць некаторых сацстандартаў і звярнуцца са сваімі прапановамі да дэпутацкага корпусу парламента.

Па другім пытанні даклад зрабіў першы намеснік начальніка Пружанскага раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Семаковіч. Садакладчыкам выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Ірына Салей. Чаму менавіта яна? Справа ў тым, што ў мінулым годзе аднаго з навучэнцаў арыштавалі за абарот наркатычных сродкаў. Адбылося гэта не ў нашым горадзе, ды і родам юнак не з Пружанскага раёна. Але з-за таго, што вучыўся ў нашым каледжы, віна лягла на выхаваўчы калектыў установы адукацыі, а не на бацькоў. Дарэчы, у момант злачынства навучэнец знаходзіўся на амбулаторным лячэнні, нават меў пры сабе лісток непрацаздольнасці.

Як зазначыў Міхаіл Грышкевіч, некаторыя бацькі, якія адправілі сваіх дзяцей на вучобу, думаюць, што на гэтым іх функцыі завяршыліся. Маўляў, там няхай іх выхоўваюць. Такія спажывецкія адносіны да ўстаноў адукацыі неапраўданыя: тут павінны даць дзецям веды, а выхаванне па-ранейшаму — клопат бацькоў.

Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

Віктар Ільюшчанка