Канец сакавіка сабраў нямала жыхароў горада – аматараў паэзіі – на чарговае пасяджэнне клуба «Натхненне». Зала гарадскога Палаца культуры гасцінна адкрыла дзверы тым, хто спяшаецца на сустрэчу з радкамі любімых паэтаў, аўтарскіх вершаў. На гэты раз сваё пасяджэнне клуб праводзіў разам з раённым саветам ветэранаў, формай правядзення выбралі батл, спаборніцтва ў майстэрстве. У падрыхтоўку мерапрыемства нямала працы, умення ўклала Зінаіда Неміровіч.

Натхнёна аматары пісьменства чыталі напамяць вершы Канстанціна Сіманава, Аляксандра Пушкіна, Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, Веранікі Тушновай, Сяргея Астравога, Сяргея Ясеніна. Ад аднаго чытальніка да другога пераходзіла эстафета, адзін быў лепшы за другога. А калі пайшлі гучаць вершы ўласнага сачынення, у зале ўсталявалася такая магнетычная цішыня, што не хацелася варухнуцца, лішні раз уздыхнуць. І праўда, бо гучалі вершы пра любоў да зямлі, да дома, да родных людзей, да маці, пра каханне. Не думайце, што людзі, валасы якіх пасівелі, не кахаюць, што забыліся пра сваё юнацтва. Іскрынкай дагэтуль гараць у памяці тыя асобы і пачуцці.
Падборка вершаў паказала, наколькі тонка адчуваюць паэзію Ганна Хадаровіч, Анатоль Авяркоў, Анатоль Неміровіч, Таццяна Капіца, Людміла Нагорная, Аляксей Радзівончык. Яны з пяшчотай дзяліліся ўражаннямі аб дарагіх момантах жыцця. Святлана Несцерава, як заўсёды, пакарыла чытаннем балады пра цяжкае каханне, Марыя Панкратава і Тамара Юшчук узгадалі класіку. Гучалі не толькі руская і беларуская мовы: Раіса Сураўцава здзівіла чытаннем на італьянскай… Як вынік батла прагучаў верш Ніны Дыдышка «Жизнь берегите, господа!».
Але каго абраць найлепшым? Не атрымліваецца! Лепшымі былі літаральна ўсе. За кубкам гарбаты працягвалася цёплая гутарка, будаваліся планы. Старшыня клуба «Натхненне» Аляксей Радзівончык і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч азнаёмілі з далейшымі тэмамі, паездкамі, сустрэчамі.
Шчаслівай дарогі вам, аматары паэзіі, у свет прыгожага!
Ніна Дыдышка, старшыня прэс-групы раённага савета ветэранаў. Фота з адкрытых крыніц