Пятница, 13 июня 2025

Пасля рамонту адкрылася абноўленае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў (+ многа фота)

547

Мы часта чымсьці незадаволеныя і, бывае, самі ствараем сабе праблемы, прынцыпова не заўважаем сапраўднага шчасця, якое дорыць нам жыццё. Побач з намі, але па сваіх законах, існуе іншы свет. Яго каардынаты не такія недасягальныя, як здаецца на першы погляд. Выбраныя сярод нас – людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны, як ніхто іншы, ведаюць цану кожнаму пражытаму дню, і менавіта з іх нам, здаровым, дарослым і вечна загружаным праблемамі людзям варта браць прыклад.

Кранальная і яскравая падзея адбылася ў мінулы чацвер у пасёлку Сонечны: пасля рамонту было адкрыта абноўленае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.

Тут панаваў сапраўды святочны, урачысты настрой. Не дзіўна: нарэшце ўсе наведвальнікі аддзялення сабраліся разам! Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі сябры маладых людзей з інваліднасцю, дзякуючы падтрымцы якіх і быў зроблены рамонт: намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Наталія Красоўская, святар царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў Валерый Ахрымук і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка.

Пад бурныя апладысменты наведвальнік аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Павел Раеўскі разам з Русланам Супрыновічам і Нэлі Педчанка перад уваходам у аддзяленне перарэзалі сімвалічную стужку . Як жа радаваліся асаблівыя маладыя людзі! Гледзячы на іх сапраўдныя шчаслівыя эмоцыі, мімаволі задаешся пытаннем: ці маю права я наракаць на свае часовыя цяжкасці? Адказ відавочны…

Абноўленае аддзяленне стала выглядаць сучасна. Светлыя падлога, столь, сцены аддзеланы з густам і, у адпаведнасці з сучаснай модай, мінімалістычна. У будынку сапраўды хацелася застацца, прываблівала атмасфера цеплыні і спакою. Але, вядома, адчуванне камфорту ствараў не інтэр’ер, а людзі.

З вяртаннем у родныя пенаты павіншаваў людзей з інваліднасцю Руслан Супрыновіч:

– Я хачу, каб тут вы знаходзілі новых сяброў, кожны дзень праводзілі весела і вярталіся дамоў з думкамі аб гэтым месцы. Усмешак і шчасця вам у гэтым доме.

Намеснік старшыні райвыканкама выказаў таксама падзяку начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Наталіі Красоўскай.

– Дзякуючы спонсарскай дапамозе аддзела, асабістаму ўдзелу і падтрымцы Наталіі Мікалаеўны, мы змаглі зрабіць рамонт. У аддзяленні памянялі вокны, зрабілі новы санвузел, яшчэ ў планах купіць новую мэблю, пэўнае спецыяльнае абсталяванне. Будзем планамерна над гэтым працаваць і дапамагаць вам, – сказаў Руслан Васільевіч.

Ад Беларускага фонду міру Руслан Супрыновіч падарыў аддзяленню электрачайнік.

Слова ўзяла і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Таццяна Шпарла.

– І раней мы з радасцю хадзілі на працу, а зараз будзем сюды проста ляцець. Адчуваецца натхненне, хочацца канчаткова абжыцца і пачынаць тварыць. Шчыры дзякуй усім, хто не застаўся ўбаку, не прайшоў міма нашых праблем. Дзякуй за вашу падтрымку!

Таццяна Васільеўна перадала невялікія падарункі ўсім, хто меў дачыненне да рамонту. Таксама яна ўручыла кожнаму з наведвальнікаў аддзялення падзячныя лісты за актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, а Валерый Ахрымук парадаваў выхаванцаў салодкімі падарункамі.

З нагоды адкрыцця свайго другога дома наведвальнікі аддзялення падрыхтавалі цудоўны канцэрт. Правесці святочную праграму «З дабрынёй у сэрцы» дапамог аўтаклуб раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы разам са спецыялістамі цэнтра.

Сапраўднай зоркай імпрэзы стала Ганна Мацаюк. Дзяўчына падарыла ўсім прысутным цудоўныя музыкальныя нумары: шмат разоў праслуханыя хіты ў яе выкананні гучалі асабліва весела і шчыра. Адчувалася, што тут сапраўднае свята.

Верш «Разам жывуць на вялізнай планеце», з якім выступіла Кацярына Астраўскайтэ, стаў своеасаблівым гімнам сустрэчы, нагадаў, што ў гэтым свеце шмат дабрыні і сардэчнасці, заклікаў не баяцца «іншых» людзей.

Добра падрыхтаваліся і кранальна выступілі з вершамі Маргарыта Краўчук і Сяргей Кажамячанка. Вікторыя Камісарава і Ганна Мацаюк аднайменнай песняй сцвярджалі, што «жыццё не скончыцца заўтра». А жартаўлівая сцэнка «Бабкі-бабулькі» прымусіла ўсіх голасна рассмяяцца. Віноўнікі ўрачыстасці цудоўна ўжыліся ў свае ролі і падарылі прысутным масу пазітыву.

Завяршылася канцэртная праграма выдатным музыкальным нумарам «Пасля дажджу будзе вясёлка» ў выкананні ўсіх выхаванцаў аддзялення.

Свята вяртання ў другі дом удалося на славу! У абноўленым аддзяленні гучала шмат смеху і радасных воклічаў, было многа ўсмешак і паветраных пацалункаў.

Спадзяёмся, што наведвальнікам будзе ўтульна ў новым, прыгожым памяшканні.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фота з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_289581237 і https://ok.ru/budni/album/951983430792