Среда, 15 января 2025

Пасля працяглага перапынку на базе Воднага палаца прайшлі абласныя спаборніцтвы «Старты надзей»

589

Ці гатовы кожны з нас працяглы час крочыць да сваёй мэты і пераадольваць цяжкасці на сваім шляху? Як, напрыклад, гэтыя хлопцы і дзяўчаты.
Больш за сотню юных спартсменаў сабраў у мінулы чацвер трэці этап абласнога турніру па плаванні “Старты надзей” на прызы Беларускай федэрацыі плавання, што прайшоў у басейне Воднага палаца.


Удзельнікі спаборніцтваў – юныя спартсмены з Брэста, Баранавіч, Пінска, Лунінца, Століна, Івацэвіч, Кобрына і, вядома ж, выхаванцы ДЮСШ №2 г.Пружаны — пакуль што не прафесійныя плыўцы. Але ўжо зараз яны – тыя, на каго ўскладваюць надзеі трэнеры, бацькі і блізкія. Магчыма, хтосьці з іх у будучым стане алімпійскім чэмпіёнам і праславіць нашу краіну. Пакуль жа крок за крокам праз штодзённыя трэніроўкі яны ідуць, а дакладней, плывуць да спартыўных дасягненняў.
У праграму чарговага этапу турніру ўваходзіла дзве дысцыпліны. Плыўцы вызначалі лепшага на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем і на такой жа дыстанцыі комплексным плаваннем (батэрфляй, плаванне на спіне, брас, кроль). Спартсмены былі падзелены на дзве ўзроставыя групы: у першую ўваходзілі хлопчыкі 2005-2006 і дзяўчынкі 2007-2008 г.н., у другую – хлопчыкі 2007 г.н. і маладзейшыя і дзяўчынкі 2009 г.н. і маладзейшыя.
Як расказаў галоўны суддзя спаборніцтваў, трэнер-выкладчык ДЮСШ № 2 С.А.Каляда, “Старты надзей” – традыцыйны штогадовы турнір. Звычайна ён пачынаецца ў студзені і складаецца з дзевяці этапаў, якія праходзяць у розных гарадах вобласці. Дыстанцыі, якія неабходна праплыць спартсменам, на кожным этапе таксама розныя.
— Але сёлетні год — незвычайны для турніру, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — З-за пандэміі этапаў менш, апошні раз юныя плыўцы сустракаліся ў лютым у Брэсце. Мяркуецца, што заключны этап адбудзецца толькі ў снежні.


У родных сценах Воднага палаца і на добра знаёмай вадзе ўдача ўсміхнулася выхаванцы Сяргея Каляды Анастасіі Таран.
Насці ўдалося стаць лепшай сярод дзяўчынак 2007-2008 г.н. на дыстанцыі 100 метраў комплексным плаваннем, якую яна праплыла з вынікам 1 мінута 15.34 секунды. Лёгка далася вучаніцы 7 класа Слабадской СШ і стометроўка вольным стылем. Вынік – 1 мін. 06.25 сек. і дыплом 3-й ступені.
Увогуле гэта далёка не першыя ўзнагароды Насці Таран, якая сябруе з плаваннем амаль шэсць гадоў. Але пачыналася ўсё… з фігурнага катання!
– Спачатку, – кажа спарт-сменка, – нават і не думала мяняць лёд на басейн, але з дзяцінства ў мяне былі праблемы са спінай, пачаўся скаліёз. Таму пасля кансультацыі з урачамі бацькі вырашылі аддаць мяне на аддзяленне плавання ДЮСШ № 2.
І не памыліліся! Сёння Анастасія рэгулярна ўдзельнічае і перамагае ў турнірах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сярод самых значных дасягненняў – прызавое месца на міжнародным турніры “Дзіцячая ліга плавання” і перамога ў рэспубліканскім турніры “Super CUP BSUPC”.
Што цікава, заняткі спортам, якія штодзень займаюць па дзве гадзіны, зусім не перашкаджаюць вучобе Анастасіі: у школе яна выдатніца. У будучым дзяўчына хоча паступіць у абласны цэнтр алімпійскага рэзерву, каб потым звязаць сваё жыццё са спортам, стаць трэнерам па плаванні.
—Некаторы практычны вопыт у гэтым атрымаць ужо ўдалося, калі назірала за трэніроўкамі малодшых груп і падказвала дзеткам, як лепш выконваць тыя ці іншыя практыкаванні. Мне гэта падабаецца, таму і цягне да трэнерскай работы. Вельмі хочацца дапамагаць дзецям дасягаць высокіх вынікаў, – дзеліцца Анастасія.
Сваіх жа перамог у дзяўчыны не было б без карпатлівай працы з трэнерам Сяргеем Аляксандравічам Калядой, якому Насця вельмі ўдзячна за цярпенне і падтрымку. Уласным фаварытам сярод прафесійных плыўцоў яна называе сваю цёзку – брэстаўчанку Анастасію Шкурдай. І імкнецца да такіх жа высокіх вынікаў. Спадзяёмся, што і ў нашай спартсменкі ўсё атрымаецца і не раз са спартыўных трыбун мы пачуем імя Анастасіі Таран.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.
На здымках: Анастасія Таран, падчас спаборніцтваў.