Аб асветніцка-місіянерскай дзейнасці святых роўнаапостальных «настаўнікаў славенскіх» — братоў Мяфодзія і Кірыла, дзякуючы якой славянам удалося далучыцца да хрысціянскага свету, захаваць і развіць сваю ўласную ўнікальную культуру, паэзію і філасофію, вядома кожнаму адукаванаму чалавеку. Але ці ведаеце вы, што створаная святымі братамі і іх вучнямі славянская азбука захоўвае ў сабе асаблівае зашыфраванае пасланне да людзей?!
Калі чытаць назвы літар, як звычайныя словы, па парадку размяшчэння, то можна заўважыць, што некаторыя з іх утвараюць закончаныя сэнсавыя фразы. Вось яны:
Аз – «я».
Букі – «літары (рус. буквы), пісьмёны».
Ведзі – ад «ведаць».
Чытаем: «Я ведаю літары».
Глагол – «слова», прычым не толькі сказанае, але і напісанае.
Дабро – «дабро, здабытак, нажытае багацце».
Есць – трэцяя асоба адзіночнага ліку ад дзеяслова «быць».
Чытаем: «Слова — гэта багацце».
Жывеце – загадны лад, множны лік ад «жыць»
Зело – «старанна, са стараннасцю» (параўнайце англійскае zeal – упарты, jealous – руплівы, а таксама біблейскае імя Зелот – «руплівец»).
Зямля – «планета Зямля і яе насельнікі, зямляне».
І (рус. и) – саюз «і».
Іжэ – «тыя, якія, яны ж».
Како – «як», «падобна».
Людзі – «істоты разумныя».
Чытаем: «Жывіце, працуйце старанна, зямляне, як належыць разумным істотам».
Мыслеце – загадны лад, множны лік ад “думаць, спасцігаць розумам”.
Наш – «наш» у звычайным значэнні.
Он – «оны» ў значэнні «адзіны».
Пакой (супакой) – «аснова (светабудовы)», «пакоіцца» — «грунтавацца на чым-небудзь».
Чытаем: «Спасцігайце наш сусвет».
Рцы – загадны лад: «кажы, чытай услых, рабі прамову».
Слова – «якое перадае веды».
Цвёрда (рус. твёрдо) – «упэўнена, пераканана».
Чытаем: «Нясі веды ўпэўнена».
Ук – аснова ведаў, дактрына, «навука, вучыць, навык».
Ферт – «апладняе».
Хер – «боскі, дадзены з неба» (параўнайце: ням. herr – спадар, Бог; грэч. «херэ» – радуйся і «хір» – рука; англ. hero – герой; бел. – герой). Звязаная этымалагічна і са словам «херувім» (у хрысціянстве – другі анёльскі чын), сёння гэтая святая літара, да ўсеагульнага сораму, выкарыстоўваецца ў якасці нецэнзурнага слова.
Чытаем: «Веды — дар з рук Бога».
Цы — «тачы, пранікай, унікай, мацуйся».
Чэрвь (чэрве) – аднакарэнныя словы з “чырванёны” (чырвоны). У Святым Пісанні яно пазначае агонь. Але агонь незвычайны, цалкам не вядомы людзям, які ў свой час аддзеліць праведнікаў ад грэшнікаў.
Ша і Шта (Ш і рус. Щ) — «што» ў значэнні «каб».
Ъ, Ь (ер/ерь) – варыянты адной літары, нявызначанага кароткага галоснага, блізкага да «э».
Юс (юс малы) — «святло, ясны».
Яць (яці) — «спасцігнуць, мець».
Чытаем: «Адважвайцеся, унікайце, каб Існага (Бога) святло спасцігнуць».
Заўважым, што фраз сем, а з усіх магчымых сімвалічных (не магічных!) значэнняў лічбы “сем” найважнейшым з’яўляецца адпаведнасць сямі таінстваў (сакраментаў) Царквы, у якіх чалавек атрымлівае ўсе жыватворныя сродкі для паўнаты свайго жыцця.
Больш за тое, пры вертыкальным (а таксама па дыяганалі зверху ўніз і злева направа) прачытанні літар, мы знаходзім новыя, не менш дзіўныя, тэксты. Агульны меседж гучыць так: “Маё жыццё, як думка, адзетая ў гук, якая імкнецца да гармоніі, драбнюткая часціца розуму ў сусвеце”.
У кожнай літары схавана бясконцая інфармацыя.
Ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Са старажытных часоў у праваслаўным набажэнстве выкарыстоўваецца азбучная сістэма лікавых кодаў – кожная літара мае сваё лікавае значэнне. Напрыклад, А —1, Д — 4, С — 200 і г.д.
Як бачым, стваральнікі азбукі ўмудрыліся самі літары ператварыць ва ўнікальнае вучэбнае настаўленне, неабходнае для выратавання душы чалавечай і адрасаванае не толькі дзецям, якія пачалі вывучаць азбуку, але і дарослым.
Падрыхтавала Алена Зялевіч