Воскресенье, 19 января 2025

«Паштовы эксперымент» у Пружанскім раёне: меркаванні нашых падпісчыкаў і адказ начальніка ўчастка паштовай сувязі

325
Рэпліка падпісчыка

— Помню, у 70-я гады прыязджаў у Мінск да цёткі сваёй. У той час адну з газет, што яна выпісвала, паштальёны дастаўлялі з 7 да 8 гадзін раніцы. Уяўляеце?

Не, я зусім не прэтэндую на тое, каб газета «Раённыя будні», выпісваю якую ўжо вельмі даўно, з’яўлялася ў маёй паштовай скрыні гэтак жа рана. Звычайна ж атрымліваў сваю газетку па серадах і суботах з 10.30 да 11.00… Ды толькі было гэтак да нядаўняга часу, пакуль не пачаўся дзіўны «паштовы эксперымент» у Пружанскім раёне, у выніку якога… зніклі паштальёны.

Іх абавязкі цяпер выконваюць работнікі аўтадастаўкі. Нам абяцалі, што так будзе лепш: маўляў, пошта будзе дастаўляцца аператыўней, фізічная нагрузка на паштальёнаў зменшыцца. Што ж, здавалася б, гэта даволі разумна і, галоўнае, выгадна. Ды толькі каму? Як паказвае час, дакладна не нам, падпісчыкам.

Што ж мы маем? Газету можна дачакацца цяпер пасля 15.00, а іншы раз толькі ўвечары… Вось вам і аператыўнасць!

Са званка ў рэдакцыю.

Крыху іншы погляд на сітуацыю выказвае яшчэ адзін наш падпісчык.

— Мне газета прыходзіць яшчэ да абеду, і на час яе дастаўкі ў мяне нараканняў няма. Ды толькі аднойчы давялося перажыць сапраўдныя прыгоды, звязаныя з «раёнкай».

Са звычайнымі паштальёнамі такога ніколі не здаралася: газета даходзіла заўсёды. А тут… У адну з субот газету так і не атрымаў. Чакаў. Ажно да серады. Спадзяваўся, што ў гэты дзень прывязуць адразу два выпускі. Але і ў сераду нічога не было! Вось тады і пачаў дазвоньвацца на пошту, каб высветліць, што здарылася. У выніку дапамагла рэдакцыя «Раённых будняў». Яе работнікі завезлі на пошту два выпускі «згубленай» газеты з просьбай паўторна даставіць іх мне. Стала зразумела, што завезці іх работнік паштовай аўтадастаўкі зможа толькі на наступны дзень, у чацвер (так і было зроблена). Таму, каб я атрымаў газету, як і належыць, у сераду, работнікі рэдакцыі яшчэ і асабіста ў гэты дзень даставілі суботні і серадоўскі нумары на мой адрас.

Калі ж вось так даводзіцца ледзь не шчыпцамі выцягваць свае экзэмпляры «раёнкі», то навошта яе наогул выпісваць? Ды, дзякуй Богу, цяпер пакуль газета даходзіць спраўна…

Са званка ў рэдакцыю.

Што ў адказ?

У апошні час у галіне паштовай сувязі адбываюцца кардынальныя змены. Гэта звязана з імклівым развіццём інфармацыйных тэхналогій, а таксама з дэмаграфічным становішчам у краіне. Попыт на паштовыя паслугі стаў меншым і мае тэндэнцыю да далейшага зніжэння.

У горадзе Пружаны функцыянуюць чатыры стацыянарныя аб’екты паштовай сувязі. Да жніўня бягучага года дастаўка пошты і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўлялася з трох даставачных аб’ектаў.

Існуючыя тэндэнцыі памяншэння аб’ёмаў работ, якія выконваюцца паштальёнамі на даставачных участках, а таксама неабходнасць зніжэння затрат прадпрыемства і росту прадукцыйнасці працы прывялі да неабходнасці змянення і ўдасканалення падыходаў да арганізацыі спосабу дастаўкі пошты ў горадзе.

З улікам вышэйпрыведзеных фактараў быў распрацаваны праект па арганізацыі даставачнай службы ў горадзе Пружаны з выкарыстаннем аўтамабіляў, і з 26 ліпеня 2023 года пачалася рэалізацыя гэтага праекта. Дастаўку паштовых адпраўленняў і друкаванай прадукцыі сталі ажыццяўляць вадзіцелі, якія сумяшчаюць абавязкі паштальёна, пры гэтым увесь пералік паслуг, якія аказваюцца на даму, гэтыя работнікі прадастаўляюць у поўным аб’ёме.

Вадзіцель-паштальён аснашчаны апаратна-праграмным комплексам, які дазваляе аказваць паслугі ў рэжыме «анлайн». Такія паслугі, як афармленне падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і прыём плацяжоў праз АІС «Разлік» у АРІП, прыём і выдача паштовых адпраўленняў і грашовых пераводаў, выплата пенсій і дапамог, рэалізацыя тавараў спажывецкага попыту і паштовай прадукцыі, аказваюцца мабільным паштальёнам на ўзроўні стацыянарнага аб’екта паштовай сувязі. Сёння з дапамогай мабільнага тэрмінала ажыццяўляецца абслугоўванне кліентаў з дапамогай банкаўскай плацежнай карткі.

Абслугоўванне праводзіцца з захаваннем нарматываў дзяржаўнага сацыяльнага стандарту па абслугоўванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь у галіне паштовай сувязі — адзін раз у дзень не менш як пяць дзён у тыдзень.

Дастаўка друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і паштовых адпраўленняў, якія падлягаюць дастаўцы, паведамленняў аб паступленні паштовых адпраўленняў, якія рэгіструюцца, простых і заказных паведамленняў па адрасах атрымальнікаў ажыццяўляецца на працягу рабочага дня паштальёна. Канкрэтны час дастаўкі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і паштовых адпраўленняў дзеючымі нарматыўнымі дакументамі не рэгламентаваны.

Пры гэтым трэба адзначыць, што на час дастаўкі ўплывае колькасць паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, як правіла, гэта нагрузка не раўнамерная, адпаведна, і час дастаўкі розны.

Дастаўка пенсій і дапамог ажыццяўляецца ў дату дастаўкі, з панядзелка па суботу, а калі пенсіянер адсутнічаў дома, пенсію ён можа атрымаць у любым аддзяленні паштовай сувязі Рэспублікі Беларусь да 26 чысла бягучага месяца.

На сённяшні дзень для павышэння якасці абслугоўвання праводзіцца аналіз нагрузкі па даставачных участках у новых умовах, усе водгукі і прапановы нашых карыстальнікаў паслуг мы разглядаем і планамерна будзем удасканальваць працэс аказання паслуг.

Таццяна Ільяшэвіч, начальнік Пружанскага ўчастка паштовай сувязі.

Усе фотаздымкі носяць ілюстрацыйны характар.