
80-годдзе Вялікай Перамогі — гэта не толькі святочныя мерапрыемствы і парады. Гэта нагода перадаць маладому пакаленню праўду пра вайну, цану міра, пра тое, што такое сапраўдны патрыятызм. Мы абавязаны захаваць памяць, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся.
Раённым саветам ветэранаў вядзецца вялікая работа па зборы і абагульненні матэрыялаў пра ўдзельнікаў і інвалідаў вайны, якія пражываюць або жылі на тэрыторыі Пружанскага раёна.
Нямала нашых землякоў ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, былі прызваны ў дзеючую армію пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але Вялікая Перамога кавалася не толькі на фронце. Многія мужчыны, жанчыны і нават падлеткі змагаліся з ворагам і падчас акупацыі. Партызанскі рух і падпольная дзейнасць на Пружаншчыне — адна з яркіх старонак усенароднай барацьбы беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І савет ветэранаў значную ўвагу надае захаванню памяці і пра гэтыя падзеі. Тым больш, што яшчэ ёсць людзі, здольныя расказаць пра іх, што называецца, ад першай асобы.
У разгортванні ўсенароднай партызанскай вайны велізарнае значэнне мела нябачная работа партызанскіх сувязных. Яны дапамагалі добраахвотна, штодня рызыкуючы сваім жыццём, а таксама родных і блізкіх. І гэта ўжо было подзвігам. Што пацвярджае гісторыя падпольшчыка — сувязнога партызанскага атрада імя Кірава Паўла Новікава.
Павел Афанасьевіч пачаў дапамагаць партызанам 13-гадовым падлеткам. З першых дзён нямецкай акупацыі праявіў мужнасць і бясстрашнасць, выратаваў каля трох дзясяткаў чырвонаармейцаў. У вёсцы Харава працавала падпольная маладзёжная група, у якой была створана камсамольская арганізацыя. Членам яе стаў і Павел Новікаў. Яго група ў верасні 1943 года выканала вельмі рызыкоўнае заданне: знішчыла намесніка начальніка нямецкага гарнізона ў Хараве.
Калі камандаванню партызанскага атрада запатрабаваліся дадзеныя пра ўзбраенне хараўскога нямецкага гарнізона, сектары абстрэлу, час і «маршруты» выхаду немцаў на засады і аблавы, гэта заданне было даручана Паўлу, самаму малодшаму з падпольшчыкаў. Дарослае насельніцтва да гарнізона не падпускалі. Таму юнаку давялося ўладкавацца туды на працу, каб атрымаць пропуск, займацца цяжкай фізічнай работай па 12 гадзін у суткі. Але знаходлівасць і ўвага юнага падпольшчыка адразу прынеслі карысць партызанам.
Партызанская маладосць Паўла Афанасьевіча заўсёды будзе для дзяцей і ўнукаў прадметам гонару і бясконцага захаплення.
За подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Павел Новікаў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За Перамогу над Германіяй», «За баявыя заслугі». У мірны час служыў ва Узброеных Сілах СССР, у ракетных войсках. Нягледзячы на важкі ўзрост, у свае 97 гадоў працягвае весці грамадскую работу, частымі гасцямі ў яго доме з’яўляюцца не толькі ветэраны, але і моладзь.
Раённы савет ветэранаў. Фота з архіва рэдакцыі.