У сярэдняй школе № 3 г. Пружаны быў праведзены творчы конкурс мастакоў «Залаты пэндзаль».

Асаблівасцю конкурсу стаў яго фармат — пленэр. У сваіх работах юныя мастакі адлюстравалі родную школу, кожны імкнуўся праз сваю карціну перадаць любоў да яе.
Адзін будынак малявалі, але настолькі рознымі атрымаліся творы! І ўсе — цудоўныя. Так што школа атрымала «партрэты» ў падарунак, а ўдзельнікі плэнеру — узнагароды, памятныя сувеніры і каштоўныя прызы, а таксама добры настрой, невычэрпны зарад пазітыву.

Госцем конкурсу стала першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук:
— На мой погляд, чалавеку не абавязкова мець нейкую спецыяльную адукацыю, каб прыгожа маляваць. Здаецца, што ў гэтай справе галоўным усё ж з’яўляецца натхненне. Я лічу, што падобныя конкурсы карысныя для дзяцей, яны раскрываюць патэнцыял, дапамагаюць разняволіцца, прадэманстраваць свае магчымасці. Таксама такія мерапрыемствы дазваляюць паглядзець на знаёмага чалавека з іншага, творчага боку, а па малюнках дзіцяці можна пабачыць яго душу.
Класны кіраўнік адной з удзельніц конкурсу Яўгенія Мікалаеўна Галубоўская:
— Увогуле, у нашай школе шмат таленавітых дзяцей, і вельмі прыемна назіраць за іх ростам і развіццём, захапляцца імі і іх творамі. І ў нашым класе ёсць куток творчасці, забяспечаны ўсім неабходным для малявання. Мае вучні прыйшлі падтрымаць сваю аднакласніцу. Усім было цікава паглядзець увачавідкі, як удзельнікі ствараюць свае малюнкі. Словам, сённяшняе мерапрыемства дакладна атрымалася, спадабалася і дзецям, і дарослым.

Удзельніца конкурсу Кацярына Чарненка:
— Мне падабаецца маляваць з дзяцінства. Я скончыла мастацкую школу, дзе на працягу шасці гадоў вучылася маляванню. Цяпер працягваю развіваць свае майстэрства самастойна. Мне вельмі спадабаўся конкурс «Залаты пэндзаль», з радасцю прымаю ўдзел у падобных мерапрыемствах.
Арсеній Валасевіч, вучань 9 «А» класа, член рэдкалегіі школьнай газеты «Переменка»