Гартаючы стары сямейны фотаальбом, не раз звяртала ўвагу на партрэтныя здымкі, зробленыя ў даваенны перыяд. На жаль, некаторыя людзі, якія адлюстраваны на іх і, напэўна, з’яўляюцца маімі роднымі, назаўжды застануцца безыменнымі, паколькі ўжо немагчыма даведацца, хто гэта. Аднак на адным са здымкаў, зробленых напачатку 1930-х гг., на адваротным баку аказаўся надпіс: “Это карточка Речица Фёдора”. Як высветлілася, гэта фота старэйшага брата майго дзеда Якіма Рэчыца з вёскі Загор’е.
Звестак пра Фёдара нямнога. Ён нарадзіўся ў 1901 г. у шматдзетнай сям’і Паўла і Анастасіі (у дзявоцтве Казловіч) Рэчыцаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 г. яны разам з іншымі вяскоўцамі вымушаны былі адправіцца ў бежанства ў Расію, магчыма, у Самарскую губерню. Там юнак прадоўжыў вучобу (пачатковую адукацыю атрымаў яшчэ да вайны) і, напэўна, захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, таму што ўжо ў 1918 ці 1919 г. Фёдар не паехаў разам з бацькамі на радзіму, а аказаўся ў Маскве, дзе паступіў на службу ў органы Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Што ўваходзіла ў кола яго абавязкаў, не ведаю, але пасля 1922 г. ён вярнуўся ў Загор’е, якое, як і ўся Заходняя Беларусь, было ўжо часткай Польшчы. Вярнуўся не адзін, а разам з маладой жонкай Серафімай і яе маці. У сям’і, дарэчы, захавалася легенда, нібыта Фёдар падчас службы “чэкістам” выратаваў маладую жанчыну, якая паходзіла з заможнай сям’і, ажаніўся з ёю і вывез у бяспечнае месца – на сваю малую радзіму.
У верасні 1939 г. Фёдар Рэчыц вітаў прыход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. На далучаных да БССР землях трэба было будаваць новае жыццё, адраджаць гаспадарку, наладжваць сацыяльную сферу. Таму такі чалавек, як Фёдар, даволі адукаваны і з “рэвалюцыйным” мінулым, не мог не быць незапатрабаваным. Спачатку ён працаваў настаўнікам у Загорскай школе, а ў 1940 г. яго прызначылі загадчыкам Тулоўшчынскай пачатковай школы.
Аднак мірнае жыццё хутка перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, Фёдар Рэчыц стаў адной з першых ахвяраў фашысцкага рэжыму. У ліпені або жніўні 1941 г. па даносе здрадніка савецкага актывіста арыштавалі і пешшу павялі з Загор’я. Паводле адной з версій, яго забілі недзе за вёскай, але родныя цела не знайшлі. Паводле другой, занатаванай у кнізе “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна”, Фёдара Паўлавіча Рэчыца расстралялі ва ўрочышчы Яцкаўшчызна каля Слабудкі.
Наталля Пракаповіч