Среда, 19 февраля 2025

Прадукцыю «Пружанскага малочнага камбіната» высока ацаніла журы міжнароднай выставы «Прадэкспа-2023» у Маскве

440

Толькі работа і адказнасць усёй каманды дае добры плён, дапамагае вырабляць якасную прадукцыю і папаўняць скарбонку ўзнагарод. У гэтым перакананы на ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Нядаўна прадпрыемства зноў парадавала прыемнымі навінамі: мясцовыя масла- і сыраробы вярнуліся з узнагародамі з міжнароднай выставы «Прадэкспа-2023» у Маскве.

— Усе конкурсы і выставы для завода — своеасаблівая справаздача за пэўны час работы. Уласна, і мы самі стараемся прэзентаваць на такіх мерапрыемствах новыя віды прадукцыі. Словам, здзіўляць. І нашы ўзнагароды якраз сведчаць пра гэта, — расказвае спецыяліст па маркетынгу Іна Іванова.

Вось і журы 30-й юбілейнай выставы ў расійскай сталіцы паставіла найвышэйшыя адзнакі новым і ўжо любімым відам прадукцыі.

З Масквы работнікі малочнага камбіната вярнуліся адразу з дзвюма залатымі зоркамі. Імі адзначаны цвёрдыя сыры «Чэсцерон» з гарошынамі душыстага перцу і «Тыквін» з гарбузовымі семкамі.

Адразу некалькі відаў прадукцыі ўдастоіліся залатога медаля міжнароднай выставы. Запамінайце назвы, бо набыць іх можна ў нашым горадзе і раёне. Такім чынам, лаўрэаты «Прадэкспа» — сыры плаўленыя «Пружанскі» з часнаком і кропам, а таксама «Тамацюр» з таматамі, перцам і часнаком. Такое ж высокае званне прысуджана цвёрдым сырам «Пармезан OLD ультра» і «Арамель» з пажытнікам.

Адметна, што пасля выставы экспазіцыя з вялікай колькасцю ўзнагарод папоўнілася спецпрызамі — кубкамі. Бадай, самы важны з іх — ганаровы прыз «Лепшае прадпрыемства-2023». Яшчэ адна ўзнагарода даказвае, што на Пружанскім малочным камбінаце навучыліся працаваць ва ўмовах санкцый. Пацвярджае гэта якраз дыплом «Дасягненне ў імпартазамяшчэнні» за сыр «VAN GOLD MOLITER» з соусам тартуфата.

Непасрэднае дачыненне да ўзнагарод маюць старшы майстар участка вытворчасці сухіх малочных прадуктаў Надзея Гумяняк і інжынер-тэхнолаг Таццяна Наумчык (на здымку). Па словах Надзеі Аляксандраўны, санкцыі не толькі не спынілі дзейнасць прадпрыемства, а, наадварот, сталі штуршком да больш інтэнсіўнай работы. Пры гэтым стараюцца, каб нашы сыры, масла і іншая прадукцыя былі не проста вядомыя, а карысталіся попытам на айчынным і замежным рынках.

— Мы сталі вырабляць больш. Якасць — неадменны атрыбут усёй пружанскай прадукцыі, — кажа старшы майстар. — Наш цэх вырабляе экспартаарыентаваныя прадукты. Напрыклад, сыроватку адпраўляем у Кітайскую Народную Рэспубліку, Манголію, Казахстан, Узбекістан і Расійскую Федэрацыю. Наладжаны ланцужкі паставак сухога малака.

— Не так даўно мы асвоілі перапрацоўку тварожнай сыроваткі. Раней яна ішла на корм жывёле, цяпер яе выкарыстоўваем. Па-ранейшаму перапрацоўваем і падсырную сыроватку, — дапаўняе калегу Таццяна Мікалаеўна. — Наша работа ў нечым і творчая: увесь час знаходзімся ў пошуку. Не стану раскрываць усе карты, але зусім хутка, будзем спадзявацца, пружанцаў чакае смачная навінка, якая, упэўнена, перанясе ў дзяцінства і падорыць радасныя эмоцыі. Гэта толькі адзін з накірункаў работы, планы на 2023-ці сапраўды грандыёзныя!

І ў чарговы раз жанчыны падкрэсліваюць: разам з такім калектывам абавязкова іх рэалізуюць! Пра тое, што гэта не пустыя словы, сведчыць яшчэ адна ўзнагарода пружанскай «малочкі». У лютым працоўны калектыў прадпрыемства адзначаны Ганаровай граматай Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўнёсак у работу па выкананні ў 2022 годзе прагнозных паказчыкаў развіцця ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Верым, што ўсё абавязкова атрымаецца, і разам з «раёнкай» сочым за паведамленнямі пра новыя ўзнагароды і смачныя навінкі нашых «Шчодрых Пружан».

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік