Воскресенье, 20 апреля 2025

«Паратуе радня па духу…» Да 75-годдзя з дня нараджэння Ніны Мацяш

1 298

Пры падрыхтоўцы матэрыялу пра настаўнікаў Зелянькевічаў я атрымала ад іх родных шчыры дазвол “пакорпацца” ў сямейным архіве. Акрамя дакументаў і фотаздымкаў, патрэбных для артыкула, знайшла нямала цікавага, у тым ліку пісьмы, адрасаваныя Эльвіры Васільеўне Зелянькевіч. Аўтарам двух з іх з‘яўлялася Ніна Мацяш, 75-годдзе з дня нараджэння якой грамадскасць адзначыць 20 верасня.
Я ведала, што яны шмат гадоў сябравалі: настаўніца рускай мовы і літаратуры Пружанскай школы-інтэрната, якая выпеставала плеяду літаратараў, і знакамітая паэтэса з Белаазёрска. Пазнаёміліся, як узгадвае сястра Эльвіры Васільеўны Г.В.Антонава, праз Людмілу Васільеву, выпускніцу школы-інтэрната. Яна ў 1970-х працавала карэспандэнтам “Зары камунізму”, як тады называлася пружанская “раёнка”, а Ніна Мацяш была пазаштатным кансультантам літаратурнай старонкі.
У дзвюх творчых асоб было шмат агульнага, нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў дзевяць гадоў: любоў да мастацкага слова, жыццёвыя ідэалы, памкненні. Наколькі дазваляў час і магчымасці, яны сустракаліся. У асноўным, Эльвіра Васільеўна (дамашнія і сябры называлі яе Ірынай — заўв. І.С.) ездзіла на сваім “Масквічы” ў вёску Ніва і Белаазёрск: Ніна Іосіфаўна ў той час была ўжо абмежавана ў руху. Выязджалі з сяброўскай кампаніяй на ўлонне прыроды, на Белае возера. І шмат пісалі адна адной, давяраючы паперы свае думкі і разважанні.
Дарэчы, склад “сяброўскіх кампаній” акрэсліць складана. У розны час збіраліся розныя людзі, якім былі цікавыя зносіны адзін з адным, гэта бачна па аматарскіх фотаздымках. Эльвіра Васільеўна захаплялася фотасправай і сяброў сваіх вучыла не толькі здымаць, але і праяўляць плёнкі, змешваць рэактывы, пераводзіць выявы з негатываў на фотапаперу… Гісторыю некаторых здымкаў я ведаю з першых вуснаў. Напрыклад, гэтага, пад бярозкай.Ніне цяжка было стаяць, таму ёй давялося моцна ўхапіцца рукамі за ствол дрэўца. Але на здымку не бачна неймаверных высілкаў: толькі пяшчотнасць дзяўчыны і прыгажосць наваколля. Такой яна была, жаноцкай і далікатнай, але з моцным стрыжнем унутры.
А вось нечаканае фота, таксама знятае Э.В.Зелянькевіч: Ніна Мацяш і Святлана Алексіевіч, зусім юная журналістка бярозаўскага “Маяка камунізму”. Чаму ж здзіўляцца, немагчыма, каб будучы аўтар пранікнёных дакументальных раманаў-сведчанняў, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў сваю бытнасць у Бярозе не мела зносін з іншымі творцамі. Гэта, відаць, 1972 год. На жаль, не вельмі якасны здымак.
У Ніны Мацяш нямала твораў, прысвечаных сябрам. Бачна, што шчыраму сяброўству яна надавала вялікае значэнне ў жыцці. “Адрачэцца радня па крыві — паратуе радня па духу” – гэта радкі з верша “Сябрыне”. Ёсць і верш, у якім яна непасрэдна звяртаецца да Э.В.Зелянькевіч (зборнік “Удзячнасць” – Мн, “Мастацкая літаратура” — 1973).

Ірыне
И вечный бой!
Покой нам только
снится…
А.Блок.
Ты ж помніш словы таго грэка,
Хто колісь ісціну спасціг,
Што ў адну і тую ж рэку
Няможна двойчы увайсці.
Чаго ж тады цябе здзіўляе
Няўлоўна-новае ва мне?
Я кожны міг ужо не тая,
Якой была на міг раней.
Я кожны міг, хай падсвядома, —
Няма спакою! Вечны бой! —
Іду к сабе, к той, невядомай
Нікому, нават мне самой…
Дамоў вяртацца варта ж толькі
Тады, як лепшы стаў, чым быў…
Змывае стому час патокам
Бяздонных шчасця і журбы.

Трымаю ў руках некалькі аркушаў паперы, спісаных разборлівым почыркам. Неяк няёмка чытаць чужыя пісьмы нават тады, калі ні аўтара, ні атрымальніка ўжо даўно няма на гэтым свеце. Нібы ў замочную адтуліну падглядаеш, каб наталіць сваю цікаўнасць чужымі зносінамі, чужымі пачуццямі.
І ў той жа час ведаеш, што прафесійная літаратарка, якая назірае за табою недзе звыш, дае магчымасць унікнуць у працэс сваёй творчасці. А заадно ацаніць нязломнасць характару, моц духу. Пра апошнюю сведчаць, перш за ўсё, радкі старажытных французскіх аўтараў, выбраныя для перакладу. Калі зразумееш, чаму менавіта іх выбрала паэтэса, — зразумееш пра яе вельмі шмат. (Пісьмы напісаны па-руску, пакідаю іх так, як гучаць у арыгінале, але раблю невялікія купюры там, дзе гутарка ідзе пра іншых агульных знаёмых).

“11.05.1973 г., Белоозёрск.
Уже девять вечера, но я хватаюсь за этот лист бумаги и за перо, не зажигая огня: хочется посумерничать немножко с тобой. Сначала думала написать тебе, когда завершу свою пьесу, но на это понадобится ещё дня три-четыре (верагодна, гутарка ідзе аб п‘есе «Крок у бессмяротнасць», якая была пастаўлена ў 1977 годзе — заўв. І.С.), а то и целая неделя, если не изменит рабочее состояние: пьеса все-таки подвигается, кажется, «уломаю» я её. Одновременно… выскубываю из тех подарочных пуховых ниток чёрные шерстинки — чтоб платок был мягкий-мягкий. Так вот и работаю: шерстинки поскубаю, стихи попишу — почти по Маяковскому!
Как ты? Как доехали?.. Сегодня ты целую ночь снилась мне, мы все танго с тобой танцевали. Было очень весело. Настолько, что, проснувшись, мне стало очень грустно.
Как Лариса Григорьевна (маці Э.В.Зелянькевіч — заўв. І.С.)? Трогательно кланяюсь ей — и много-много раз!
Целую тебя крепко, нет, лучше — нежно! Вечерний свет ещё не иссяк. “Ночи не будет — будет музыка…” Посумерничай со мною, хотя бы и без меня! Я”.
“12.07.1974 г., Белоозёрск.
Здравствуй, Иринонька!
Ну как, натягала чухони? (Э.В. адпачывала ў той час у родных на Волзе — заўв. І.С.). Или только от комаров («комарей», как написал бы Солженицын) отбиваешься?
Я сегодня была на улице: погода. Все предыдущие дни — две недели, не переставая, лили дожди. Угробили дорогу к нам окончательно (да приплюсуй к дождям колонну тракторов, которая четырежды в день дефилирует по Лесному и Школьной: идёт осушка и вспашка). В понедельник будут копать канавы и перед нашим домом. Приедешь – охнешь…
…Мгновение назад перед моим окном (окно раскрыто) над каналом низко-низко пролетел огромный коршун: как всполошились пичужки!.. Столько сразу тревоги в их голосах!..
Осушат всё, даже аисту негде будет приткнуться. А потом будут разводить в заповедниках, как зубра…
Ты отдыхаешь? А я работаю. Швырнуло меня во французскую поэзию XIV-XVI веков. Хочу вернуть её 20-му веку.
Хочешь один из переводов Шарля из Орлеана?

Рандо
Даўно ўжо сыты мною свет,
Так, як і я даўно ім сыты;
Усё глухой імглой спавіта,
Хаця б дзе-кольвечы
прасвет.

Дарма… Адны аскалы бед,
Тугі, распусты непрыкрытай.
Даўно ўжо сыты мною свет,
Так, як і я даўно ім сыты.

Душу аддай за веры цвет,
Калючкі ж задарма —
і квіты;
Ці ж дзіўна, што так хваравіта
Кладзецца скарга ў запавет;
Даўно ўжо сыты мною свет.

Или, например, вот это, из Кристины де Писан.

Так гэта нялёгка
Як гэта нялёгка —
вясёлай быць песеньцы ў болі,
Як гэта пакутна —
у цуглях адчаю ўсміхацца,
Сярод весялосці чужой
бестурботнай здавацца,
Хоць сэрца не мае ад роспачы
чорнай патолі.
Ды трэба рабіць, як усе.
Ні знарок, ні міжволі,
Ні рухам, ні словам пра мукі свае
не прызнацца.
Так гэта нялёгка —
вясёлай быць песеньцы ў болі.

Нікога яшчэ не карала
бязлітасней доля.
Як гора схавала,
ад лёсу свайго не схавацца.
Хоць душаць рыданні,
мне трэба, мне трэба смяяцца,
Каб боль мой па імені
не адазваўся ніколі.
Так гэта нялёгка —
вясёлай быць песеньцы ў болі.

Это она так оплакивает своего рано умершего мужа. Но чтоб у тебя не портилось настроение, прочти вот это, более бодрое, опять-таки из Шарля из Орлеана.

Балада
Абеглі Францыю ўсю чуткі,
Што я сканаў ужо, здаецца.
Не ўпалі гэты чуткі смуткам
На незычлівыя мне сэрцы.
Другія ў жалю й паняверцы,
Хто друг мой шчыры і адданы,
Чыя прыязнасць не згасае.
Хай голас мой усіх дастане,
Што мыш, аднак, яшчэ жывая!

Не собіла анічагутка
Мне злога, сэрца дужа б‘ецца.
Надзею пешчу нат, што хутка
Са сну насільнага ачнецца
Людскою прагай мір, азвецца
У душах радасцю чаканай.
Пракляцце ж тым, каго ўядае
Заўсёдны боль іх апантаны,
Што мыш, аднак, яшчэ жывая!

Я ж моцы маладой паўнюткі,
Хоць часам старасць і імкнецца
Пазбавіць гэтай моцы пруткай
Мяне; дарэмна спадзяецца,
Не хутка гэтага даб‘ецца.
Сябры, мяне аплакваць рана.
Хвала багам, што пачуваю
Сябе ў здароўі беззаганным,
Што мыш, аднак, яшчэ жывая!

Ніхто па мне у крэп не ўбраны,
Танней тканіна ахінае,
Хай будзе праўдай свет аззяны,
Што мыш, аднак, яшчэ жывая!

…Спасибо за приветы от Антоновых (сям‘я сястры Э.В.Зелянькевіч — заўв. І.С.). Кланяюсь я им всем очень. В будущем году, видно, смогу прислать мальчикам свою сказку “Два браты і сякера” — прислали сегодня договор подписать, готовят к выпуску тиражом в 25 000. Так что, “мыш, аднак, яшчэ жывая”!
…Ну, будь. Не падай в воду в холодную погоду! Это я так острю, чтобы тебе там хороший клёв чухони был! Целую. Нина”.

Два першыя пераклады публікаваліся ў зборніку “Ралля суровая”, які выйшаў у свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1976 годзе. Што тычыцца трэцяга, давялося звярнуцца ў Белаазёрскую бібліятэку. Яе работнікі падказалі, што “Балада” ўвайшла ў зборнік выбраных перакладаў 2002 года “Перабіраю самацветы”.
Параўнала тэксты — і зразумела, што Ніна Мацяш падзялілася з сяброўкай самым першым варыянтам перакладу, які пазней крыху перапрацавала. Напрыклад, рэфрэн у канчатковай версіі гучыць так: “Што мыш рудая шчэ жывая!” Але, далібог, мне больш спадабаўся “сыры”, але больш эмацыянальны тэкст. У ім літаральна чуеш, як аўтар і перакладчыца “дуэтам” спяваюць гімн жыццю.
Ірына Сядова.
На здымках: 1. Тое самае фота ля бярозкі. 2. Святлана Алексіевіч каля дома Н.Мацяш.  3.  Адпачынак на прыродзе. Э.В.Зелянькевіч і Н.І.Мацяш. 4. Ніна.
Фота з архіва
Э.В.Зелянькевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *