Сышоў снег — і настаў час наводзіць парадак. Але, на жаль, як зазначае дырэктар КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук, некаторыя гаспадары па-свойму разумеюць, як трэба прыбіраць тэрыторыю, за якую адказваеш.
— Раз-пораз даводзілася бачыць, як не толькі ўладальнікі прыватных сядзіб, але нават работнікі некаторых арганізацый, прыбіраючы тэрыторыю, выносяць смецце, будаўнічыя матэрыялы за агароджу,— расказвае Сяргей Васільевіч.— А там усё гэта можа ляжаць гадамі, псуючы знешні выгляд населеных пунктаў.
Што ў выніку? Чысціня-парадак у хаце, на двары, на вытворчай тэрыторыі — і смецце за плотам… Непрыемна? Так. А яшчэ гэта адміністрацыйнае парушэнне.
Адказны — гаспадар
Работнікам камунальнай службы даволі часта даводзіцца чуць, што ўборка тэрыторыі, якая выходзіць за межы агароджы, — справа іх арганізацыі. Памылковая думка: на самай справе, падтрыманне чысціні і парадку на прылеглых да домаўладання або прадпрыемства тэрыторыях — адказнасць, першым чынам, менавіта гаспадара.
Менавіта гэта вызначае Пастанова Савета Міністраў №1087 «Аб зацвярджэнні Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», а таксама Санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый, зацверджаныя Пастановай Міністэрства аховы здароўя №110.
— Трэба ўсім разумець, што ўборку неабходна праводзіць не толькі падчас суботнікаў або перад Вялікаднем, а рэгулярна, па меры забруджвання, — кажа дырэктар камунальнага прадпрыемства. — За невыкананне патрабаванняў арт.21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу: да 25 базавых велічынь на фізічную асобу і да 100 БВ — на кіраўніцтва арганізацыі.
З улікам гэтага восенню мінулага года раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне №1467, згодна з якім вызначаны памеры тэрыторый, за якія адказваюць юрыдычныя і фізічныя асобы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.
Рэгулярны парадак юрасобы і ІП павінны падтрымліваць:
*на зямельных участках, на якіх знаходзяцца нежылыя збудаванні, з боку фасадаў уздоўж ад сцен да тратуара, а ў выпадку яго адсутнасці — да мяжы праезнай часткі. Таксама за ўладальнікам земляў замацоўваецца палова адлегласці да мяжы суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 30 метраў;
*тое ж правіла ўстанаўліваецца і на землях, дзе знахо-дзяцца прамысловыя аб’екты, у дадатак пры суседстве з землямі сельгаспрызначэння, прыродаахоўнымі, аздараўленчымі, рэкрэацыйнымі, гісторыка-культурнымі аб’ектамі і землямі ляснога фонду прыбірацца павінна тэрыторыя да мяжы такіх участкаў, але не больш за 5 метраў ад сваёй мяжы;
*для АЗС, аўтамыек, шынамантажу і СТА — у межах 100 метраў ад мяжы выдзеленага ўчастка, а таксама на пад’ездзе ці прылеглых паркоўках.
Работнікі бюджэтных арганізацый, таварыстваў уласнікаў або забудоўшчыкаў павінны сачыць за парадкам на выдзеленых ім зямельных участках.
Прадугледжана адказнасць і для фізічных асоб, якія, напрыклад, павінны прыбіраць такую ж тэрыторыю, што і юрыдычныя асобы (да праезнай часткі або тратуара), але не больш за 10 метраў ад межаў уласнага ўчастка.
Як паказвае статыстыка абследаванняў мінулых гадоў, не менш праблем ствараюць гаражныя масівы, што таксама было ўлічана ў рашэнні. У бягучым годзе да гэтага пытання камунальная служба будзе ставіцца больш строга, бо ўладальнікі гаражоў павінны наводзіць парадак па перыметры зямельнага ўчастка, але не больш за пяць метраў ад сваіх межаў.
Як будуць рэалізаваны новыя патрабаванні?
— Рашэннем райвыканкама зацверджаны спіс прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія адказваюць за парадак у г.Пружаны. Напрыклад, участкі вуліцы Г.-Каляды, дзе няма прыватнай забудовы, павінны прыбіраць работнікі СТАА «Данон Пружаны», лясгаса, райспажыўтаварыства, малочнага камбіната і ВК «АСТ». Тое ж самае тычыцца іншых пружанскіх вуліц,— зазначае С.В.Бабрук.— Адпаведная інфармацыя будзе даслана ўсім кіраўнікам і ўладальнікам прыватных фірмаў з тлумачэннем адказнасці за невыкананне патрабаванняў.
З надыходам цяпла, калі прыйдзе час традыцыйнага месячніка па добраўпарадкаванні, падобныя паведамленні атрымаюць і ўладальнікі прыватных дамоў, прычым не толькі ў райцэнтры, але і ў сельскай мясцовасці.
Работнікі ўчастка «Добраўпарадкаванне» будуць сачыць за парадкам на вуліцах і на землях, якія прылягаюць да прыватных дамоў, выяўляць недахопы, на падставе якіх уладальнікаў сядзіб будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.
Як прызнаецца дырэктар КУВП «Камунальнік», на першы раз можна будзе абмежавацца прадпісаннем з папярэджаннем, бо розныя жыццёвыя сітуацыі могуць здарацца: не хапіла часу, захварэў або давялося ад’ехаць на працяглы час. Але ж пры яўным грэбаванні патрабаваннямі будуць накладацца штрафы. Тым больш, што станоўчых прыкладаў у выглядзе прыгожых клумбаў і нават цэлых архітэктурных аздабленняў на тэрыторыях побач з праезнай часткай у любым населеным пункце Пружаншчыны хапае. Пры жаданні можна знайсці час абкасіць газон, падмесці смецце і не пакідаць будаўнічыя матэрыялы.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.