Пра два новыя спосабы выманьвання грошай паведамілі нам чытачы газеты. Адзін з іх тычыцца ўладальнікаў пластыкавых картак. На хвалі заходніх санкцый, якія ўводзяцца супраць банкаўскага сектару Беларусі, зламыснікі пачалі ствараць сайты, на якіх НІБЫТА можна праверыць дадзеныя плацёжных картак на прадмет таго, ці можна імі разлічвацца ў замежных інтэрнэт-магазінах ці ўвогуле выкарыстоўваць у паездках за мяжу.

Для чаго ў спецыяльных радках трэба пазначыць нумар карткі, прозвішча ўладальніка і сакрэтны трохлічбавы код з адваротнага боку.
Праваахоўнікі заклікаюць не карыстацца падобнымі рэсурсамі, бо ніякай дзяржаўнай сістэмы такіх праверак не існуе. А значыць, у любым выпадку ўсе гэтыя сайты належаць махлярам і карыстальнікі рызыкуюць страціць грошы з карт-рахункаў.
***
Другі чытач паведаміў пра дзейнасць цэлай банды тэлефонных махляроў у Брэсцкай вобласці.
— З сакавіка яны тэлефануюць пажылым грамадзянам і паведамляюць, што іх блізкія сваякі трапілі ў бяду,— расказаў чытач.— А для таго, каб іх выручыць, патрэбна пералічыць грошы для рашэння пытанняў.
Нярэдка яны самі прадстаўляюцца ўнукамі-ўнучкамі і невыразным голасам расказваюць пра аўтамабільную аварыю, пра атрыманыя траўмы або затрыманне супрацоўнікамі міліцыі з пагрозай узбуджэння крымінальнай справы.
Калі ў старых узнікаюць падазрэнні, то прыкрываюцца расстройствам, слязьмі або немагчымасцю гучна гаварыць з-за атрыманых раненняў. У размову можа ўключыцца і «супрацоўнік праваахоўных органаў», які запэўнівае ахвяру ў праўдзівасці атрыманай інфармацыі.
Як нам стала вядома, крыміналісты ўжо выйшлі на след гэтай злачыннай групы і па падазрэнні ва ўчыненні серыі тэлефонных махлярстваў затрыманы 5 жыхароў г.Баранавічы ва ўзросце ад 27 да 34 гадоў, а таксама 50-гадовая грамадзянка Расіі.
Пры гэтым праваахоўнікі звяртаюць увагу, што затрымана толькі частка зламыснікаў, некалькі іх хаўруснікаў пакуль не ўстаноўлены, з-за чаго лжывыя тэлефанаванні могуць яшчэ паступаць да грамадзян. Таму і заклікаюць захоўваць асцярожнасць, а таксама абавязкова правяраць інфармацыю пра непрыемнасці праз іншыя крыніцы.
Алег СІДАРЭНКА