Вторник, 18 марта 2025

Папялёўскія фантазіі паэта-вандроўніка Міколы Купрэева

3 066

Мікола Купрэеў з 1994 г. з’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1996 г. быў адзначаны дыпломам Брэсцкага абласнога аддзялення  Беларускага фонду культуры “Берасцейская  зорка’95” у намінацыі “Літаратура”. У 1996 г. прадстаўлены на Дзяржаўную прэмію імя Я. Купалы за кнігу “Пра-вінцыйныя фантазіі”, але не атрымаў яе. Затое яму далі аднапакаёвую кватэру ў Пружанах і прэмію Саюза пісьменнікаў імя А. Куляшова. У 2002 г. за аповесць “Пастух у космасе” атрымаў  “Берасцейскую мядовую літаратурную прэмію”, заснаваную паэтам-пчаляром  Міколам Папекам.

Гісторыя нашага горада і раёна багатая імёнамі вядомых людзей. Даў прытулак наш раён і Мікалаю Сямёнавічу Купрэеву, якому 25 мая 2017 г. споўнілася б 80 гадоў, – паэту, празаіку, які апошнія 15 гадоў свайго жыцця пражыў у вёсцы Папялёва і Пружанах.

Папялёўскі перыяд у жыцці Купрэева значны. За гэты час ім быў падрыхтаваны і выпушчаны ў свет зборнік вершаў “Правінцыйныя фантазіі”, напісаны шэраг аповесцей. Прыйшлі папулярнасць, прызнанне, слава.

Сёння творы Міколы Купрэева вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Яны друкуюцца ў беларускіх і расійскіх выданнях, перакладзены на рускую, балгарскую, украінскую і польскую мовы. Толькі землякі выдатнага літаратара вельмі мала  ведаюць аб яго жыцці і творчасці.  А час няспынна выкрэслівае з памяці падзеі, адыходзяць людзі.  Але жыццё кожнага чалавека ўнікальнае. Асабліва калі гэты чалавек – паэт. Ён па-за часам.

Роля папялёўскага перыяду ў творчасці Міколы Купрэева ніколі не аналізавалася, таму хацелася б спыніцца на гэтым значным этапе яго біяграфіі.

Вялікі творчы вандроўнік Мікола Купрэеў сваю літаратурную дзейнасць пачаў у 1957 г.  А ў 1967-м невялікім тыражом выйшаў яго першы зборнік паэзіі “Непазбежнасць”, які выклікаў інтарэс у чытача і зараз з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Паэту тады было 30 гадоў. Без перабольшвання можна сказаць, што гэты зборнік стаў сапраўднай з’явай на літаратурным небасхіле. Вершы яго настолькі выбіваліся з кантэксту беларускай савецкай паэзіі, што наўрад ці былі б надрукаваны, калі б не дапамог Анатоль Вярцінскі, які адрэдагаваў кнігу на грамадскіх пачатках. Вядома, што ў тыя гады кнігі пачыналіся вершамі-гімнамі, одамі ў адрас партыі і яе кіраўнікоў. М. Купрэеў у сваёй кнізе заявіў: “Гімнаў не будзе. Шэптам грымне элегія”. У гэтым ключ да разумення паэзіі М. Купрэева. Ціха – пра самае дарагое, самае важнае. А той, хто ўмее думаць, чытаць сэрцам, пачуе, уловіць гэта ў ціхай споведзі.

Шмат было ў Купрэева нядобразычліўцаў, таму што нестандартным быў паэт, на ўсё меў уласную думку. І хоць вялікім славалюбцам не з‘яўляўся, заўвагі і папрокі ў свой адрас успрымаў балюча, і ў ранімай душы буйна прарасло зерне недаверу і сумніву да ўласнай творчасці. Пасля “Непазбежнасці” паэт надоўга замаўчаў.

На 20 гадоў Купрэеў знік з паэзіі, можна сказаць, схаваўся ад самога сябе ў нетрах Палесся. Як успамінаў літаратар, ён любіў знікаць і раней, але гэта знікненне было асаблівым. Качавое жыццё, адсутнасць жылля, часовая праца, выпадковыя заробкі – сталі спадарожнікамі паэта-бадзягі на дзесяцігоддзі.

Так, напэўна, і закончылася б жыццё. Але ўмяшаўся выпадак. Купрэеў сустрэўся са сваімі былымі вучнямі. Адзін з іх, які, напэўна, прыняў самы дзейсны ўдзел у яго лёсе, – М.Д. Антаноўскі – паэт, былы рэдактар газеты “Раённыя будні”, сказаў аб настаўніку: “Міколу Купрэева – паэта і чалавека – ведалі многія ў розных кутках Беларусі. Ведалі па-рознаму: хто — павярхоўна, хто — сутнасна, хто – так сабе, хто – са  знакам “плюс”, хто – са знакам “мінус”, хто — аб’ектыўна, хто – прадузята…”. Менавіта вучні падтрымалі Купрэева. Яны дапамаглі ўладкавацца на працу ў Папялёўскую сярэднюю школу на пасаду настаўніка гісторыі.

У 1995 г., пасля амаль 30-гадовага перапынку, быў надрукаваны зборнік паэзіі М. Купрэева “Правінцыйныя фантазіі”. Кніга прозы “Палеская элегія” (пяць аўтабіяграфічных аповесцей) была напісана ў канцы  ХХ ст., а выдадзена пасля смерці літаратара ў          2007 г. і ўдастоена Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка. Дарэчы, менавіта Уладзімір Калеснік першым сярод прафесійных крытыкаў па-сапраўднаму затурбаваўся, калі пасля зборніка “Непазбежнасць” у М. Купрэева пачалася працяглая творчая дэпрэсія, пагражаючы знікненню паэта з літаратурнага небасхілу.

Вёска Папялёва ў вершах і прозе Міколы Купрэева нідзе не ўзгадваецца. Гэта цудоўнае месца на ўскраіне Белавежскай пушчы. Яшчэ на пад’ездзе да яго з’яўляецца ўражанне, што трапляеш у казку: сонечныя промні не могуць прабіцца праз пераплеценыя кроны дрэваў у  бясконцым тунэлі,  і, здаецца, штосьці дзіўнае чакае цябе ў гэтым зялёным доме. Толькі вырваўся з яго, а перад вачамі – стары вялізны дуб, які расце на ўездзе ў вёску.Такія дубы рэдка дзе ўбачыш: магутная крона, трэшчыны ў кары – пячатка старасці. Напэўна, аб многім мог бы распавесці гэты дуб. А далей па абодвух баках вуліцы таксама растуць дубы. У буру яны шумяць трывожна, нават грозна, нібыта на варце, нібыта ахоўваюць… Навокал — лес! Летам ён напоўнены птушынымі спевамі, а вясной у ім стаіць салодкі пах бярозавіка.

Менавіта сюды трапіў у 1988 г. М.С. Купрэеў пасля доўгіх вандровак па родным краі і тут спазнаў радасць адраджэння творчасці, прызнання і славы. Папялёва стала месцам аднаўлення Паэта.

М.С. Купрэеў жыў і працаваў у Папялёве з 1988 па 1995 гг. Яго кватэра – два пакоі, знаходзілася на другім паверсе школьнага інтэрната. Пакоі вялікія (дом быў пабудаваны ў 1939 г. і належаў пану Сатару). З вокнаў былі бачны толькі бяздоннае неба і лес. У той час Купрэеў ужо быў вельмі хворым чалавекам: прастуджаны лёгкія, балелі ногі. А яму кожны дзень па некалькі разоў даводзілася падымацца і спускацца па стромкіх прыступках. Але ён не скардзіўся. Ёсць дах над галавой, праца.

Жыццё ўвайшло ў новы рытм. У школе з калегамі Купрэеў быў ветлівы, але не больш таго. Аб сабе гаварыў мала. Яму даверылі класнае кіраўніцтва ў 9-м класе. Былыя вучні ўспаміналі, што ён не ўмеў крычаць і сварыцца, але, калі ціха-ціха ўшчуваў, было вельмі сорамна. А на ўроках гісторыі заўсёды прыводзіў прыклады з літаратуры.

Па ўспамінах жыхароў Папялёва, Купрэеў быў вельмі непераборлівы ў  побыце, нешматслоўны з незнаёмымі, але са сваімі, вясковымі, любіў пагаварыць аб жыцці, аб працы; у вёску выходзіў толькі ў касцюме, снедаў у школьнай сталоўцы, вечарам хадзіў па малако да суседкі, Н.А. Мяшэчка. Ён ніколі не павышаў голас, нікому не навязваў сваёй думкі, не казаў аб сабе як аб паэце.

Купрэеў  жа так адгукаўся аб папялёўцах: “Жыў у вёсцы, у пушчы, суседзі былі добрыя, не злоўжывалі маімі слабасцямі”.

Мікола Сямёнавіч палюбіў Папялёва. “Мне – лес шуміць, мне – зоркі свецяць!” – пісаў ён, адчуваючы сябе часткай гэтага пушчанскага свету.

Выязджаў з вёскі нячаста, звычайна ў санаторый. Да яго — таксама зрэдку — наведваліся  А. Каско, М. Антаноўскі, М. Пракаповіч, Л. Галубовіч – яго вучні і сябры. У вёсцы ён блізка сышоўся з Уладзімірам Цануніным, бежанцам з Чарнобыльскай зоны, настаўнікам, бардам, турыстам і  краязнаўцам. Цануніны былі суседзямі Купрэева, жылі на першым паверсе інтэрната. Купрэеву прысвечаны гэты верш Цануніна:

Шкрабе тужліва вецер па страсе

Старое грушы лапаю-галінай.

А па мансардзе тупае сусед,

Кульбакай адмяраючы хвіліны.

Рыпіць дзвярэй іржавая пятля,

Сухотны кашаль выгінае плечы —

Радкі яго баладнага жытла

І, мабыць, абыякавасці нечай.

Запалка, нібы знічка, мільгане

Ля хаты ў пераспелых белых росах.

А потым у адчыненым акне

Свяціцца будзе зорка папяросы.

А ноч у травах дыхае вясной,

Дубы стаяць прыціхлыя ў туманах.

I б’ецца ў скронях слова, як віно,

Каб набрыняць у вершах акаянных.

I скалануць здзічэлы гэты свет

Ці патрывожыць хоць напалавіну —

Таму ўсю ноч і тупае сусед

Кульбакай адмяраючы хвіліны.

У размове з Леанідам Галубовічам Купрэеў гаварыў: “У Папялёве быў прастор, воля, пушча – паэзія…, а ў Пружанах – тратуар, асфальт, лесвіца, блочны пакой – сярмяжная проза… Так, у Папялёве, у Белавежскай пушчы, я стаяў ля свайго дома ў мансардзе і бачыў: вось – пушча, вось – дрэвы, там – крушня, вось – птушкі, вось – ляцяць дзікія гусі, вось – ідуць маладыя, прыгожыя суседкі з кароўніка, вось – яны трохі паспалі, управіліся дома па гаспадарцы і зноў ідуць на ферму, а во – ідзе паштарка, яна падымаецца да мяне па крутой драўлянай слізкай лесвіцы (ты яшчэ помніш, Лёня, лесвіцу, вядома?), дае чаканы канверт і міла, цёпла  ўсміхаецца мне… у Пружанах, у горадзе, усяго гэтага няма. Тут пляцоўка перад дзвярыма маёй кватэры – запляваная, закіданая недакуркамі, а прыступкі пад’езда – у россыпе дробных каменьчыкаў, на якіх я спатыкаюся сваімі хворымі нагамі, бо, калі дом будаваўся, надта мала сюды далі цэменту, будаўнікі яго прапілі… таму я еду пісаць сваю “сярмяжную прозу” ажно ў тубдыспансер ці як яго яшчэ называюць: “Санаторый Вярховічы”. Там – імітацыя маёй папялёўскай пушчы”.

Памалу паляпшалася здароўе, наладжваліся адносіны з вяскоўцамі, Купрэева пачалі запрашаць на творчыя сустрэчы, літаратурныя вечарыны. Уладкаванасць побыту, праца, адносны камфорт абудзілі творчую энергію і фантазію, далі магчымасць усе філасофскія роздумы і назіранні адлюстраваць на паперы.

У Папялёве, у вельмі сціплай кватэры, нараджаліся, выношваліся новыя вершы, якія ўвайшлі ў кнігу “Правінцыйныя фантазіі”. Гэта невялічкая кніжка выклікала даволі значны рэзананс у літаратурным асяроддзі глыбінёй зместу, чысцінёй і дакладнасцю паэтычна выказаных думак.

Сапраўды, зборнік невялікі, усяго 90 старонак, але колькі ў ім перажыванняў, пачуццяў. Тут сабраныя розныя па жанры і настроі вершы. Гэта і строгія балады, і пранізліва сумотныя элегіі, і лірычная паэзія. Кожны чалавек у вершах Купрэева знойдзе нешта сваё, блізкае, таму што ў іх адчуваецца чалавечнасць, дабрыня, любоў да людзей, да роднага краю. Суперажыванне, спачуванне, захапленне светам прыроды, людзьмі гучыць у вершах паэта.

Анатоль Крэйдзіч аб “Правінцыйных фантазіях” сказаў: “Купрэеў піша як рэдка хто з паэтаў мала, і зноў жа як мала хто – моцна…  Перавага паэта, асабліва такога кшталту, як Купрэеў, я б сказаў – элітнага, у тым, што ён сваю думку можа данесці да чытача… двума – трыма яркімі, запамінальнымі радкамі, тады як публіцысту для гэтага спатрэбяцца старонкі”.

Ясна выдзяляюцца ў зборніку папялёўскія матывы: любоў і прырода, Беларусь, лес, жыццё.  Напрыклад, верш “Жанчына”. Каму ён прысвечаны? Можа, жанчыне, якая працавала нянькай у школьным інтэрнаце, дзе жыў Купрэеў? А можа, гэта збіральны жаночы вобраз жыхарак Папялёва?

Вачамi пазвала

пад дрэва густое,

Абняла, пацалавала…

Пайшла з-пад дрэва

Паклікала пеўня,

а куры за ім…

Адштурхнула, шапнула:

“Iдзi”…

Кожны лірычны верш Купрэева — гэта глыбокія роздумы над лёсам Радзімы, яе гісторыяй, над сваім лёсам, які склаўся нешчасліва, але даў жыццё яго непаўторнай паэзіі.  Тонкую сувязь са светам прыроды ён адчувае сэрцам. Ён – частка яе, таму бярозка, галінкі якой стукалі ў акно паэту, – добры і разумеючы суразмоўца, самотны ў свеце елак, як і ён сярод людзей.

Мiлая бярозка, не бядуй:

Мы яшчэ з табою ўстрапянемся.

Толькi заўтра на зары

У сукенку найбялейшую адзенься.

Белую кашулю я i сам

На сябе надзену, прычашуся.

I пойдзем мы з табою каля рэк,

Нашай добрай  роднай

Беларусi.

Белы колер адзення тут як сімвал нейкага душэўнага і фізічнага абнаўлення, якім жыве лірычны герой верша. Свет прыроды, таямнічы, неразгаданы, блізкі паэту. Дрэва, воўк, чалавек – героі яго вершаў. Казачнасць вобразаў, фальклорныя матывы характэрныя для вершаў Купрэева.  Сімвалічны яго воўк. Ён з’яўляецца, самотны і непрыкаяны, з пушчы:

Я хату яму адчынiў,

Старэнькi кажух пасцялiў…

Мы разам з ваўком ляглi

На харошай авечай зямлi.

Напэўна, і сябе ён бачыў такім жа непрыкаяным.

У меланхалічнай, прасякнутай смуткам элегіі “Як жывецца ў маiм хаосе?” яму хацелася б аб’яднаць чужы лад з уласным хаосам:

Цягнуць мяне

з маiм чорным лёсам

Д’ябал – у пекла,

анёлак — у рай…

Мiж Ладам тваiм і маiм Хаосам

От і  жывi тут – хоць памiрай.

“чорны лёс” – жахлівае ўсведамленне свайго жыцця. Але іншага не будзе. Уладкаванасць жыцця, спакой не дадзены яму.

Роздумы аб жыцці пераплятаюцца з думкамі аб краіне, мове. Паэт турбуецца за лёс беларускай мовы: “Калі… патухае святло нацыі, яе духоўнай культуры, яе адметнейшага знака – мовы, то гэта адаб’ецца на чалавечай супольнасці… Бо можа пачацца найгоршае – забыццё… А далей дэ-градацыя духоўная – дэградацыя моўная…”.

Усёй душой паэт любіў Беларусь. Жахліва яму было бачыць сляды чарнобыльскай трагедыі:

Абкарналi цябе, знявечылi,

Вотчына мая горкая…

Белая птушка

Над тарфянiкамi, пагоркамi

Махае крыламi  нявiннымi…

Махае крыламi і падае

На атручаныя сенажацi.

Белай птушцы

Калюча над роднаю пожняю,

Балюча над роднай хатай…

У гібелі “белай птушкi” вінаватая безгаспадарчасць чалавека, якая і прывяла да чарнобыльскай трагедыі, да бежанства без вайны.

Дарэчы, пра вайну… Яна нанесла страшную рану паэту: на яго вачах была расстраляна маці. Таму тэма вайны гучыць у многіх творах Купрэева. Недалёка ад яго кватэры ў Папялёве стаяў абеліск салдатам, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, гэта навеяла ў “Правінцыйных фантазіях” арыгінальнае ўвасабленне тэмы вайны – неверагоднае вяртанне загінуўшых і іх адыход, якія кранаюць да слёз:

З брацкіх магіл

з-пад Курска, Варшавы, Берліна

вечарам майскім прыйшлі

ў Зацішша

забітыя Вася, Валодзя і Міша.

Вася — з асколкам у сэрцы,

Валодзя — з прабітымі скронямі.

Міша — сляпы і бязрукі.

Спыняецца Вася

ля роднае хаты:

вясёлых гасцей у пакоях багата,

сядзіць яго ўнучка на покуці

ў вэлюме.

Дзед малады ля парога

ўсміхнуўся,

родным дзвярам пакланіўся

і ціха пайшоў пад Курск.

Спыніўся Валодзя

ля крайняй хаціны:

за акном пасівелая Кацярына

стаіць з ручніком,

палівае на рукі мужчыне.

Першы муж ля парога

з прабітымі скронямі

шэпча: «Жывіце»,

пакланіўся абноўленым

веснічкам,

ціха пайшоў пад Варшаву.

Сем метраў адмераў

ад мосціка Міша —

прытуліўся шчакой

да парэпанай вішні…

За акном ці сабе, ці суседцы,

плачучы, маці чытае:

«Мамачка, добры дзень!

Я жывы і здаровы,

і скора вярнуся»…

Хацеў крыкнуць —

ды голас прастыў у магіле,

хацеў пастукацца ў шыбу…

Ціха пайшоў пад Берлін.

Вось яно: жыццё, памяць, усё, за што ваявалі, – усё ў адным кароткім вершы. Неверагодна, але як праўдзіва!

Пушча з яе таямнічым шумам і цішынёй, вёска з яе працавітымі людзьмі, жыццё, у якім усяму ёсць месца: адчуванням, сяброўству, каханню, роздумам – усё гэта мы бачым у вершах Купрэева. І ўсё гэта было выклікана да жыцця Папялёвам.

Фёдар Яфімаў пісаў: “Мiкола Купрэеў не належыць па ўзросце да новага пакалення. Але яго “белыя”, вольныя вершы, некаторыя ягоныя вобразы дзiўным чынам супадаюць з вобразамi маладзейшых. Можна лiчыць, што свое-асаблiвасць паэта заключаецца ў тым, што ён, нiбы з’яднаўшы ў сабе два пакаленнi беларускай паэзii, знайшоў нейкую меру ў злучэннi новай формы са “старым добрым” зместам, гэта значыць – рэалiстычным у аснове. Як яму гэта ўдаецца? Не ведаю. У паэзii ўсё залежыць ад асобы паэта”.

Віктар Гардзей сказаў: “Паэзія неардынарнага позірку, тэматычна разнастайная і нечаканая яшчэ і сёння, калі і сам творца заснуў вечным сном у “глыбокім пад крыжамі ляску”, выклікае непадробную цікавасць і зацяжныя спрэчкі. Цяпер ужо ніхто не пярэчыць, што Мікола Купрэеў быў яркім прадстаўніком і носьбітам, так званага, новага стылю, які зарадзіўся на пачатку шасцідзясятых гадоў… Творы яго, знешне нязграбныя, часцей з “непрычасанай”, дысананснай рыфмай, з перавагай верлібра і белага верша… У пошуках свайго адметнага, самабытнага стылю, які пазней назвалі “купрэеўскім”, пісьменнік трапіў у магутныя паэтычныя абдымкі Музы”.

Характарызуючы яго творчасць, Уладзімір Калеснік пісаў: “Спантаннасць выяўлення абвостраных пачуццяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, – характэрны каларыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сцежках быцця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненні часам такія рызыкоўныя, што ў душы з’яўляюцца дысаніруючыя рэакцыі…”.

У вершах Купрэева няма пустых словаў. Яго вершы не заварожваюць, а глыбока кранаюць душу. Да М. Купрэева кожны прыходзіць сам, таму што ён вельмі многа можа і хацеў сказаць. Яго вершы трэба чытаць і перачытваць.

Мікола Купрэеў плённа тварыў і ў прозе, асаб-ліва ярка раскрыўшыся ў апошнія гады жыцця. У “папялёўскі” і “пружанскі” перыяды былі створаны наступныя  аповесці: “Дзіцячыя гульні пасля вайны” (1995), “Імгненне светлае” (1996), “Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам” (1997), “Палеская элегія” (1998), “Рэчкаю плывём. Плывём…” (1999), “Пастух у космасе” (2002), “Лісты з млына” (2004).  Аповесць “Дзіцячыя гульні пасля вайны”, якую першым надрукаваў часопіс “Крыніца”, была прызнана лепшым празаічным творам 1995 г.

Самыя розныя літаратурныя крытыкі, аналізуючы прозу Купрэева, прыходзілі да агульнай высновы: лірычная проза аўтара шчырая і праўдзівая, гуманістычная ў сваёй аснове. С. Грышкевіч у артыкуле “Адвечныя лісты з млына…” ў газеце “Заря” пісаў: “У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасць, без штучнага схематызму ў дыялогах, ненатуральных паводзін, серыяльнай тэатральнасці, навамодных сексуальных выкрунтасаў… Аказваецца, пра каханне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе  часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму”.

Шмат матэрыялаў для аповесцей Купрэеў знаходзіў на Пружаншчыне. У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” ёсць яго запісы ўспамінаў жыхароў в. Папялёва і ваколіц аб вайне, перапіска з краязнаўцам, ураджэнцам в. Роўбіцк, М.П. Клімцом і інш.

Папялёўскі перыяд жыцця і творчасці стаў для М.С. Купрэева своеасаблівай працяглай “бол-дзінскай восенню”, “літаратурным рэнесансам”. Паэт здолеў вярнуцца да жыцця, да творчасці. Пасля шматгадовых бадзянняў і беспрытульнасці паэт знайшоў тут Дом, месца, дзе ўсё было яго, куды можна было вярнуцца з паездак, дзе яго паважалі. Але самае галоўнае — паэт здабыў натхненне і стаў тым Купрэевым, якога ведаюць сёння.

Памёр М. Купрэеў у доме састарэлых у пасёлку  Лясная  Баранавіцкага раёна. Пахаваны ў вёсцы Міхнавічы. На надмагільным камені ружанскі майстар Юрый  Малышэўскі  адлюстраваў барэльефны партрэт паэта і  радок, які пачынаў першы зборнік М. Купрэева “Непазбежнасць”: “О, я многа хацеў  вам сказаць”.

Але мы не павінны страчваць тое, што маем. У Пружанах на доме  № 12 па вуліцы Юбілейнай, у якім жыў Купрэеў, ёсць мемарыяльная дошка. А ў Папялёве няма нічога, хаця дом яшчэ стаіць занядбаны.

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” сёння захоўваецца вялікі архіў М.С. Купрэева, выдзелена асобная калекцыя, якая налічвае 492 адзінкі асноўнага фонду і 114 – навукова-дапаможнага. На асобных аркушах, абрыўках паперы, у школьных сшытках, нават на бальнічнай кардыяграме – радкі, напісаныя рукой Мікалая Сямёнавіча – усяго 384 рукапісы (вершы, проза, рабочыя матэрыялы, выпіскі з газет, часопісаў, цытаты і інш.), макет кнігі “Правінцыйныя фантазіі” з пазнакамі  Л. Дранько-Майсюка. Усё, што пройдзена і перадумана, перажыта і  прачута, вылілася ў вершы. У калекцыі таксама – лісты ад калег па пяру  Я. Брыля,  А. Мальдзіса, А. Каско, Я. Саламевіча,             А. Разанава, Л. Галубовіча, А. Пашкевіча, В. Грышкаўца, В. Кухарчука, В. Гардзея, З. Мельнікавай, А. Гардзіцкага, В. Ярца і інш. Ёсць тут і  шматлікія друкаваныя выданні, дакументы, у тым ліку, членскі білет сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дыплом лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, Ганаровая грамата  праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дыплом “Берасцейская зорка’95” і інш.

У сёлетнім маі да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Сямёнавіча Купрэева ў “Пружанскім палацыку” адкрылася мемарыяльная выстава, дзе прадстаўлена 115  унікальных экспанатаў, прысвечаных жыццю і творчасці выдатнага паэта. Яна будзе працаваць да кастрычніка.

Чаму б і ў Папялёве не стварыць мемарыяльны куток паэта і пісьменніка? Дом  можна адрамантаваць. Музей мае магчымасць даць матэрыялы ці іх копіі: рукапісы, пісьмы, кнігі з дароўнымі надпісамі. Там можна праводзіць творчыя сустрэчы, “Купрэеўскія чытанні”. Тым больш, што летам у будынку былой школы працуе аздараўленчы лагер.

У 12 кіламетрах ад вёскі Папялёва сёння праходзіць аб’язная дарога ўздоўж Белавежскай пушчы. У краіне актыўна развіваецца турызм, і падобны мемарыяльны куток якраз здольны прыцягнуць увагу турыстаў. Маршрут Клятное – Папялёва – Лыскава мае шанец стаць захапляльным і пазнавальным.

Святлана Собаль,  Дар’я Місюля, Наталля Пракаповіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *