29 сакавіка на 85-м годзе жыцця пайшоў з жыцця Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў в. Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Брат — беларускі пісьменнік М. Гіль.
Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956) і аспірантуру пры ім. У 1951 годзе працаваў настаўнікам у адной са школ Мінска, у 1960-1986 гадах — на кафедры беларускай літаратуры БДУ.
З 1958 па 1963 гады працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». У 1980-1989 гадах — першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР. З 1989 года — старшыня ТБМ ім. Францыска Скарыны, галоўны рэдактар бюлетэня дадзенай арганізацыі «Наша слова». Дэпутат Вярхоўнага Савета XI і XII скліканняў (1985-1995), старшыня Камітэта па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны ў 1990-1995, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
Ніл Гілевіч быў апошнім з паэтаў, якія насілі званне Народнага. Яно прысуджалася за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў. Гэтага звання былі ўдастоены 8 паэтаў: Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.
Фота kp.by