Воскресенье, 6 октября 2024

Памятная дошка ў гонар партызана Аляксея Антановіча з’явілася на Ліноўскай СШ (+фота)

358

Лінейка, прысвечаная адкрыццю памятнай дошкі ў гонар партызана Аляксея Антановіча, адбылася ў Ліноўскай сярэдняй школе, якая носіць званне «Школа міру». Сімвалічна, што гэтая падзея аказалася прымеркаваная менавіта да 22 чэрвеня — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Але гэтая ж дата — і дзень гібелі героя-падрыўніка ў 1944 годзе.

Урачыстае мерапрыемства сабрала не толькі школьнікаў і сваякоў героя: у ім прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань, дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васіль Казмярчук, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» Алена Антановіч, намеснік пракурора Пружанскага раёна Ірына Жыгалка, начальнік райаддзела ўнутраных спраў Ігар Амельянчук, іншыя запрошаныя госці.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец нагадаў, што фраза «Беларусь памятае» для кожнага з нас — не толькі словы. Гэта і нашы дзеянні. Мы імкнёмся захаваць памяць пра кожнага трэцяга жыхара краіны, які загінуў падчас вайны, пра страшныя і крывавыя падзеі часоў акупацыі, пра людзей, дзякуючы якім мы атрымалі магчымасць жыць пад мірным небам.

Пра тое, што без памяці няма будучыні, казалі ўсе выступоўцы.

Варта нагадаць, што ў верасні мінулага года ў «Раённых буднях» з‘явіўся артыкул, у якім расказвалася пра лёс і подзвігі ўраджэнца в. Занявічы Аляксея Антановіча. У свой час памятная дошка партызану атрада імя Калініна, які загінуў на тэрыторыі цяперашняга Бярозаўскага раёна падчас падрыву 25-га фашысцкага цягніка, была ўстаноўлена на Бакунскай школе. Але школа закрылася — і паўстала пытанне аб пераносе дошкі. Дзякуючы пошуку, праведзенаму членамі Бярозаўскай ветэранскай арганізацыі авіятараў разам з Ліноўскім сельвыканкамам, сваякамі героя, у прыватнасці праўнучкай Вольгай Ільіч, быў удакладнены шэраг дадзеных, а таксама ў рэдакцыйным архіве цудоўным чынам знойдзена фота, якое лічылася страчаным. У выніку пры спонсарскай падтрымцы ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» была выраблена новая дошка, якую вырашылі ўстанавіць на будынку Ліноўскай СШ.

«Мы разам зрабілі святую справу», — адзначылі ў сваіх зваротах да школьнікаў ветэраны-авіятары з г. Бяроза. Яны актыўна вядуць пошукавую работу, выступаюць у вучнёўскіх і маладзёжных калектывах, падтрымліваюць цесныя кантакты і з нашай Пружаншчынай: у свой час у яе ўваходзіла частка цяперашняга Бярозаўскага раёна.

Вельмі ўзрушаны падзеяй былі нашчадкі Аляксея Антановіча. Як расказала яго ўнучка Галіна Чарапенка, у вялікай сям‘і беражліва захоўваецца памяць пра дзеда. Але месца яго гібелі каля Броннай Гары немагчыма было дакладна ўстанавіць, няма і магілы героя, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

«Гэта вельмі цяжка, калі няма магчымасці наведаць месца пахавання роднага чалавека, прывесці сюды сваіх дзяцей, унукаў, а гэта ўжо прапраўнукі Аляксея Антановіча. Своеасаблівы мемарыял у школе якраз і стане для ўсіх нас такім месцам памяці», — адзначыла Галіна Іванаўна.

Ганаровае права адкрыць памятную дошку на будынку школы было прадастаўлена Мікалаю Кудраўцу і Галіне Чарапенка (на здымку).

Госці падарылі дырэктару Ліноўскай СШ Алене Макарэвіч «Кнігу Памяці Бярозаўскага раёна» і шэраг краязнаўчых выданняў для школьнай бібліятэкі. А ў адказ ветэранам-авіятарам была перададзена «Свечка памяці» ад Пружанскага аддзялення грамадскага аб‘яднання «Белая Русь» — у знак таго, што падчас вайны побач змагаліся за сваю Айчыну ўраджэнцы Пружан, Лінова, Бярозы, Малеча… Дарэчы, як мы даведаліся, 22 чэрвеня падчас памятных мерапрыемстваў у г. Бяроза «Свечка памяці» была запалена на брацкай магіле ў Камсамольскім скверы.

І яшчэ пра адно. Урачыстая лінейка ў Ліноўскай школе павінна асабліва запомніцца вучням чацвёртага класа: юныя прадаўжальнікі справы сваіх дзядоў і прадзедаў былі ўрачыста прыняты ў піянеры.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_293913976 і https://ok.ru/budni/album/963380053384