
У студзені гэтага года наш Пружанскі раён адзначае сваё 85-годдзе з дня ўтварэння. Менавіта да гэтай юбілейнай даты 11 студзеня ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы прайшло краязнаўчае падарожжа «Вандроўка па пружанскім краі».
Падчас віртуальнага падарожжа дзеці з цікавасцю слухалі гісторыю нашага раёна. Пружанская зямля мае ўнікальныя старонкі гісторыі. Яна з’яўлялася вотчынай многіх уплывовых магнатаў і манархаў. Пружаншчына была і застаецца натхненнем для пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Тут нарадзілася шмат годных грамадзян сваёй краіны, нашчадкаў слаўных герояў, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі не толькі Пружанскага раёна, але і Беларусі, і за межамі нашай рэспублікі.
Прысутныя пачулі аповед і пра тое, што не толькі Пружаны маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. У кожнай мясцовасці ёсць свае ўнікальныя куточкі і знакамітыя на ўвесь свет людзі. Дзецям расказалі пра помнікі архітэктуры, пра такіх выбітных людзей, як Міхаіл Баброўскі, Францішак Карпінскі, Юзаф Крашэўскі, Рыгор Шырма, Міхаіл Забэйда-Суміцкі, Мікола Засім. Не абышлі ўвагай і знакамітыя мясціны нашага Ліноўскага сельсавета.
У канцы падарожжа была прапанавана невялічкая віктарына, а таксама вучні маглі пазнаёміцца з кніжнай выставай «Мой родны край — часцінка вялікай Радзімы».
Алена Антончык, загадчыца бібліятэкі