У вёсках Гарадзечна і Паддубна 14 кастрычніка праведзены святы і ўрачыстасці.
Спачатку ў Свята-Пакроўскай царкве в.Гарадзечна адбылося набажэнства з нагоды Пакрова Святой Багародзіцы. У гэты сонечны святочны дзень прыхаджане слухалі віншаванні з 191-й гадавінай першага асвячэння царквы (1825 г.), 25-годдзем яе аднаўлення ў 1991 годзе і, зразумела, з Днём маці.
Урачыста-жалобныя мерапрыемствы працягваліся каля помніка-капліцы “Доблесным продкам, палеглым ў бітве 31 ліпеня 1812 года пад в. Гарадзечна”. На асвячэнне надмагільнага помніка перапахаваным тут летась астанкам 39 воінаў прыбылі вяскоўцы, духоўныя асобы і дэлегацыя абласной арганізацыі казакоў на чале з атаманам Р.Р. Матузкам.
Благачынны Камянецкага раённага благачынія а. Сергій правёў малебен па палеглых воінах, а настаяцель Гарадзечненскай царквы а. Георгій асвяціў помнік (дарэчы, узведзены пры фінансавай падтрымцы Пружанскага райвыканкама).
На мерапрыемстве выступіў ураджэнец гэтых мясцін, адзін з ініцыятараў і арганізатараў аднаўлення Свята-Пакроўскай царквы і помніка-капліцы кандыдат гістарычных навук Леанід Несцярчук, слова трымалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання казакоў.
Нагадаем, што помнік-капліца ўпершыню быў пабудаваны ў 1912 г. — да 100-годдзя Гарадзечненскай бітвы, адноўлены з руін і асвечаны архіепіскапам Канстанцінам у 1994 г. Капліца размяшчаецца ў лясным масіве ва ўрочышчы Высокая гара каля в. Паддубна. Паводле прапановы айца Георгія, дзверы капліцы не зачыняюцца, заўжды яе могуць наведаць турысты, цікаўныя і ўсе, хто прыходзіць сюды, каб схіліць галовы перад памяццю воінаў 1812 г., аддаць ім даніну павагі, запаліць свечку, памаліцца і ўскласці кветкі.