Вторник, 21 января 2025

Памяць загінулых жыхароў узгадалі падчас мітынгу ў вёсцы Байкі ў 80-ю гадавіну яе трагедыі (+фота)

317

Усе беларусы ведаюць трагедыю вёскі Хатынь, якая стала сімвалам спаленых вёсак Беларусі. Тут у сакавіку 1943 года было спалена жывымі або забіта 149 жыхароў. У вёсцы Байкі Ружанскага сельсавета, якую часта называюць «сястрой Хатыні», менш чым праз год паўтарылася злачынства супраць чалавечнасці, але людзей загінула амаль у сем разоў больш. У панядзелак, 22 студзеня, у 80-ю гадавіну знішчэння Байкоў каля брацкай магілы традыцыйна сабраліся на мітынг-рэквіем жыхары вёскі, прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі ААТ «Ружаны-Агра» і санаторыя «Ружанскі», члены ветэранскіх арганізацый, вучні Ружанскай і Варанілавіцкай школ.

Традыцыйна мерапрыемства пачалося з агульнай малітвы. Настаяцель Ружанскага Свята-Петра-Паўлаўскага храма Аляксандр Сень адслужыў памінальную ліцію на месцы пахавання.

— Па добрай традыцыі, узгадваючы памерлых, людзі павінны за іх памаліцца, — адзначыў айцец Аляксандр. — Нагадаю, што першае памінальнае богаслужэнне было здзейснена Іаанам Наўродскім у Ружанскай царкве на наступны дзень пасля жудасных падзей. Але людзі, што сабраліся ў храме, не чулі словы малітваў: яны плакалі. Аплаквалі тых мужчын, жанчын, дзетак, хто ўжо не ўстане, не пакрочыць па сваёй зямлі.

Адкрыла мітынг-рэквіем «Памятаць дзеля будучыні» старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская. Яна нагадала, што сёлета наша краіна адзначае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вораг сышоў, але засталіся шматлікія сведчанні яго зверстваў, нечалавечага абыходжання з мірнымі жыхарамі.

— Адно з такіх сведчанняў — наша вёска Байкі. Карная аперацыя, што была праведзена 22 студзеня 1944 года, паказала ўсю сутнасць нямецкага «новага парадку»: пагібель, катаванні, смерць. Так, вёска была адроджана, але ў сэрцах людзей застаўся боль па нявінна загінуўшых родных, і шмат гадоў вяскоўцы жылі з гэтым болем, — з роспаччу казала Аксана Уладзіміраўна.

Для яе, ураджэнкі тутэйшых мясцін, як і для многіх сённяшніх жыхароў Байкоў, якія не бачылі вайны, памяць — гэта лад жыцця, святы абавязак перад продкамі.

Пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі нагадаў пра крымінальную справу аб генацыдзе ў адносінах да беларускага народа, якая распачата Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. У рамках яе пракуратурай раёна ўжо адкрыта нямала «белых плям», устаноўлены раней невядомыя населеныя пункты, знішчаныя нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, месцы прымусовага ўтрымання, расстрэлаў людзей.

— Назва сённяшняга мерапрыемства сведчыць сама за сябе, — лічыць Аляксандр Міхайлавіч. — Тут сярод іншых сёння сабраліся дзеці, школьнікі. І інфармацыю, якую яны атрымаюць ад нас або ад сваіх настаўнікаў, бацькоў, са сродкаў масавай інфармацыі, яны павінны асэнсаваць і перадаць сваім малодшым брацікам і сястрычкам, а пазней — сваім дзецям. Каб памяць пра спаленую вёску жыла ў многіх і многіх пакаленнях беларусаў.

Воін-інтэрнацыяналіст, удзельнік лакальных баявых дзеянняў, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і «За службу Радзіме» 3-й ступені, старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў Узброеных Сіл г.п. Ружаны палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Папоў прызнаўся, што кожны раз, прымаючы ўдзел у падобных мерапрыемствах, з жахам уяўляе сабе сумны лёс не толькі Байкоў, але і кожнай са спаленых беларускіх вёсак. Уладзімір Аляксандравіч расказаў, што ў свой час меў магчымасць пагутарыць з жыхарамі Бярэзніцы, якія памяталі фашысцкія зверствы пры знішчэнні гэтага населенага пункта, чулі стогны і плач людзей, стрэлы, бачылі вялізны пажар… Казаў ён і пра рэаліі сённяшняга дня, калі свет літаральна падыходзіць да мяжы новай вайны. І ўжо задачай сённяшніх пакаленняў становіцца адстаяць мір, даказаць сваё права жыць пад чыстым небам Радзімы.

— Самае галоўнае, што дазволіць супрацьстаяць усім пагрозам, — наша яднанне, адказнае выкананне кожным сваіх абавязкаў, — падкрэсліў ветэран.

Вядучыя мерапрыемства — 11-класнікі Ружанскай СШ імя Казіміра Марача Марыя Горбач і Міхаіл Пацяруха — расказалі прысутным пра даваеннае жыццё Байкоў, дзе было 130 двароў, пражывала больш за 1000 чалавек. Пра дружных, вясёлых і працавітых людзей, якія не жадалі скарыцца фашыстам і актыўна дапамагалі партызанам: амаль з кожнай сям‘і нехта пайшоў у атрад. Пра помсту гітлераўцаў, якія не пашкадавалі нават нованароджаных немаўлят. Пра 12-гадовага Ціхана Барана, хлопчыка-легенду, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Пералічылі і прозвішчы людзей, якія прынялі пакутніцкую смерць: яны выбіты на плітах вакол помніка. Мінутай маўчання ўшанавалі прысутныя іх памяць.

Шмат узнёслых і пранікнёных слоў прагучала з вуснаў дырэктара Варанілавіцкай СШ Святланы Бурвіной. Яна нагадала, што без памяці аб мінулым няма будучыні, гэта ўсведамляюць людзі старэйшых пакаленняў, і вельмі патрэбна, каб асэнсавалі і дзеці.

— Самае галоўнае на свеце — мір. І хочацца, каб кожны з нас рабіў свой унёсак у захаванне яго, — падкрэсліла Святлана Віктараўна.
Пра тое ж казаў і дырэктар Ружанскай СШ імя Казіміра Марача Аляксандр Юрэня.

— Памяць пра падзеі ваенных гадоў — гэта памяць не толькі пра вялікі подзвіг савецкага народа, але і пра жудасныя ахвяры вайны, у тым ліку і сярод мірнага насельніцтва. Менавіта таму гэтая памяць павінна свята захоўвацца, каб нашы дзеці маглі перадаць яе наступным пакаленням, каб сцежка да байкоўскага мемарыяла ніколі не зарасла, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Сямёнавіч.

З дзіцячых вуснаў гучалі вершы, удзельнікі мітынгу зноў і зноў жадалі ўсім прысутным міру і чыстага неба над галавой, чырвонымі кроплямі ззялі на шэрым бетоне помніка гваздзікі, лунаў на халодным ветры дзяржаўны сцяг, піянеры ўздымалі рукі ў салюце пад гукі Дзяржаўнага гімна… Усё традыцыйна.

І раптам нехта спытаў:

— А якім быў той студзеньскі дзень у 44-м? Сцюдзёным?

А ў адказ:

— Напэўна. Тады ж зімы сапраўдныя былі, не тое, што цяпер… Як людзей гналі, бедных, па такім снезе, распраналі да бялізны…

І нібы рэхам данёсся ад заснежанага палетку стогн. Ці то пранізлівы вецер загуў, узняў вышэй за дрэвы снегавую замець, ці душы бязвінна закатаваных людзей падалі знак: «Мы чуем вас, дзякуй за памяць…»

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбомы з жалобнага мітынгу: https://vk.com/album-23306785_301107633 і https://ok.ru/budni/album/973989044104