Чорны дзень 17 ліпеня 1942 года навечна застанецца ў памяці ўсіх жыхароў Пружанскага раёна. Акупанты тады прыступілі да новай тактыкі барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі ў выглядзе знішчэння населеных пунктаў разам з мірнымі людзьмі. Усяго ж на Пружаншчыне было спалена 134 вёскі, 43 з якіх так і не аднавіліся. Аднымі з першых у спісе сталі Казлы, Мокрае, Нямковічы, Краснае, Пасталова, Сілічы і Чорныя Лозы, а таксама шэраг навакольных хутароў.

У памяць той бяды быў узведзены абеліск каля в.Казлы, на месцы расстрэлу мясцовых вяскоўцаў. У жалобным мерапрыемстве, якое прайшло 17 ліпеня бягучага года з нагоды 80-годдзя жудаснай падзеі, прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, прадстаўнікі сельскай улады, адміністрацыйных устаноў сельсавета, работнікі ААТ «Жураўлінае». Да мерапрыемства таксама далучыліся і ўдзельнікі велапрабегу з аздараўленчага лагера «Юны турыст» у Рудніках.

Як зазначыў старшыня райвыканкама, да падобных дат нельга ставіцца, як да другасных, праходзячых міма нашай увагі. Пра такія падзеі трэба заўсёды памятаць.

Яго падтрымала і старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, якая падобныя моманты назвала яднаючымі ў імкненні не дапусціць вайны і жыць мірна.

Думку працягнуў і настаяцель Петрапаўлаўскага храма ў в.Мокрае іерэй Аляксандр Сень, які заклікаў малітвай прымнажаць дабрыню і спагаду паміж людзьмі.

Калі б пахаваныя ў брацкай магіле маглі б уваскрэснуць, то, упэўнены, яны засталіся б задаволенымі ўбачаным. Тым, што захавалася пераемнасць гістарычнай памяці, на што накіраваны абвешчаны сёлета ў нашай краіне тэматычны год. А таксама тым, што ў наступных пакаленняў не знікла адказнасць за сваю зямлю.

У падобных жалобных мерапрыемствах даводзілася прымаць удзел не ўпершыню. Але ж гэтае прызнаю самым кранальным, настолькі псіхалагічна змаглі паўздзейнічаць на прысутных арганізатары мітынгу-рэквіема. Пранікнёныя словы, вершы, песні — усё было да месца і кранала сэрца, душу, а ў некаторых — і вочы, якія міжволі засцілала слязьмі. Нават традыцыйная мінута маўчання прайшла вельмі ўражвальна, пад шчымлівы голас звана з абеліска.
Пасля ўскладання кветак і вянкоў удзельнікі мерапрыемства адправіліся і да іншых брацкіх пахаванняў Мокраўскага сельсавета. Жалобныя паніхіды ў той дзень былі праведзены ў Сілічах, Нямковічах і Красным.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік