Воскресенье, 24 сентября 2023

Памяць пра школу — у сэрцы

647

Прадпрымальнік з Баранавіч зрабіў падарунак Варанілавіцкай сярэдняй школе

У адзін з дзён у рэдакцыю «Раённых будняў» паступіў званок. Тэлефанаваў Мікалай Курыльчык, намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства «Еланва», якое знаходзіцца ў Баранавічах. Ён запрасіў нас у… Варанілавіцкую сярэднюю школу: дырэктар згаданага прадпрыемства меркаваў аказаць спонсарскую дапамогу гэтай установе адукацыі. Нам стала цікава: чаму арганізацыя з Баранавіч аказвае дапамогу школе з нашага раёна? Адказ на гэтае пытанне дала сустрэча.

Па прыездзе на месца добразычліва і ветліва нас сустрэла дырэктар школы Святлана Бурвіна. Пакуль усе былі ў чаканні галоўнага госця, дырэктар правяла міні-экскурсію па школе.

— Паглядзіце, як прыгожа выглядаюць абноўленыя прыступкі нашага ганка. Яны цудоўныя! Гэта ўсё дзякуючы Анатолю Аляксеевічу Чухно, — адзначыла Святлана Віктараўна.

Як аказалася, менавіта так завуць нашага героя. Пасля таго, як мы наведалі некаторыя кабінеты, з’явіўся і сам Анатоль Аляксеевіч.

— Я нарадзіўся ў вёсцы Ласасін. Там пайшоў у першы клас. Паколькі школа ў нас была толькі пачатковая, пасля яе заканчэння я працягнуў вучобу ў суседняй вёсцы Варанілавічы. Першапачаткова мы займаліся ў іншым будынку, і толькі ў 9-м класе перайшлі сюды, дзе і цяпер вучацца дзеці. Тут і скончыліся мае школьныя гады. А нядаўна адзначылі 40 гадоў з моманту выпуску… — расказвае Анатоль Аляксеевіч.

Вось так мы атрымалі адказ на пытанне, якое хвалявала нас перад сустрэчай. А калі гаворка зайшла пра тое, што падштурхнула былога выпускніка на аказанне спонсарскай дапамогі, мы пачулі наступнае:

— Кожны выпускнік, у якога ёсць магчымасць дапамагчы сваёй роднай школе, абавязаны гэта зрабіць. Таксама як і кожны чалавек павінен дапамагаць сваім родным, блізкім людзям, а пры магчымасці і нават незнаёмым, якім гэта неабходна. Мой учынак у дачыненні да роднай школы — гэта справа гонару, — адзначыў былы выпускнік Варанілавіцкай СШ.

У хуткім часе празвінеў званок, які паклікаў усіх вучняў на лінейку ў школьным двары, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы Анатоль Чухно перадаў установе адукацыі падарунак — новы ноўтбук і камп’ютар у дадатак да нядаўна адрэканструяванага ганка.

— Гэта вельмі радасная падзея для ўсяго калектыву нашай школы, — падкрэсліла дырэктар установы адукацыі Святлана Бурвіна. — Лічу патрэбным сказаць, што Анатоль Аляксеевіч ужо не першы раз выступае спонсарам. Проста гэта нідзе не афішыравалася: ён вельмі сціплы чалавек, робіць добрыя справы без агалоскі.

У мінулы раз, як стала вядома, Анатоль Чухно падарыў сваёй роднай школе камп’ютар і мікрафон. Вучні і настаўнікі былі вельмі рады гэтаму, бо для вучобы і працы заўсёды неабходна добрая тэхніка.

— Выдатна, што ёсць такія людзі. Прыгажосць і добрыя справы выратуюць свет! — дадала Святлана Віктараўна.

У знак удзячнасці школьнікі таксама зрабілі сюрпрыз Анатолю Аляксеевічу, уручылі яму прыгожую карціну. Не засталіся без падарунка ад Варанілавіцкай школы і работнікі рэдакцыі: нам уручылі ўласнаручна створаную карціну з папяровых кветачак.

Па дарозе назад успаміналіся моманты, якія падарыла нам раніца таго дня, тады я зразумеў, што дабрыня — гэта мова, на якой гаворыць сэрца.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік