У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва, які ладзіцца кожны трэці чацвер месяца, Пружаншчыну наведаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.
Ён сустрэўся з працоўным калектывам Пружанскага раёна газазабеспячэння. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, гендырэктар УП «Брэстаблгаз» Яўген Казімірчык і дырэктар філіяла ВУ «Кобрынгаз» Дзмітрый Манцэвіч.
Валерый Паўлавіч адразу зазначыў, што свядома захацеў сустрэцца менавіта з работнікамі газавай службы. Усё таму, што гэтая галіна народнай гаспадаркі вызначаецца належнымі ўмовамі працы, высокімі патрабаваннямі да працоўнай дысцыпліны, а яе спецыялісты — адказным стаўленнем да сваіх абавязкаў. Гэта варта лічыць узорам для іншых накірункаў эканомікі.
— Калі ў кожнай галіне будзе такі парадак, то ўвогуле эканоміка нашай рэспублікі выйдзе на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце, — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У сваім выступленні Валерый Вакульчык адзначыў, што здабыткаў у нас і так нямала, але патрэбна, каб іх стала яшчэ больш. Гэта дазволіць стаць поўнасцю незалежнымі ад абстаноўкі за межамі краіны. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на актыўную газіфікацыю, якая дасягнула цяперашніх тэмпаў менавіта ў апошнія два дзесяцігоддзі. І не збіраецца іх збаўляць.
Падобная тэндэнцыя вызначаецца па іншых эканамічных вектарах. Гэта поўнасцю лагічна ў цяперашняй сусветнай сітуацыі. Але ці здолее Беларусь выйсці пераможцай у санкцыйным супрацьстаянні? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад нашай агульнай працы.
Таму зразумелым было пытанне, зададзенае выступоўцу ад імя калектыву газавікоў: ці плануецца ствараць новыя вытворчасці ў Брэсцкім рэгіёне?
— Больш за тое, зазначу, што яны ўжо адкрываюцца. Амаль у кожным раёне ёсць станоўчая інфармацыя, якая тычыцца руху наперад сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў, прамысловых прадпрыемстваў, — адказаў Валерый Паўлавіч.
Дэталізаваў гэты адказ інспектара па Брэсцкай вобласці старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які прывёў у прыклад ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў». Прадпрыемства асвойвае новую элементную базу для КАМАЗ, АўтаВАЗ, што раней пастаўлялася ад галандскіх ці дацкіх вытворцаў.
— Ёсць на Пружаншчыне і іншыя напрацоўкі, прычым не ў планах, а ўжо на стадыі папярэдніх разлікаў, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.
Пасля размовы Валерый Вакульчык азнаёміўся з працай калектыву прадпрыемства, наведаў структурныя падраздзяленні. Асаблівую ўвагу ўдзяліў працэсу газіфікацыі Пружаншчыны, пацікавіўся, якія работы цяпер вядуцца і што будзе далей.
Неабходную інфармацыю госцю даводзілі кіраўнікі вышэйстаячых устаноў галіны. Напрыклад, падрабязна спыніліся на работах, што зараз ідуць у Лыскаўскай зоне, таксама агучылі намеры і па іншых населеных пунктах.
Са свайго боку старшыня Пружанскага райвыканкама прапанаваў вырашыць адпаведнае пытанне і па Сухопальска-Роўбіцкай зоне. Там пражывае нямала людзей, а карыстаюцца яны звадкаваным газам: спажыўцоў прыроднага блакітнага паліва хопіць і тут.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік