Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык 2 лютага з рабочым візітам наведаў гарадскі паселак Ружаны. Разам са старшынёй Пружанскага райвыканкама Юрыем Бісуном яны правялі сустрэчу з калектывам ТАА «Ружанская мэблевая кампанія», а затым асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Ружанскім сельвыканкаме.

Дырэктар прадпрыемства Валерый Закшэўскі напачатку правёў невялікую экскурсію, расказаў пра вытворчасць, прадукцыю і рынкі яе збыту.
У звароце да работнікаў фабрыкі Юрый Бісун расказаў аб мэтах сустрэчы: 27 лютага адбудзецца Рэспубліканскі рэферендум, на які выносяцца на прыняцце грамадзянамі краіны змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Затым слова ўзяў Валерый Вакульчык. Валерый Паўлавіч звярнуў увагу на мноства канкрэтных перадумоў, якія запатрабавалі ўнесці змяненні ў Асноўны Закон нашай краіны і правесці рэферендум. Яны ўзніклі не ў мінулым годзе і не ў пазамінулым, а раней, яшчэ ў 2016-м.
Работа над новай рэдакцыяй ішла карпатлівая. На адкрытых пляцоўках, якія праводзіліся на працягу года, выказваліся думкі, выносіліся прапановы, працавалі камісіі, у склад якіх уваходзілі навукоўцы, дэпутаты, актывісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Напрыканцы мінулага года праект быў распаўсюджаны як у друкаванай версіі, так і ў электроннай. Пасля дапрацоўкі выйшла ў свет канчатковая рэдакцыя змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон, якую і будзем прымаць на рэферэндуме.
Валерый Вакульчык нагадаў, які шлях пераадолела краіна пасля прыняцця ў 1994 годзе Канстытуцыі ўжо незалежнай Беларусі, што ўдалося зрабіць, якія прыярытэты захаваць. Наколькі важна, што, нягледзячы на ўсебаковыя перашкоды і санкцыі, Беларусь засталася сацыяльна арыентаванай краінай, для якой галоўнае — дабрабыт і інтарэсы кожнага чалавека.

Памочнік Прэзідэнта прыводзіў рознабаковыя прыклады, рабіў высновы, даваў абгрунтаваныя доказы таго, што Беларусь – астравок свету, дзе клапоцяцца пра чалавека не на словах, а на справе. Нам пагражаюць, спрабуюць задушыць ціскамі санкцый, але разам з Расіяй мы зможам процістаяць розным пагрозам.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Юрый Бісун таксама прывёў важкія аргументы, чаму трэба ўсім прыйсці на рэферэндум і аддаць свой голас за будучыню нашай краіны. З Канстытуцыяй, якую мы прымем, жыць не адзін дзясятак гадоў. Гэта наша будучыня, наш дабрабыт, наша непахісная незалежнасць.

На развітанне госці падзякавалі калектыву за добрую працу, уменне выпускаць якасную, запатрабаваную прадукцыю, пажадалі дабрабыту і моцнага здароўя.
На прыём да Валерыя Вакульчыка запісалася дзевяць чалавек. З улікам пажаданняў падчас папярэдняга запісу з некаторымі заяўнікамі размова ішла па тэлефоне. Так аказалася зручней для грамадзян сталага ўзросту, бо кантактаваць у гэты каранавірусны час лепш на добрай адлегласці. А некаторыя заяўнікі прыехалі нават з-за межаў раёна.
Пытанні былі розныя: выдзяленне дадатковых надзелаў зямлі, якасць капітальнага рамонту шматкватэрнага дома і добраўпарадкаванне вакол яго, добраўпарадкаванне каля возера Паперня, будаўніцтва аб‘язной дарогі вакол Ружан, вядзенне асабістай гаспадаркі і іншыя.
Некаторыя з запісаўшыхся на прыём пачыналі свае звароты са слоў “патрабую”, “павінны зрабіць”. Але перш чым патрабаваць, як зазначыў Валерый Паўлавіч, трэба мець на гэта грунтоўныя высновы.

Напрыклад, адкрыццё магазіна ў адной з вёсак раёна, дзе менш за сотню жыхароў. Трымаць прадаўца, выплачваць яму зарплату, гандлёвую кропку забяспечваць ацяпленнем, вадой і іншым неабходным абслугоўваннем — гэта эканамічна неабгрунтавана. Пружанскае райспажыўтаварыства, калі возьме на сябе падобныя затраты, можа зусім знікнуць, як гэта адбылося са многімі спажыўтаварыствамі, напрыклад, на Гомельшчыне. Такога дапусціць нельга.
Маланаселеныя вёскі, а ў дадзеным выпадку размова ішла пра Белы Лясок і Ківачына, аўтамагазін абслугоўвае два разы на тыдзень з пяццю кропкамі прыпынку. Выручка ад кожнай паездкі вельмі невялікая — ад трох да дзевяці рублёў. Аб гэтым паведаміў старшыня райспажыўтаварыства Дзмітрый Карпей, які прысутнічаў на прыёме. У асноўным, да аўтакрамы жыхары падыхозяць, каб набыць самае неабходнае — хлеб, малочныя прадукты. З чаго тут можа складацца выручка? Райспажыўтаварыства нават мае намер за сімвалічную плату прадаць або здаць у арэнду гандлёвую кропку, якая стаіць без справы.
Валерый Вакульчык прапанаваў старасце вёскі праявіць ініцыятыву і знайсці прадпрымальніка, які гатовы адкрыць тут магазін, у якім можна было б гандляваць не толькі харчовымі, але і прамысловымі таварамі, сувенірамі. Месцы тут прыгожыя, турыстычныя.

Адзін тэлефонны суразмоўца скардзіўся на тое, што не прадастаўляюцца сацыяльныя пуцёўкі ў санаторый “Ружанскі”. Прысутны на прыёме дырэктар санаторыя Уладзімір Карпечкін паведаміў пра спецыфіку прадастаўлення пуцёвак. Расказаў пра ільготныя праекты, разлічаныя на пенсіянераў. Для такой катэгорыі насельніцтва дзейнічаюць скідкі на пражыванне і лячэнне да 20%, ёсць яшчэ і скідкі сезонныя. Уладзімір Іванавіч асобна звязаўся з заяўнікам і прапанаваў набыць ільготную пуцёўку, але той адмовіўся.
Многія пытанні, з якімі звярталіся да Валерыя Вакульчыка, патрабуюць дэталёвага вывучэння. Вырашэнне іх або пошукі шляхоў вырашэння знаходзяцца як на кантролі райвыканкама, так і асабіста памочніка Прэзідэнта.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
