У Брэсце 14 верасня далі старт марафону мужнасці «Першы рэгіён. Сіла ў адзінстве». Такі праект у Брэсцкай вобласці рэалізуюць больш за дзесяць гадоў. На гэты раз ён прысвечаны Дню народнага адзінства. Яго ўдзельнікамі сталі 40 маладых людзей, у тым ліку прадстаўнікі Пружаншчыны — Іна Хвядун і Алена Грынкевіч з ААТ «Жураўлінае».
У шлях удзельнікі марафону мужнасці адправіліся з Брэста. У абласным цэнтры ля помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў 1939 і 1944-1945 гадах, прайшоў мітынг. Наступны пункт на маршруце — мемарыяльны комплекс «Драмлёва» ў Жабінкаўскім раёне. У Кобрыне маладыя людзі пабывалі ў політэхнічным каледжы, наведалі яго музей і сустрэліся з навучэнцамі. Затым юнакоў і дзяўчат чакалі ў Драгічыне. Там яны ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям, пасля чаго згулялі ў інтэлектуальным турніры «Калі адзіныя — мы непераможныя». Другую палову дня маладыя людзі правялі ў Пінску. На наступны дзень марафон накіраваўся ў Столінскі раён. Ва ўрочышчы Стасіна моладзь усклала кветкі ў мемарыяльным комплексе і ўшанавала памяць ахвяр фашызму. У Ганцавіцкім раёне ўдзельнікаў чакала займальная экскурсія на эксперыментальную базу Цэнтральнага батанічнага саду НАН «Журавінка». Пасля быў пераезд да Кургана Славы ва ўрочышчы Горкі, дзе была адкрыта таблічка з QR-кодам па праекце «Лічбавая зорка».
Фінальнай кропкай у маршруце сталі Баранавічы. Там таксама адбылося адкрыццё таблічкі «Лічбавай зоркі», якая з’явілася на тэрыторыі Пакроўскага сабора.
«У кожным горадзе і раёне нас сустракалі каля 100 чалавек. Гэта вельмі важна, бо мы па-вінны адчуваць плячо адзін аднаго і разумець, што адзіныя. Важна, каб маладыя людзі валодалі інфармацыяй пра знакавыя месцы нашай вобласці і наведвалі іх. На мой погляд, па-сапраў-днаму моладзь можа палюбіць краіну тады, калі будзе ведаць пра яе трагічнае мінулае і бачыць дасягненні. Нам ёсць чым ганарыцца», — падкрэсліў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Юрый Сегенюк.
Па матэрыялах БЕЛТА