Прыйшла вясна — пара… Няхай кожны з чытачоў сам падбярэ свае эпітэты да гэтых чароўных веснавых месяцаў. Але калі мы спытаем у хлебаробаў, то яны несумненна адкажуць: гэта час сеяць, дбаць пра будучы ўраджай, словам, займацца адвечнай, сялянскай, пачэснай працай. Ад сябе дадам, мужыцкай, бо менавіта ён, сапраўдны мужчына, дбае пра тое, каб заўсёды быў кавалак хлеба на нашым стале. Вось такія мужчыны і задзейнічаны на дзень сённяшні на веснавых работах у ААТ «Роўбіцкае».

Сапраўды, сельгаставарыства па сваіх зямельных плошчах не ў лідарах у раёне. Але дадзеная акалічнасць ніяк не гаворыць пра тое, што людзі тут менш старанныя, адказныя і руплівыя. Да прыкладу, вулей можа быць і вялікі, калі ж у ім многа трутняў, мёду ў дастатку не чакай!

Таму шчыруюць у гаспадарцы кожны год па вясне механізатары, аграномы, вадзіцелі, каб было і сабе, і людзям добрым.
Падчас наведвання ААТ «Роўбіцкае» карэспандэнтамі «раёнкі» веснавыя работы вяліся поўным ходам. Завіталі разам з дырэктарам сельгаставарыства Сяргеем Сцяпанавым на палетак у 40 га каля в. Чадзель, дзе ўносілі арганічнае ўгнаенне пад яравую сяўбу. Пры плане нарыхтоўкі гэтага ўгнаення ў 23 тыс. тон выйшлі на лічбу ў 24 тыс. тон. Уся арганіка своечасова і ў поўным аб’ёме была вывезена на палеткі. Цяпер два энерганасычаныя трактары «Беларус 3022» з раскідвальнікамі РОУМ-14 і ПМФ-18 аператыўна і шчодра ўносяць угнаенне, за дзень на кожнага механізатара прыпадае недзе 600 тон, калі не ўлічваць непрадбачаных перапынкаў: нас не чакалі, а мы тут як тут. Дарэчы, пераважная колькасць арганікі ў ААТ «Роўбіцкае» будзе ўнесена пад кукурузу і на пясчаніках, дзе будзе пасеяны сёлета яравы ячмень.

Які наступны крок? У сельгаставарыстве гэта дыскаванне глебы. Такі агратэхнічны прыём праводзіцца тады, калі глеба вільготная і лёгка разрыхляецца. Дадзены працэс у сельскай гаспадарцы дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для пранікнення ў зямлю вільгаці і кіслароду. Работа даручана, па словах Сяргея Сцяпанава, хоць і маладому, але вельмі перспектыўнаму механізатару Мікіце Мухлыніну. Хлопец прыйшоў у таварыства не так даўно ў якасці вадзіцеля. Але і трактарыст з яго што трэба: калі даручыш пасяўную, шкадаваць потым не давядзецца! А калі дадаць, што працуе цяпер на новым энерганасычаным трактары «Беларус 3522», то і работа ідзе ўдвая хутчэй і эфектыўней. Пасля насычэння глебы пажыўнымі рэчывамі настане чарга ўзворвання. Нехта заўважыць, што правядзенне столькіх работ на сельгасугоддзях можа быць не рэнтабельным. Але Сяргей Сяргеевіч робіць папраўку: трэба заўсёды бачыць, з якой зямлёй працуеш і пры якіх умовах разлічваць на добры ўраджай.

Канечне ж, куды ў сучасным свеце без мінеральных угнаенняў?! Іх карысць і мэтазгоднасць даказана. Таму яны і выкарыстоўваюцца кожны год па ўсёй краіне падчас пасяўной кампаніі. У ААТ «Роўбіцкае» назапашана 221 тона дзеючага рэчыва мінералаў, абавязкова будуць выкарыстоўвацца фосфарныя і азотныя ўгнаенні. На гэтым жа тыдні каля аг. Роўбіцк уносіўся хлорысты калій — асноўнае калійнае ўгнаенне ва ўсім свеце — пад будучую царыцу палёў. Акрамя кукурузы, гэты мінерал любяць цукровыя і кармавыя буракі, сланечнік і многая агародніна.
Быць гаспадаром на сваёй зямлі не так ужо і цяжка. Трэба толькі запомніць, што перш чым патрабаваць, трэба штосьці аддаць. Хочаш атрымаць багаты ўраджай, спачатку ўкладзі душу ў зямельку. А яна, наша родная, ужо пастараецца аддзячыць сваімі дарамі.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік