Понедельник, 16 сентября 2024

Палац культуры падрыхтаваў і правёў святочны канцэрт да 23 лютага

445

Дзень абаронцаў Айчыны ўжо даўно перастаў быць выключна святам тых, хто адслужыў у войску. Віншаванні з нагоды 23 лютага атрымліваюць літаральна ўсе мужчыны: цёплыя словы гучаць у сем‘ях, у працоўных калектывах і нават у школьных класах. Не мог пакінуць пружанскіх мужчын без сюрпрызу і Палац культуры.


Для самых моцных, адказных, мужных і клапатлівых культработнікі падрыхтавалі святочны канцэрт. Наведаць яго мог любы жадаючы.
Паўтарагадзінная праграма была насычана душэўнымі і прыгожымі нумарамі. Перад мужчынамі ў іх дзень выступілі салісткі Палаца культуры Кацярына Цяжолава, Ульяна Кунда, Анастасія Ціхановіч, Таццяна Сёмуха, Валянціна Іванцова і Яніна Цюшкевіч.


Вялікае захапленне выклікала танцавальная кампазіцыя харэа-графічнага аддзялення ДШМ імя Р.Р.Шырмы «Свет без вайны». Ёй дзеці хацелі сказаць, што самыя галоўныя каштоўнасці на свеце – любоў і павага да іншых.


Шчырыя апладысменты гледачоў гучалі ў адрас народнага ансамбля танца «Спадчына» і ўзорнага ансамбля «Рубікон». Вельмі цёпла сустрэлі прысутныя вакальны гурт «Жамчужына». Яго ўдзельніцы — восем жанчын рознага ўзросту — здолелі прымусіць некаторых устаць з месцаў і падтанцоўваць.


Сімвалічным завяршэннем канцэрта стала выступленне народнага арт-гурта «Родники». Алёна Жмайлік, Таццяна і Марына Паласьмак выканалі песню «Хай светам кіруе каханне», тым самым падкрэсліўшы, што толькі гэтае пачуццё дазваляе мужчынам быць сапраўднымі абаронцамі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.