
Час няўмольна адлічвае гады, але ёсць даты, перад якімі ён запавольвае рух.
9 Мая — не проста чырвоны дзень у календары, а вечны сімвал мужнасці, смутку і нязломнай сілы духу. Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ўспаміны нашчадкаў «бессмяротнага палка» гучаць асабліва пранізліва, нібы рэха далёкіх залпаў салюту, якое даносіцца скрозь дзесяцігоддзі.
Мы зноў гартаем старонкі сямейных хронік, успамінаем нашых ветэранаў, каб ажывіць у словах тыя пачуцці, што не змаглі сцерці гады. Бо пакуль мы памятаем — яны жывыя, пакуль мы ўдзячныя — іх Перамога працягваецца…
— Мой бацька, Канстанцін Севасцьянавіч Станкевіч, быў прызваны на фронт у жніўні 1944 года, адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Яму тады было ўсяго 19 гадоў. Пачатковую ваенную падрыхтоўку праходзіў у г. Кастрама, у Расіі. Ужо адтуль накіравалі на 1-ы Беларускі фронт у 33-ю армію. Баявыя дзеянні пачаў з Сандамірскага плацдарма ў напрамку да Варшавы, удзельнічаў у баях за яе вызваленне, — дзеліцца сваімі ўспамінамі дачка ветэрана, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан. — Тата, як і ўсе, хто прайшоў франтавымі дарогамі, не любіў расказваць пра вайну. Ён заўсёды падкрэсліваў, што вайна — гэта боль, слёзы, страты. Маўляў, пра што там казаць. Але дзякуючы майму старэйшаму брату Георгію, які ледзь угаварыў бацьку падзяліцца ўспамінамі, мы зараз валодаем гэтай гісторыяй, якую беражліва захоўваем і перадаём нашым дзецям, унукам і праўнукам.
З успамінаў К.С. Станкевіча:
«1941 год… Чорныя сілы фашыстаў абрынуліся на нашу краіну, на мірную працу савецкіх людзей. Усе як адзін, і стары, і малы паўсталі на абарону Радзімы. Мне ў самым пачатку вайны споўнілася ўсяго 16 гадоў. Жыў я ў вёсцы Шубічы Пружанскага раёна. Ужо падлеткам разумеў, якую бяду прынесла гэтая страшная вайна нашай краіне, усім нам, мірным людзям. Адным словам, на нашай зямлі лютавалі фашысты…
…Асабліва памятным стала для мяне 14 студзеня 1945 года: у баі з нямецкімі танкамі я падбіў «Тыгр», гэтым самым выратаваў шматлікіх байцоў, маіх сяброў і таварышаў па службе. За знішчаны фашысцкі танк быў удастоены высокай узнагароды — медаля «За адвагу». На жаль, у гэтым баі я быў цяжка паранены і патрапіў у шпіталь. Пасля выздараўлення вярнуўся ў сваю часць і працягнуў баявыя дзеянні ў раёне ракі Одэр».
Мы добра памятаем з гісторыі — чым хутчэй набліжалася Перамога, тым большую жорсткасць набіралі баі. Немцы адчувалі сваё паражэнне і кідалі ў ход апошнія сілы. Так здарылася і з палком, дзе ваяваў Канстанцін Севасцьянавіч. Наш зямляк быў стралком супрацьтанкавай стрэльбы, ваяваў у розных часцях, але заўсёды знаходзіўся там, дзе быў патрэбны сваёй Радзіме.
16 красавіка 1945 года падчас кровапралітных баёў пры прарыве фронту ў раёне горада Франкфурт трапіў пад абстрэл — і зноў раненне. Радасная вестка аб перамозе над фашысцкай Германіяй дайшла да яго па дарозе ў тылавы шпіталь, у г. Ош Кіргізскай ССР.
З успамінаў К.С. Станкевіча:
«Мы ўсе былі не проста рады, мы былі абсалютна шчаслівыя: радаваліся, спявалі, будавалі планы на сапраўднае мірнае жыццё. Марылі аб тым, што зусім хутка, як толькі раны зажывуць, зможам вярнуцца дадому, абняць сваіх маці, родных і блізкіх».
Але планам салдата аб хуткім вяртанні дадому не наканавана было спраўдзіцца. Пасля шпіталю восенню 1945 ён трапіў на службу ў роту аховы лагера для ваеннапалонных японцаў. Пазней, да 1948 года, служыў у Туркменіі — у Ашхабадзе.
З успамінаў К.С. Станкевіча:
«Дадому вельмі хацелася, па начах сніліся родныя, вясковыя вулачкі і водар свежага сена. Як пайшоў у дзеючую армію ў жніўні 1944 года, то вярнуўся толькі ў сакавіку 1948-га. Вайна расцягнулася для мяне амаль на чатыры гады. Але так было патрэбна Радзіме, і я добрасумленна выконваў свой салдацкі абавязак».
— Бацька заўсёды падкрэсліваў, — кажа Таццяна Канстанцінаўна, — што на фронце не было баязліўцаў, ва ўсякім разе яму не сустракаліся. Ваявалі самааддана, не думаючы аб сваім жыцці, а толькі аб тым, як разграміць ворага. Але былі боль і страты: толькі што кашу з аднаго кацялка з франтавым таварышам елі, а праз некалькі хвілін яго забілі. І гэты боль быў немагчымы. А яшчэ ён часта паўтараў: калі б не здарылася Перамога, не было б нічога: ні святаў, ні краіны, ні жыцця…
За баявыя заслугі Канстанцін Станкевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй», юбілейнымі медалямі. Цяпер гэтыя рэліквіі беражліва захоўваюцца ў малодшага сына Аляксандра. Разам з імі захаваліся чырвонаармейская і стралковая кніжкі, ваенны білет, некалькі франтавых фатаграфій з баявымі сябрамі.
У сям’і Станкевічаў і Кашкан, як і пры жыцці Канстанціна Севасцьянавіча, кожнае 9 Мая чакаюць з нецярпеннем і рыхтуюцца да яго, як да самага галоўнага свята ў годзе. Як сапраўдныя патрыёты краіны і ваеннай гісторыі, нашчадкі ветэрана абавязкова ідуць на мітынг, ускладаюць кветкі, шануюць памяць воінаў-вызваліцеляў мінутай маўчання. Наведваюць магілу бацькі і са слязамі на вачах і павагай у сэрцы ўспамінаюць свайго героя. А на святочным стале ў гэты дзень — любімая страва ветэрана, пярловая каша з мясам, франтавы смак якой ён так і не змог забыць нават пасля вайны.
У мірны час сваю працоўную біяграфію Канстанцін Станкевіч назаўжды звязаў са службай у Пружанскай пажарнай часці. Быў начальнікам каравула, і гэта праца была яму па душы — усё тое ж выратаванне людзей у любых абставінах. Неаднойчы ўзнагароджваўся за добрасумленную працу, перамогі ў спаборніцтвах па пажарна-прыкладным спорце. У сакавіку 1970 года яму было прысвоена званне «Суддзя па пажарным спорце». Вось так Канстанцін Севасцьянавіч на ўсё жыццё застаўся верным службе, вайсковаму абавязку, Айчыне.
Нашы бацькі, дзеды і прадзеды ступілі ў бяссмерце, пакінуўшы нам самае дарагое — мірнае неба і права жыць. І пакуль у сем’ях беражліва захоўваюць пажоўклыя ад часу фотаздымкі, франтавыя лісты і гісторыі, подзвіг герояў не будзе забыты. Памяць аб іх — не проста даніна павагі, а злучальная нітка паміж пакаленнямі і напамін пра тое, якой цаной заваявана наша мірнае шчасце.
Вечная памяць воінам-вызваліцелям!
Ірына Велясевіч
Фота з сямейнага архіва
