З 1 студзеня бягучага года для фізічных асоб уведзены дадатковы спецыяльны рэжым падаткаабкладання «Падатак на прафесійны даход» (ППД). У газеце было выступленне прадстаўнікоў падатковай інспекцыі з падрабязным апісаннем акалічнасцяў. Але хацелася б пачуць меркаванні і тых, хто паспеў скарыстацца заяўленымі перавагамі.
Са званка ў рэдакцыю.
Па словах начальніка ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб раённай інспекцыі па падатках і зборах Святланы Жук, галоўная перавага новага рэжыму ў тым, што падатак плацiцца не наперад, а па факце ад заробленага даходу. Пераход на новы рэжым падаткаабкладання дае магчымасць паклапаціцца аб сваім будучым — пенсіённым забеспячэнні. Новы рэжым падаткаабкладання максімальна спрошчаны і даступны для розных катэгорый насельніцтва.

І гэта не проста запэўніванне адказнага спецыяліста, а сапраўды так. Мяркуйце самі.
Першы крок
На сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь www.nalog.gov.by дастаткова спампаваць дадатак на тую прыладу, якой больш карыстаецеся. Гэта могуць быць камп’ютар, планшэт або мабільны тэлефон, падключаныя да інтэрнэту. Потым выконваецца рэгістрацыя ў сістэме. Апошняя з’яўляецца аўтаматычным афіцыйным афармленнем, інфармацыя пра якое адпраўляецца ў электронным выглядзе ў мясцовы падатковы орган. Такі ж прынцып дзейнічае і пры выхадзе з сістэмы: дастаткова націснуць кнопку адмовы ад рэжыму — і зноў інспекцыя атрымае аўтаматычнае паведамленне. Пры гэтым пераход на ППД ажыццяўляецца добраахвотна.
Другі крок
Падчас ажыццяўлення дзейнасці, якая дае магчымасць атрымліваць прафесійны даход, можна ў рэальнасці ацаніць усе перавагі:
- Памер ППД пры рабоце з фізічнымі асобамі, а таксама з замежнымi iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi i арганiзацыямi складае 10%. У гэтую долю ўключаны сам падатак і плацяжы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Падатковая інспекцыя самастойна размяркоўвае грашовыя паступленні ў вызначаныя сферы. Больш за тое, калі плацельшчык атрымлівае пенсію (не мае значэння якую), то памер падатку будзе складаць усяго 4% ад даходу.
- Адзіны падатак, які раней прымяняўся безальтэрнатыўна, уносіўся да пачатку працоўнай дзейнасці. Незалежна ад таго, з якой даты наступнага месяца пачыналася работа, контрагент аплачваў вызначаную суму загадзя. Напрыклад, прафесійны фатограф вырашыў адкрыць сваю справу без адкрыцця ІП з 10 лютага, гэта значыць, што ён загадзя павiнен быў аплацiць стаўку ў памеры 294 рублёў. Падатак на прафесійны даход бярэцца толькі ад ужо заробленай сумы. Калі ж па розных прычынах дзейнасць давялося спыніць і даходаў няма, то і падатку не будзе.
- Тым, хто ўпершыню зарэгістраваўся ў названай сістэме, даецца льгота — неабкладанне падаткам першых заробленых 2000 рублёў, якія вызначаюцца шляхам падсумавання незалежна ад таго часу, што спатрэбіцца на атрыманне гэтых грошай. Указаны ліміт, напрыклад, можна набраць за адзін або некалькі месяцаў. Калі заробак перавысіць 2000 рублёў, то пачынаюць брацца абавязковыя плацяжы. У той жа час ліміт страчваецца, калі грамадзянін паспрабаваў новы рэжым падаткаабкладання, а потым адмовіўся ад яго. Пры наступным падключэнні льготы ўжо не будзе.
- Многія функцыі сістэма бярэ на сябе. Ніякія дэкларацыі і падатковыя справаздачы не патрэбны. Інфармацыя аб квітках аўтаматычна паступае ў падатковы орган. Больш за тое, праграма вядзе ўласную статыстыку, карыстаючыся якой можна ацаніць паспяховасць сваёй справы, падлічыць мэтазгоднасць карыстання новым рэжымам падаткаабкладання.
Трэці крок
Нямала пытанняў выклікае неабходнасць афармлення касавых квіткоў. Як паведамляе начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Святлана Жук, на новы рэжым у студзені перайшло ўжо каля 70 контрагентаў. Сярод тых, хто паспеў здзейсніць некалькі аперацый, — вядомы ў раёне прафесійны фатограф Сяргей Кавальчук (на здымку), да якога мы звярнуліся з просьбай расказаць пра магчымыя «падводныя камяні». І ён пацвердзіў афіцыйную інфармацыю больш чым поўнасцю.

— Першае, што мяне прывабіла, гэта прадуманая абарона персанальных дадзеных, — зазначае суразмоўца. — Зразумела, што многія аперацыі ажыццяўляюць з дапамогай смартфона, які можа згубіцца. Таму можна задаць уваход у свой кабінет па адбітку пальца. Калі давядзецца аднавіць рэгістрацыю, то працэдура выконваецца проста менавіта для таго, хто ведае персанальныя дадзеныя. Чужому доступ забаронены.
Акрамя таго, Сяргей Кавальчук падкрэслівае перавагу аплаты падатку па факце дзейнасці, а не загадзя. У прыватнасці, ён успамінае складаны час каранцінных абмежаванняў, калі ў многіх сарваліся кантракты з-за адмены масавых мерапрыемстваў і закрыцця кропак грамадскага сэрвісу.
— Больш за тое, мне складана дакладна вылічыць, колькі грошай удасца зарабіць за месяц, бо здараюцца моманты, калі заказчык адмаўляецца ад папярэдняй дамовы. Цяпер жа я застрахаваны ад такіх форс-мажораў. Акрамя таго, у мяне вялікія цяжкасці выклікала афармленне дэкларацыі і іншых справаздач. Цяпер такой неабходнасці няма.
Сяргей Кавальчук таксама пераканаўся ў спрашчэнні працэдуры выдачы квіткоў сваім кліентам. Так, складаць касавыя квіткі па-ранейшаму неабходна, але цяпер для гэтага не патрэбна касавае абсталяванне: у праграме ўжо маюцца неабходныя ўзоры, для запаўнення якіх дастаткова націснуць некалькі кнопак. Кліенту квіток адпраўляецца ў электронным варыянце на пошту, праз мабільныя дадаткі, пры магчымасці яго можна і надрукаваць. А яшчэ можна з дапамогай праграмы ажыццяўляць безнаяўныя аперацыі. Таксама фатограф дадаў, што працэнтная стаўка куды больш выгадная ў параўнанні з вызначанай сумай падатку. Апошняя можа павялічыцца, з-за чаго рэнтабельнасць справы пагоршыцца. А вось выплата ўстаноўленага працэнта ад ужо атрыманай сумы пераносіцца значна лягчэй і істотнага ўплыву на агульны прыбытак не нясе.
Пра што яшчэ трэба ведаць?
Па-першае, перад пераходам на новы рэжым варта ўзброіцца калькулятарам і падлічыць сваю выгаду. Напрыклад, для тых, хто займаецца рамонтам адзення, з 1 лютага ўстаноўлены адзіны падатак у памеры 155 рублёў. Значыць, пры пераходзе на ППД такую ж суму давядзецца заплаціць, калі за месяц атрымаецца зарабіць (без уліку льготы ў 2000 рублёў) больш за 1550 рублёў.

Па-другое, не ўсе змогуць скарыстацца новай магчымасцю. На пачатку снежня 2022 года прынята Пастанова № 851 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у якой даецца пералік відаў дзейнасці, якім дазволена працаваць у новым рэжыме ППД. Аднак і тут ёсць акалічнасць: грамадзянін павінен весці самастойную справу, нікому не падпарадкоўвацца і не наймаць дадатковы персанал.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
