Пятница, 17 января 2025

Паклапаціцеся пра дровы загадзя! Усё пра набыццё цвёрдага паліва

455

Можа, які чытач і здзівіцца, маўляў, яшчэ не скончылася зіма, а «раёнка» нагадвае пра неабходнасць рыхтавацца да наступнай. Але, як паказаў ажыятаж на цвёрдае паліва, што ўзнік напрыканцы мінулага года, трэба менавіта зараз паклапаціцца пра гэта. Прычын, з-за якіх заказчыкам дроў ці брыкету давялося чакаць прывозу працяглы час, некалькі. Як расказвае дырэктар філіяла «Райпалівазбыт» Аляксандр Кукса, былі і пратэрмінаваныя пастаўкі з боку арганізацый, якія вырабляюць цвёрдае паліва. Аднак і з улікам гэтых затрымак можна было б не дапусціць утварэння чэргі, калі б заказы ад насельніцтва паступалі загадзя.

— У параўнанні з летам у самы разгар зімы мы атрымалі ў дзесяць разоў больш зваротаў, — тлумачыць Аляксандр Іванавіч. — За кожны летні месяц рабілі па 15 выездаў, хаця маглі б і па 60. А вось узімку штотыдзень рэгістравалі па 60 заявак, у выніку чаго з улікам тэхнічных магчымасцей і склалася чарга.

Чарговую пастаўку паліва рыхтуе вадзіцель пагрузчыка П.В.Сюзеў.

— Ці можа і ў бягучым годзе атрымацца такая сітуацыя?
— Не выключаю. Таму і раю пачынаць звяртацца ў нашу арганізацыю як мага раней, не адкладваючы зноў да таго моманту, калі слупок тэрмометра нагадае пра набліжэнне зімы.

— Якія нормы водпуску цвёрдага паліва насельніцтва ўстаноўлены па фіксаваным рознічным кошце?
— Продаж насельніцтву цвёрдага паліва па зацверджаных цэнах ажыццяўляецца па ўстаноўленых на каляндарны год нормах — тры тоны торфабрыкету або 4,9 шчыльных кубаметраў дроў, а па змешанай заяўцы — 2,4 тоны торфабрыкету і 1,5 кубаметры дроў.

— Хто мае права на набыццё цвёрдага паліва на такіх умовах?
— Згодна з «Палажэннем аб парадку забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва і пакрыцця розніцы ў коштах на цвёрдыя віды паліва, якія рэалізуюцца насельніцтву па фіксаваным рознічным кошце», такое права маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і зарэгістраваны па месцы жыхарства ў аднакватэрным жылым доме або блакаванай кватэры, карыстаюцца пячным (вадзяным, паравым) ацяпленнем пры адсутнасці падключэння да сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння ад цеплаэлектрацэнтраляў, групавых (квартальных) і раённых кацельняў.

— Як запісацца ў чаргу на атрыманне паліва?
— Улік ажыццяўляецца філіялам «Пружанскі райпалівазбыт». Заказы (заяўкі) на набыццё цвёрдых відаў паліва рэгіструюцца пры звароце спажыўцоў непасрэдна ў нашу арганізацыю асабіста або праз давераную асобу з належным чынам аформленай даверанасцю альбо па тэлефоне. Гэтак жа можна звярнуцца ў сельвыканкам па месцы жыхарства.

— На працягу якога тэрміну выконваюцца заяўкі?
— Звароты спажыўца на набыццё дроў і торфабрыкету выконваюцца на працягу 30 працоўных дзён, а спажыўцоў, якія маюць права на льготу, — на працягу 15 працоўных дзён. Такі тэрмін пачынае адлік менавіта з таго моманту, калі надыходзіць яго чарга, якая была ўстаноўлена палівазабяспечваючай арганізацыяй. Таксама дадам, што да льготных катэгорый адносяцца інваліды І і ІІ груп, якім даецца і 50-працэнтная скідка.

Дастаўка паліва ажыццяўляецца толькі па адрасе рэгістрацыі заяўніка.

— Якія дакументы неабходны для атрымання паліва?
Для горада і гарадскіх пасёлкаў: дакумент, які засведчвае асобу, на падставе якога выпісваецца паліўная кніжка, і даведка аб займаемым у дадзеным населеным пункце жылым памяшканні і складзе сям’і.

Для сельскіх населеных пунктаў: спісы сельвыканкамаў з указаннем адрасу, прозвішча, імя і імя па бацьку спажыўца, дакумент, які засведчвае асобу і паліўная кніжка.

Для асоб, якія маюць ільготу заява ў пісьмовай форме, дакумент, які пацвярджае права на льготу, даведка аб займаемым ў дадзеным населеным пункце жылым памяшканні і складзе сям’і.

— А калі домаўладальнік жадае набыць паліва звыш нормы?
— Такая магчымасць таксама існуе, але дровы і торфабрыкет будуць адпускацца пры наяўнасці заяўкі па свабодных цэнах. І пры гэтым усё роўна захоўваецца чарговасць. Таму зноў жа нагадваю пра неабходнасць загадзя звяртацца ў райпалівазбыт.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча