Вторник, 18 февраля 2025

Пайшлі ў сельскую гаспадарку па прыкладзе бацькі. Браты Талакнянікі паспяхова шчыруюць на жніве-2024 у «Агра-Калядзічах»

406

Чаго часцей за ўсё жадаюць сваім дзецям бацькі? У першую чаргу, канечне, моцнага здароўя. Каб стварылі сям’ю, парадавалі ўнукамі, былі проста людзьмі, за якіх не давялося б чырванець перад навакольнымі. А яшчэ зусім нядрэнна, каб сын ці дачка абралі працоўны шлях бацькі ці маці, так сказаць, стварылі сямейную дынастыю. У гэтым плане прыкладам можа служыць сям’я Талакнянікаў з в. Дабучын.

Шмат гадоў працуе механізатарам у ААТ «Агра-Калядзічы» галава сямейства Аляксандр Аркадзьевіч, які зарэкамендаваў сябе шчырым працаўніком, сумленным чалавекам. А для сыноў Уладзіміра і Вячаслава стаў прыкладам таго, як трэба любіць родную зямлю, быць яе сынамі, аддаваць родным палеткам душу і сэрца. Таму хлопцы, не раздумваючы, адразу пасля школы засталіся ў сельгаставарыстве.

Старэйшы Уладзімір яшчэ падчас вучобы ў Хараўской СШ атрымаў спецыяльнасць «трактарыст-машыніст». Таму цяпер не па расказах ведае, што ёсць такое нарыхтоўка кармоў, вываз арганікі, ворыва і іншыя сельскагаспадарчыя работы. Адпрацаваўшы ў гаспадарцы год, Уладзімір упершыню ўзабраўся на камбайн і стаў верным памочнікам бацькі на жніве, пазнаў усю важнасць уборачнай кампаніі, адчуў адказнасць за кожнае зярнятка, якое сімвалізуе спакой і мір на нашай зямлі. А цяпер вось, калі набраўся вопыту, на працягу шасці гадоў сам кіруе камбайнам, з кабіны назірае за неабсяжнымі палеткамі збажыны.

А што малодшы Вячаслаў? Вось ужо два гады хлопец працуе ў ААТ «Агра-Калядзічы» прыбіральшчыкам вытворчых памяшканняў у механізаванай майстэрні ў аг. Калядзічы. Работу сваю Вячаслаў заўсёды выконвае сумленна, бо разумее: не месца ўпрыгожвае чалавека, а …

А разам браты ўжо другі год падчас жніва — маладзёжны экіпаж. І тут усё па-чэснаму: старэйшы, больш вопытны, сядзіць за баранкай, а малодшы сочыць, каб ніводнае зерне не ўпала на зямлю. На сваім камбайне «GS 12A1-PRO» выдаюць у сярэднім за дзень 60-70 тон, калі надвор’е спрыяе, то і больш. Сёлета напорыстасць і засяроджанасць на ўборцы Уладзіміра і Вячаслава далі вынік. Маладзёжны экіпаж стаў першым тысячнікам у раёне. Былі і шчырыя, цёплыя віншаванні, і падарункі.

Малайцы, не здавайце тэмпаў! І верым, што гэта ваша перамога не апошняя, а толькі старт да новых вяршынь не толькі на ўзроўні вобласці, але і рэспублікі. Калі ёсць запал у вачах (а ён быў бачны падчас сустрэчы) — значыць усё атрымаецца. У такіх бравых хлопцаў інакш і быць не можа!

Не заўсёды за морам цябе чакае шчасце. Перш чым пакідаць роднае гняздо, азірніся вакол сябе і падумай: а можа, тут, у бацькоўскім краі, і ёсць тваё шчасце? Вячаслаў і Уладзімір свой выбар зрабілі, правільны.

Вадзім Раўнейка.

Фота Руслана Басака