Ветэрынар Алена Астудзіна, якую больш звыкла пружанцы называюць проста Міраславаўна, у дадатковым прадстаўленні не мае патрэбы. Спадзяёмся, што аўтарытэт гэтага спецыяліста прымусіць вас не толькі прачытаць наступны артыкул, але і прыслухацца да парад. Мы паспрабавалі з розных бакоў закрануць сумную тэму – бадзяжных жывёл. Чаму варта з ёю азнаёміцца і гаспадарам катоў і сабак? Найперш, таму, што непасрэдна ад іх залежыць колькасць тых, хто вымушаны выжываць на вуліцы.
Пра стэрылізацыю і кастрацыю
Досыць распаўсюджаная памылка, што першая працэдура тычыцца асобін жаночага полу, а другая – мужчынскага. На самай справе, гэта дзве розныя працэдуры, якія робяцца жывёлам абодвух палоў. Пры стэрылізацыі жывёле не выдаляюць палавыя залозы: перавязваюць насенныя пратокі або матачныя трубы. Пры кастрацыі выдаляюцца палавыя залозы: як следства гэтай аперацыі, адбываецца спыненне рэпрадуктыўнай функцыі і выпрацоўкі палавых гармонаў. Асабіста я не раю пагалоўную стэрылізацыю ці кастрацыю. Кожнаму гаспадару я звычайна падрабязна тлумачу сэнс працэдуры і магчымыя рызыкі ў індывідуальным выпадку.
Паколькі мы сёння гутарым на тэму бадзяжных жывёл, спынюся на выпадках, што датычацца праблемы.
1) Я за кастрацыю бадзяжных сук, катоў і кошак. Так мы можам рэгуляваць іх колькасць і не змушаць кацянят і шчанят на пакуты ад голаду, холаду і іншай небяспекі на вуліцы.
2) Я за кастрацыю свойскіх катоў і кошак (яны не такія залежныя ад гарманальнага фону, як сабакі, таму працэдура не шкодзіць іх здароўю), у выпадку, калі гаспадары не займаюцца прафесійна развядзеннем.
3) Я за кастрацыю свойскіх сук, калі існуе верагоднасць бескантрольнага размнажэння.
Адкуль бяруцца бадзяжныя жывёлы? Нядбайныя гаспадары не сочаць за сваімі гадаванцамі, дазваляюць ім бескантрольна размнажацца, а пасля проста выкідваюць кацянят і шчанюкоў у лес, пад фермы і пад дамы неабыякавых людзей.
Пра валанцёраў
Я і сама ўладкоўваю такіх небарак у добрыя рукі, а таксама і здаровых дарослых жывёл, якія проста надакучылі гаспадарам – іх прыносяць на ўсыпленне. Ёсць у мяне і невялікая каманда памочнікаў-аднадумцаў: разам мы падкормліваем падкідышаў, забяспечваем ператрымку, лечым, а часам і кастрыруем, каб новы гаспадар не меў лішніх клопатаў. Ёсць у нас і невялікая суполка ў вайберы “Маленькія сябры чалавека”, але такая наша дапамога не вырашае праблему. Куды больш дзейснай з’яўляецца работа прытулку, напрыклад, як у суседніх Івацэвічах.
Пра магчымасць адкрыцця прытулку ў Пружанах
Я доўга і многа думаю на гэтую тэму і прыйшла да высновы, што без вялікай колькасці адказных валанцёраў за справу не трэба і брацца. У Івацэвічах прытулак працуе на базе ЖКГ, у Кобрыне прытулак прыватны, але і ў тых, і ў тых нічога не атрымалася б без каманды валанцёраў. Догляд жывёлы (і хутчэй за ўсё хворай) – адказная, складаная, не заўсёды прыемная і пры гэтым пастаянная работа. Са свайго боку, я магу ўзяцца за аказанне ветэрынарных паслуг, пазнаёміць з валанцёрамі з Івацэвіч, каб пераняць іх вопыт, але больш я не змагу зрабіць фізічна.
Многа гавораць і пішуць, што прытулак неабходны, але як даходзіць да справы, то большае, на што здольны людзі, якія ўздымаюць тэму, пералічыць некалькі рублёў у месяц. Так, гэта таксама дапамога, але…
Для нармальнага функцыянавання такой установы, акрамя ветэрынара, патрэбны бухгалтар, юрыст і мноства “рабочых” рук. Калі вы гатовы ўзяць на сябе адну з гэтых функцый – давайце абмяркоўваць.
Думкі па тэме
—Калі жывёла, якая трапіла да валанцёраў, здаровая, маладая і прыгожая, то шанцы на шчаслівае жыццё ў яе неблагія.
—Мне часта тэлефануюць, калі на вуліцы з’яўляецца пародзісты сабака, з просьбай дапамагчы знайсці гаспадароў, бо я сапраўды памятаю амаль усіх сваіх кліентаў. Мая тэлефонная кніга выглядае прыкладна так: «Кот-пералом», «Шпіц-роды», «Мопс-корм».
—Аднойчы мы шукалі сабаку нават з дапамогай дрона і цеплавізара. Знайшлі.
—Неяк давялося ратаваць ката, які выпіў цэлую бутэлечку валяр’янкі. Так у тэлефоннай кнізе з’явіўся яшчэ адзін запіс: «Кот-алкаш».
—Калі вы хочаце дапамагчы жывёле, якая згубілася, то злавіце яе і вазьміце на ператрымку. Запісы, што яна недзе бегае, ніякім чынам не дапамагаюць у пошуку. Праз пяць мінут яна можа быць ўжо вельмі далёка ад названага месца.
—У рабоце з жывёламі неабходны цвярозыя адносіны да жыцця: не павінна быць рамантычных ілюзій. І пры ўсёй любові да братоў нашых меншых на першым месцы павінен быць чалавек.
P.S. У нашай суполцы ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” мы размясцілі апытанне https://vk.com/publicbudniby?w=wall-23306785_13145 наконт гатоўнасці дапамагаць прытулку. Можаце паўдзельнічаць у ім і вы, а таксама ў каментарыях запрашаем пакінуць сваю прапанову ці заўвагу. Пакуль, як і адзначыла вышэй Алена Міраславаўна, большасць удзельнікаў апытання гатова падтрымліваць прытулак невялікімі грашовымі сродкамі. Тым не менш, 9 чалавек выказалі жаданне стаць валанцёрамі на пастаяннай аснове!
На здымках: гэтым — і не толькі — маленькім шчанятам вельмі неабходны добры гаспадар і цёплы дом, дадатковая інфармацыя па нумары: +375295324669.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота з архіваў Алены Астудзінай.