З нагоды хуткага святкавання 105-гадовага юбілею пагранічнай службы Беларусі з Мінска ад памятнага знака «Вартавым граніцы ўсіх пакаленняў» стартавала пагранічная Эстафета, якая павінна была прайсці па ўсёй працягласці дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Днямі яна зрабіла прамежкавы прыпынак у Пружанскім раёне, дзе размешчаны дзве пагранічныя заставы.
Такая маштабная акцыя, прымеркаваная да значных падзей гісторыі нашай дзяржавы, і ў прыватнасці айчыннай пагранслужбы, праводзіцца ўжо ў сёмы раз. Удзельнікі мерапрыемства наведваюць шэраг буйных гарадоў краіны, а таксама пагранзаставы і байцоў, якія дзяжураць на ахове суверэнітэту нашай рэспублікі.
18 мая Эстафета пабывала на Пружаншчыне, дзе на пагранічнай заставе «Хвойнік» прайшла перадача асаблівага Знака Эстафеты ад гродзенскіх калег брэсцкім пагранічнікам. Пасля ўрачыстага мітынгу прайшоў урок мужнасці з асабовым саставам заставы.
Потым удзельнікі Эстафеты пабывалі на пагранзаставе «Перароў» імя Р.І. Кафанава. Там таксама прайшоў урачысты мітынг з удзелам ветэранаў службы, былі ўскладзены кветкі да помніка героя, які загінуў у барацьбе з захопнікамі. Закончылася мерапрыемства канцэртам аркестра Брэсцкай пагранічнай групы. Наступным прыпынкам Эстафеты стаў Камянецкі раён.
Усяго ж да Дня пагранічніка, які адзначаецца 28 мая, удзельнікі акцыі мяркуюць праехаць больш за 5 тысяч кіламетраў па Беларусі і фінішаваць у святочны дзень на ўрачыстым мерапрыемстве, якое будзе праводзіцца ў Мінску на плошчы Перамогі.
Сяргей Дзмітрыеў, афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагрангрупы