Як і гаварылася на абласным семінары-пасяджэнні, які, напомнім, прайшоў у мінулы панядзелак на базе ААТ «Жураўлінае», гаспадаркі нашага раёна актыўна прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас і зялёны корм. Для гэтага сельгаскультуру патрэбна ўбраць на 19090 га. Па стане на 04.09.2023 года сельгаставарыствы справіліся з дадзенай задачай на 16,4 %, ураджайнасць пакуль складае 257 ц/га. Нарыхтавалі на бягучы панядзелак 80309 тон. Хоць надвор’е і нармалізуецца, спякота спадае, але зніжаць тэмпаў ніхто не збіраецца.

Настроены сур’ёзна на ўборку кукурузы і ў ААТ «Агра-Калядзічы». Плошчы, адведзеныя пад царыцу палёў на корм, складаюць у гаспадарцы 1480 га. На гэтай рабоце задзейнічаны два кормаўборачныя камбайны «Ягуар», якія за дзень убіраюць да 40 га. Пры гэтым выхад кармоў складае ад кожнага прыблізна 1000 тон.

Проста дзіву даешся, калі бачыш перад сабой палетак з 4-метровай сельгаскультурай. Падчас уборкі каля вёскі Вашчынічы ад кормаўборачнага камбайна быў бачны толькі верх кабіны.

Як расказаў галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік, у гаспадарцы выкарыстоўвалі для сяўбы кукурузы розныя гібрыдныя сарты як айчыннай, так і замежнай селекцыі, якія добра паказваюць сябе ў нашых кліматычных умовах, вытрымліваюць працяглыя засухі і даюць добры ўраджай.

Напрыклад, сёлета ў сельгаставарыстве самая высокая ўраджайнасць па раёне на панядзелак бягучага тыдня — 435 ц/га (дарэчы, на ўзгаданым палетку яна дасягнула 610 ц/га). Вельмі добрая падмога для кармавой базы гаспадаркі.

Да пачатку ўборкі ў ААТ «Агра-Калядзічы» належным чынам падрыхтавалі траншэі, бо захоўванне кармоў — справа важная ў плане наступнай аддачы ў жывёлагадоўлі, узяць хаця б надоі малака.

Зладжана і хутка кукурузная маса дастаўляецца ў траншэі, дзе разраўноўваецца і трамбуецца, потым шчыльна ўкрываецца плёнкай. Закладваецца ў адну траншэю каля 2000 тон кармоў, гэты працэс у сярэднім займае 2-2,5 дні.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Глядзець больш фота: https://vk.com/album-23306785_296091813