Суббота, 12 октября 2024

Паглядзелі, як на «Пружанскім ільнозаводзе» рыхтуюць тэхніку да веснавых работ і каму перадаюць назапашаны вопыт

500

Калі чалавек адчувае на працы ўвагу да сябе, бачыць шчыры клопат, ведае, што не пакінуць у бядзе, тады і сам будзе старацца працаваць з запалам, душой хварэць за даручаную справу. А гэта ж прамая выгода для прадпрыемства: няма цякучасці кадраў, у фінансавым плане ўсе задаволены і, канечне, прэстыж. Не без гэтага. Ты ганарышся, што тут працуеш, табе прыемна быць часцінкай зладжанага і дружнага калектыву, займацца любімай справай.

Ці ёсць у нашым раёне такія прадпрыемствы, дзе многія хацелі б працаваць? Зразумела! Узяць хаця б ААТ «Пружанскі льнозавод». Стабільнае таварыства, работнікі яго не баяцца за заўтрашні дзень, усе задаволены ўмовамі працы. А яны, гэтыя ўмовы, паляпшаюцца не на паперы, а на самай справе, усё для людзей — тады можаш чакаць звыш стапрацэнтнай аддачы.

Іван Кудлач і Уладзімір Кароткі не проста ўмеюць усё, гэтаму ж яны навучаць і Дзмітрыя Жабруна.

Цяпер на льнозаводзе стараюцца падрыхтаваць тэхніку да веснавых работ: хто рамантуе, хто наладжвае, а нехта дае другое жыццё агрэгатам. А каб было ўтульна працаваць і рукі не прымярзалі да жалеза, паклапацілася адміністрацыя прадпрыемства. У майстэрні правялі рэканструкцыю, якая ўключала ў сябе ўсталяванне цёплай падлогі, шклопакетаў, дадалі больш электрычнасці. Прыгажосць! Таму і пра валёнкі мужчыны нават і не ўспамінаюць. Усе засяроджаны толькі на рабоце.

Усім задаволены і нашыя даўнія знаёмыя — механік кантрольна-прапускнога пункта Іван Кудлач і электрагазазваршчык Уладзімір Кароткі, пра ўмельства якіх мы ўжо пісалі ў «раёнцы». Мужчыны і зімой не сядзяць склаўшы рукі. Узяліся адрамантаваць стары прычэп для перавозкі льну, ад якога засталася толькі рама. І вось работа амаль завершана: цяпер даўжыня агрэгата складае 10 метраў, а шырыня — 3. Усё зроблена на сумленне, на дзесяцігоддзі.

Уладзімір Кароткі за работай і ўзімку, і летам.

А каб вопыт не прапаў дарма, яго трэба абавязкова перадаць. На дадзены момант вучнем у рукастых умельцаў з’яўляецца Дзмітрый Жабрун, які не так даўно прыйшоў на прадпрыемства. Хлопец у свой час скончыў Бярозаўскі дзяржаўны каледж будаўнікоў па спецыяльнасці «Электрык-газазваршчык». На льнозаводзе працуе вадзіцелем, а калі дазваляе час, асабліва зімовы, стараецца быць карысным у якасці зваршчыка. І як сцвярджаюць настаўнікі, Дзмітрый стараецца засвоіць усе тонкасці зварачнай работы, не лянуецца. А гэта самае галоўнае, значыць, будзе толк. Ці мае нараканні на сваё месца працы Дзмітрый? Ды ніякіх, атмасфера ў калектыве здаровая, толькі вучыся на прыкладзе іншых, старайся паказаць сябе з лепшага боку. І тады з цягам часу заслужыш павагу і шанаванне.

Вось і атрымліваецца: калі ёсць узаемасувязь паміж кіраўніцтвам прадпрыемства і яго работнікамі, тады ад гэтага выйграюць усе. Пра гэта добра ведаюць на Пружанскім ільнозаводзе, таму і працуецца усім добра.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік