У раёне поўнасцю закончана ўборка азімага ячменю, зерне якога шырока выкарыстоўваецца для харчовых, тэхнічных і кармавых мэт, у тым ліку ў піваварнай вытворчасці. Ураджайнасць культуры ў апошнія гады не падводзіць. Сёлета па раёне яна склала 51,1 ц/га.
Між іншым, і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас паездак па рэгіёнах неаднойчы звяртаў увагу кіраўнікоў гаспадарак на вырошчванне азімага ячменю і рэкамендаваў павялічваць яго плошчы.

Не пакідаюць па-за ўвагай гаспадарнікі і ўборку нязерневай часткі ўраджаю. Размова, зразумела, ідзе пра салому. У ААТ «Пружанскае» работа ў гэтым накірунку наладжана на належным узроўні. У гаспадарцы задзейнічана тры прэспадборшчыкі (два — «ПРФ-180» і адзін — «ЛБ-8200»). Галоўны аграном таварыства Пётр Федасюк расказаў карэспандэнтам «раёнкі», што ўраджаем азімага ячменю задаволены, у «Пружанскім» ён аказаўся крыху вышэйшым за раённы паказчык — 54,5 ц/га. Што датычыцца саломы, то яе прасаванне на момант нашай паездкі ўжо блізілася да завяршэння. За дзень удаецца спрасаваць салому на плошчы ў 40 га, гэта 50-60 тон.
Словы галоўнага агранома пацвярджае і механізатар Іван Чарвяк, які на энерганасычаным трактары «МТЗ-3022» з прэсам «ЛБ-8200» быў задзейнічаны на гэтай рабоце каля вёскі Гарадняны.
Асноўная частка саломы звозіцца ў сцірты і ў далейшым пасля здрабнення будзе выкарыстоўвацца як дабаўка ў рацыён буйной рагатай жывёлы. Варта заўважыць, што салома ўтрымлівае высокую долю клятчаткі і лігніну і невялікая яе колькасць здольна забяспечыць належную фізічную структуру ў рацыёне жвачных.

Таксама частку саломы ў ААТ «Пружанскае» адвозяць на МТК «Гарадняны» для подсцілу кароў. Санітарны стан утрымання БРЖ таксама павінен быць не на апошнім месцы: гэта, у першую чаргу, надоі малака і яго якасць.
Што ж, жніво-2022 яшчэ толькі пачалося, наперадзе яго ўдзельнікаў чакае напружаная праца дзеля добрага ўраджаю. Але і з іншымі работамі таксама марудзіць нельга, нават з тым жа падборам саломы, каб у зімовы перыяд не бедаваць ад недахопу кармоў.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік