Понедельник, 9 декабря 2024

Пагадненне мэраў-Усход: Пружаны за чыстае паветра

858

На мінулым тыдні ў Мінску адбылася цырымонія падпісання дэкларацыі Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі. Гэтая ініцыятыва Еўрапейскага Саюза была запушчана ў 2008 годзе для таго, каб аб’яднаць мясцовыя, рэгіянальныя і нацыянальныя органы ўлады на шляху да скарачэння шкодных выкідаў СО2 у атмасферу і развіцця «зялёнай эканомікі». На сённяшні дзень ініцыятыва аб’ядноўвае вялікую колькасць гарадоў, прычым не толькі еўрапейскай часткі нашага кантынента, але і краін Азіі. На працягу існавання праекта далучыліся да яго і некаторыя беларускія гарады, колькасць якіх нядаўна павялічылася яшчэ на два дзясяткі. І сярод іх — Пружаны, інтарэсы якіх прадстаўляў па даручэнні старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзіча яго намеснік С.М.Гук.
— Сяргей Міхайлавіч, адразу ўзнікае пытанне наконт актуальнасці далучэння нашага горада да гэтай ініцыятывы.
— Сапраўды, наша краіна па спісе знаходзіцца далёка ад планетарных лідараў па шкодных выкідах у атмасферу, што відавочна па складзе ўдзельнікаў падпісання Кіётскага дагавору, сярод якіх адсутнічае Беларусь. Тое ж самае можна сказаць і пра наш райцэнтр, які па колькасці выкідаў вуглякіслага газу ў паветра ніякім чынам нельга параўноўваць з еўрапейскімі мегаполісамі. Але ж шкоднае ўздзеянне на атмасферу назіраецца і ў нас. Існуе нямала спосабаў для яго зніжэння, што і падштурхнула мясцовыя ўлады далучыцца да «Пагаднення мэраў-Усход». Такое рашэнне было прынята раённым Саветам дэпутатаў, і днямі наш горад з’явіўся ў тым спісе.
Калі канкрэтна разглядаць выгоды такога ўдзелу, то варта спачатку адзначыць галоўныя накірункі ініцыятывы. Некалькі гадоў таму на падставе таго, што ў асноўным шкоднае ўздзеянне звязана з энергетыкай, былі распрацаваны рэкамендацыі для ўдзельнікаў праекта, накіраваныя на ўкараненне энергазабяспечваючых стандартаў. Гэта відавочна на прыкладзе тых гарадоў Беларусі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Грузіі, Казахстана і г.д., што далучыліся да ініцыятывы раней. Што ж да Пружан, то можна адзначыць адразу некалькі магчымасцей.
Па-першае, неабходна прымаць намаганні па эканоміі паліўных рэсурсаў, спальванне якіх і з’яўляецца асноўнай крыніцай СО2. Для гэтага можна правесці цеплавую рэабілітацыю шматпавярховых дамоў, што палепшыць энергазберажэнне і адпаведна запатрабуе менш энергарэсурсаў. Тое ж самае тычыцца і цеплаправодаў, замена якіх на сучасныя аналагі істотна паменшыць страты цяпла. Зніжэнне аб’ёмаў спажывання прыроднага газу ў кацельнях у нас і зараз актыўна вядзецца з пераводам на мясцовыя віды паліва.
Па-другое, увагу трэба ўдзяліць і выкарыстанню электраэнергіі, асноўны аб’ём якой у нашай краіне вырабляецца шляхам спальвання тых жа паліўных рэсурсаў. У гэтым яскравы прыклад даюць Баранавічы, якія актыўна рэалізуюць распрацаваную праграму па замене старога вулічнага асвятлення на новыя светадыёдныя лініі: пры павелічэнні светлавога патоку значна знізілася спажыванне электраэнергіі. Можна заняцца і рэалізацыяй напрацовак улад грузінскага горада Батумі, дзе ўвесь грамадскі транспарт пераводзіцца на электраэнергію. Падобныя аўтобусы і тралейбусы пачалі выпускаць і ў нашай краіне, пры гэтым сучасным мадэлям увогуле непатрэбны правады, дастаткова размеркаваць па прыпынках зарадныя ўстройствы.
Па-трэцяе, зніжэнню шкодных выкідаў вуглекіслаты ў паветра паспрыяе і азеляненне пружанскіх вуліц і двароў. На маю думку, пачынаць тут трэба з гарадскога парку і сквера за будынкам райвыканкама, нямала работы па азеляненні варта правесці і ўздоўж праезных частак вуліц. Можна таксама ў гэты спіс дадаць рэалізацыю канцэпцый «Веласіці», стварэнне пешаходных зон, агратурызм і многае іншае, звязанае з аднаўленнем прыродных багаццяў нашага рэгіёна.
— Але ж на рэалізацыю ўсяго пералічанага патрэбны значныя капіталаўкладанні.
— Так, менавіта для фінансавай падтрымкі падобных праектаў і праграм і была распачата еўрапейская ініцыятыва. Прынцып выдзялення фінансавай дапамогі гарадам, якія пачалі развіваць «зялёную эканоміку», заключаецца ў тым, што выдзяленне грантаў і еўракрэдытаў будзе ажыццяўляцца толькі пад канкрэтныя распрацоўкі, у якіх неабходна адлюстраваць усе дзеянні, што трэба выканаць, і вынік, які чакаецца ад гэтай работы. Прычым грашовая падтрымка будзе датычыцца не ўсяго кошту праекта, а прыкладна яго 80-працэнтнай часткі: некаторыя выдаткі павінен несці і сам распрацоўшчык мерапрыемстваў. Але ж і гэта адкрывае для нас вельмі сур’ёзныя магчымасці, што пацвярджаюць канкрэтныя прыклады нашых суседзяў з Баранавіч, Брэста, Бярозы, іншых.
— Сяргей Міхайлавіч, і чаго цяпер варта чакаць пасля падпісання Пагаднення?
— У бліжэйшы час нам неабходна правесці маніторынг усіх вышэйназваных накірункаў з прыцягненнем адказных ведамстваў і арганізацый. На падставе атрыманых вынікаў за два гады мы павінны распрацаваць план дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці, у якім будзе адлюстраваны аналіз бягучага стану ў плане спажывання энергіі і шкодных выкідаў. І напрыканцы з гэтым дакументам Пружаны прымуць удзел у конкурсных выпрабаваннях на атрыманне фінансавання пад рэалізацыю задуманага. Увогуле ставіцца адзіная мэта: да канца 2030 года знізіць аб’ёмы выкідаў вуглекіслаты на 30%. Варта адзначыць, што прайграць у гэтых «іспытах» немагчыма, такім чынам размяркоўваецца чарговасць выдзялення грашовых сродкаў. Словам, новыя магчымасці для нашага райцэнтра — не далёкая будучыня, а цалкам рэальная перспектыва бліжэйшых гадоў.
Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *